Адкрываем Падляшша: Саколка

|

У гэтым мела магчымасць пераканацца невялікая група журналістаў з Гарадзеншчыны, якая наведала ваколіцы Беластока.

 

У складзе групы быў і карэспандэнт “Твайго стылю”, які занатоўваў свае ўражанні ад паездкі.

 

“Хачу рэалізваць свае мары”

 

Візіт распачынаецца з па-запланавай сустрэчы з бурмістрам Саколкі.

 

Эва Кулікоўска ўступіла на сваю пасаду зусім нядаўна, у снежні мінулага года.

 

Сама мясцовая, перад абраннем на пасаду працавала ў Беластоку ў дэпартаменце сельскай гаспадаркі.

 

Мае сваякоў на Гарадзеншчыне.

 

У сваёй перадвыбарчай праграме абяцала жыхарам Саколкі, што прыкладзе ўсе намаганні, каб палепшыць гаспадарчыя і культурніцкія сувязі з Гарадзеншчынай.

 

– Згода будуе, а нязгода руйнуе – кажа пані Эва і дадае, што марыць, калі мяжа перастане быць перашкодай для гаспадарчых і сямейных сувязяў. 

 

Нядаўна ўлады Саколкі напісалі ліст у беларускую амбасаду ў Польшчы з просьбай паспрыяць наладжванню партнёрскіх сувязяў з Гродна. Чакаюць адказу…

 

На стале ў бурмістра таблічка, якую яна, паводле ўласнага прызнання, перавезла сюды са сваёй папярэдняй працы ў Беластоку. 

 

Яе сэнс можна пераказаць наступным чынам: “Калі ў цябе няма ідэяў, як можна вырашыць праблему, з якой прыходзіш, то не распачынай размову”.

 

Пані Эва крыху саромеецца павышанай увагі журналістаў да таблічкі, але адзначае, што згодная цалкам з яе зместам: навошта трымаць супрацоўнікаў, якія не маюць уласных ідэяў і спадзяюцца толькі на тое, што ўсё вырашыць кіраўнік?

 

Гаспадарка ў Эвы Кулікоўскай няпростая. На тэрыторыі гміны Саколка жыве каля 22 тыс. чалавек. Сярэдні ўзрост людзей за 40 год. 

 

Многія маладыя людзі выехалі за мяжу. Рэшта працуе, у асноўным, у Беластоку і іншых блізкіх мясцовасцях.

 

Бюджэт гміны складае каля 76-78 міліёнаў злотых у год. Прыкладна палову забіраюць выдаткі на адукацыю.

 

Але застаюцца сродкі і на дарогі, культуры ды іншыя сферы. 

 

Бурмістр з гонарам распавядае пра фестываль шасці культур як “разынку” Саколкі, пра хуткі роварны рэйд па ваколіцах места, пра тое, як усё большую папулярнасць набывае рэгіянальная кухня, як рупліва працуюць мясцовыя грамадскія ініцыятывы.

 

“Універсітэт трэцяга ўзросту”: час для навучання і працы на карысць грамадства

 

Нашая наступная сустрэчы адбываецца ў сценах будынку, якія мясцовыя ўлады аддалі ў карыстанне грамадскім арганізацыям.

 

Нас прыймаюць актывісткі “Універсітэту трэцяга ўзросту” – грамадскай арганізацыі, якая займаецца актывізацыяй сталых людзей і выкарыстаннем іх патэнцыялу на карысць мясцовай супольнасці.

 

Арганізацыя пачынала ў 2008 г. з 50 чалавек і 6 кірункаў навучання. Сёння мае больш за 200 навучэнцаў, найстарэйшай з якіх 83 гады.

 

Гісторыя і літаратура, фота і кулінарыя, турызм і фларыстыка, кабарэ і кампутарная пісьменнасць – гэта няпоўны пералік таго, чаму навучаюцца мясцовыя сталыя людзі.

 

– Нядаўна захапіліся зумбай (танец) – кажа кіраўніца ўніверсітэту Эльжбета Шаркоўска. 

 

Каб прывабіць большую колькасць мужчын, у хуткім часе плануецца стварыць секцыі аматараў брыджу і рыбалкі.

 

Студэнты ўніверсітэту шмат вандруюць: неаднаразова былі ў Гродне, Лідзе, адведалі Мінск, былі ў Літве.

 

Зараз чакаюць гасцей да сябе: 9 траўня Саколка далучыцца да агульнапольскай акцыі заангажавання сталых людзей у заняткі “скандынаўскай хадзьбой” (Nordic Walking).

 

Ну а наш шлях ляжыць далей, у Крышыняны і Крынкі, дзе нас чакае знаёмства з татарскай і беларускай культурай Падляшша.

 

У наступнай частцы дзённіка вы даведаецеся:

 

– што такое “перакачэўнік” і чаму толькі ў Польшчы мусульманін можа быць Святым Мікалаем;

 

– што цяпер адбываецца ў доме славутага пісьменніка Сакрата Яновіча ў Крынках;

 

– чаму сава Ванда задзяўбла купленага ёй нямецкага кавалера і як са звычайнага лясніцтва зрабіць турыстычную атракцыю.