“РАССТРАЛЯНАЯ ЛІТАРАТУРА” Ў ГРОДНА

|

Анталогія “Расстраляная літаратура” выйшла ў залатой серыі “Беларускага кнігазбору” і прымеркавана да 70-годдзя піка масавых рэпрэсій 1937—1938 гадоў у Беларусі. У зборнік увайшлі творы такіх вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, як Аляксандр Уласаў, Язэп Лёсік, Аляксандр Цвікевіч, Антон Луцкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Цішка Гартны, Вацлаў Ластоўскі і Макар Краўцоў, а таксама літаратараў, імёны якіх пакуль невядомыя. Усіх іх яднала тое, што яны любілі Беларусь. Такую, якую засталі ў момант нараджэння, і такую, якую хацелі пакінуць пасля сябе. Іх агульны трагічны лёс укладваецца ў паўторы адной і той жа стандартнай фармулёўкі: “быў арыштаваны органамі НКУС па сфабрыкаваным абвінавачванні ў… “шпіёнска-правакатарскай дзейнасці”… па справе “Саюза вызвалення Беларусі”… пасаджаны ў турму… высланы… расстраляны…”. Альбо жахлівая выснова – “далейшы лёс невядомы”. Аўтар прадмовы да “Расстралянай літаратуры” Анатоль Сідарэвіч так характарызуе герояў анталогіі: – Яны – і вернікі, і атэісты, і дзеячы БНР, і дзеячы БССР, і камуністы, і антыкамуністы. Усе яны — і беларусы, і вялікаросы, і габрэі — любілі Беларусь. У гэтым была галоўная іх віна перад бальшавіцкімі сатрапамі ў Беларусі. У прэзентацыі, якая ладзіцца ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма”, возьмуць удзел адзін з укладальнікаў кнігі, паэт Міхась Скобла і аўтар прадмовы Анатоль Сідарэвіч. Мерапрыемства распачнецца ў 18.30 у памяшканні Таварыства Беларускай Школы (вул.Будзёнага 48а -44).

Паводле прэсавай службы Гарадзенскага Руху За Свабоду