Выстава пераможцаў “Прэс-фота Беларусi 2015” адкрыецца ў Гродне

|

Пераможцаў у 8 намінацыях і ўладальніка гран-пры міжнароднае журы выбрала сярод 137 аўтараў, чые заяўкі былі дапушчаныя да ўдзелу ў конкурсе. Больш за 2000 прац прэтэндавалі на перамогу ў серыях і адзіночных здымках.

 

На выставе прадстаўлены фатаграфіі уладальнікаў гран-пры, I, II і III месцаў у намінацыях, а таксама здымкi, што атрымалі спецыяльныя адзнакi журы.

 


 

Сярод пераможцаў кожны год ёсць гарадзенцы. У гэтым годзе спецыяльную адзнаку ў намінацыі “Мастацтва і забавы” атрымалі Яўген Новак за серыю фота з рэпетыцый аматарскага эксперыментальнага тэатра-студыі “Боченок” і Аляксандр Саенка за фота дзіцячага царкоўнага хору на канцэрце ў праваслаўнай царкве, а ў намінацыі “Штодзённае жыццё” – Наталля Дораш за фота пары, што прымае ў Нёмане таемства Вадохрышча, каб потым узяць шлюб у царкве. Гарадзенец Сяргей Марозаў заняў у намінацыі “Штодзённае жыццё” 3 месца – ён прадставіў фота з вёскі Пятковічы, 35 кіламетраў ад Баранавіч. На ім бачная мясцовая жыхарка каля хлява на фоне 28-мятровай статуі зубра каля трасы М1.

 

Традыцыйныя беларускія абрадавыя святкавання, спартыўныя спаборніцтвы, сацыяльныя назіранні, палітычнае і эканамічнае жыццё, штодзённасць сталіцы і рэгіёнаў Беларусі, аўтарскія дакументальныя праекты – такім убачылі жыццё краіны беларускія фотажурналісты. Яркім звяном конкурсу ў гэтым годзе стала адкрытая намінацыя, адзіная, даступная для ўдзелу фатографаў з усіх краін свету. Тэмай года ў рамках намінацыі сталі падзеі ва Украіне. У ліку ўдзельнікаў і пераможцаў – фатографы з чатырох краін (Літва, Расія, Украіна і Беларусь).

 

У склад міжнароднага журы конкурсу ў гэтым годзе ўвайшлі медыя-спецыялісты і фотарэпарцёры з дзевяці краін: Daphne Angles (фотарэдактар ​​The New York Times in Paris, Францыя-ЗША), Арцём Чарноў (фатограф, фотарэдактар, праект Photopolygon.com, Расія ), Ramunas Danisevicius (фатограф, газета «Lietuvos rytas», Літва), Jillian Edelstein (фатограф, Вялікабрытанія-ПАР), Petr Josek (фатограф, выкладчык, Reuters, Чэхія), Вадзім Качан (фатограф, выкладчык, Беларусь), Аляксандр Ляпін (фатограф, журналіст, выкладчык, куратар, галоўны рэдактар ​​парталу foto.ua, Украіна), Jonas Staselis (прэзідэнт Клуба прэс-фатографаў Літвы, старшыня Саюза фотамастакоў Літвы, Літва), Stephan Vanfleteren ( фатограф, са-заснавальнік і арт-дырэктар выдавецтва Kannibaal / Hannibal Publishing, Бельгія).