Сталыя гарадзенцы зладзілі “Гуканне вясны”

|

Зіма сёлета не была вельмі халоднай, але акурат на гэтыя выходныя вырашыла краху нагадаць пра сябе.

 

Тым не менш, не зважаючы на нечаканы холад, навучэнцы “Універсітэту Залатога Веку” не адмовіліся ад сваіх намераў паклікаць вясну,  бо зачакаліся яе прыходу.

 

“Жавароначкі, прыляціце, вясну-матухну прынясіце” – паляцела песня-вяснянка над соснамі і над водамі Нёмана.

 

Добра спяваецца пад гармонік на свежым марозным паветры!

 

І не бяда, што сапраўдныя жавароначкі яшчэ не прыляцелі – каб іх прыспешыць, навучэнцы секцыі “Беларускія вячоркі” пад кіраўніцтвам Веры Кунцэвіч заранёў зрабілі жавароначкаў з паперы.

 

Іх удзельнікі імпрэзы замацавалі на галінках дрэў, каб яны напомнілі вясне, што ўжо час птушкам вяртацца дахаты з выраю.

 

Каб мароз не сапсаваў свята, распачалі танчыць – падэспань, месяц, з-за рэчанькі – вучылі і засвойвалі проста адразу, пад кіраўніцтвам Антося Янкоўскага.

 

А пасля кружыліся ў карагодзе, ізноўку гукаючы вясну з чатырох бакоў свету.

 

Рэха толькі паспявала разносіць па ваколіцах гулкае “Го-о-о-о-о-о!”

 

Напрыканцы свята настаў час пачаставацца печанымі жавароначкамі-галёкамі з гарачаю гарбаткаю з тэрмасаў, і іншымі прысмакамі, якімі шчыра дзяліліся ўдзельнікі.

 

Пасля такога гукання вясна проста не можа не надыйсці, так што чакайма, спадарства!

 

Ужо хутка пацяплее, і заспяваюць жавароначкі не толькі ў душы, але і ў палях.

Фота аўтара