Сам-насам з Алахам: як жыве аўтаномная мусульманская абшчына ў Гродне

Не мы тэрарысты, а нас тэрарызуюць

 

Ад прыбудовы на вуліцы Карла Маркса да фарнага касцёла на Савецкай плошчы менш за 100 метраў. Толькі, у адрозненне ад каталіцкага храма, на гродзенскім “мячэце” няма ніякіх шыльдаў. “Знакі адрознення” на будынку – толькі хуліганскія графіці.

 

На пятнічны намаз а палове на другую гэтым разам прыходзіць 37 чалавек. Максімум, што можа змясціць умоўны мячэт – 40 чалавек. Таму на святы, калі мусульман збіраецца сотні паўтары, абшчына арандуе іншыя памяшканні.

 

Магчымасць мець свой мячэт у гродзенскіх мусульман некалькі разоў з’яўлялася. Аднак кожным разам чыноўнікі знаходзілі прычыну, каб адмовіць.

Рафаіль Разяпаў каля гродзенскага “мячэту” – памяшкання грамадскага аб’яднання татар

 

Акрамя мусульманскай, у Гродне дзейнічае яшчэ дзве актыўныя абшчыны, куды ўваходзяць мусульмане, – татарская і азербайджанская. Па іх агульнай просьбе ў 2000-х для будоўлі мячэту выдзелілі ўчастак у горадзе, але пачаць будоўлю так і не далі.

Мясцовыя мусульмане разыходзяцца пасля намазу

 

Калі ў 2007 годзе актывісты паспрабавалі атрымаць участак для мячэту чарговым разам, ім сталі чыніць перашкоды мясцовыя чыноўнікі. Тады 89 актывістаў з мусульманскай, татарскай і азербайджанскай абшчынаў падпісаліся пад просьбай выдзеліць участак, каб збудаваць мячэт. Ліст адаслалі ў Адміністрацыю прэзідэнта.

 

Прайшло ўжо сем гадоў, а адказ так і не атрыманы. Адзінае, што маюць у абшчыне, – копія адказу ад старшыні аддзелу па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкаму Ігара Папова. У ім сказана, што ў гродзенскай суполцы толькі 20 чалавек, таму будаваць мячэт у горадзе немэтазгодна.


“Ідзе падмена паняццяў, – кажа Рафаіль Разяпаў, старшыня мусульманскай абшчыны Гродна. – У нашай абшчыны 20 заснавальнікаў – гэта мінімальная колькасць людзей для рэгістрацыі суполкі. У лісце было 89 подпісаў, а гэта толькі актывісты (і ўсе яны грамадзяне Беларусі). Зразумела, што гэта нават не пазіцыя Папова – значыць, яму так загадалі адказаць”.


Іслам расклаў усё па паліцах

 

Сам Рафаіль родам з мардоўскіх татараў. Яго дзядуля быў мулой у Саранску, але бацькоў ужо выхоўвалі ў савецкім духу.

Ільяс Разяпаў быў першым з Беларусі, хто атрымаў адукацыю ў Ісламскім універсітэце ў Медыне


“Калі ў космас паляцелі людзі, нашы бабулі, якія чыталі Каран, але не ведалі яго перакладу, казалі нам, што гэтага не можа быць, інакш Гасподзь скінуў бы гэтых касманаўтаў  нябёсаў. Такія словы ставяць чалавека ў стан, калі ён не можа давяраць рэлігіі”.

 

Разяпаў трапіў у Гродна ў 1980 годзе – служыў тут у войску. Ажаніўся з мясцовай студэнткай і застаўся жыць. Тут, за паўтары тысячы кіламетраў ад дому, на мяжы Беларусі і Польшчы, ён вярнуўся да рэлігіі сваіх продкаў ўжо ў постсавецкі час.

Усё часцей у іслам пераходзяць і беларусы


“Я быў у стане нявызначанасці. Калі мне было 33–34 гады і я ўжо нечага дасягнуў у жыцці, самі сабой сталі ўзнікаць пытанні: у чым сэнс жыцця і прызначэнне чалавека, адкуль я ўзяўся, чаму існуюць тры аўраамічныя рэлігіі?”

 

Якраз у гэты час ён пазнаёміўся са старшынёй мусульманскай абшчыны Юсуфам Крыніцкім. Ад яго Рафаіль атрымаў кнігу “Намаз”, і, прачытаўшы прадмову, зразумеў, што іслам – тое, чаго ён шукае.


“У маёй галаве ўсё ўклалася па паліцах. Бо Каран не супярэчыць навуцы. Наадварот, навуковыя дадзеныя пацвярджаюць тыя знакі, якія ёсць у Каране”.


Жонка перайшла ў іслам

 

З канца 1994 году Рафаіль пачаў рабіць штодзённы пяціразовы намаз і пасціць у Рамадан. А праз чатыры гады і яго жонка прыняла іслам і пачала насіць хустку. Яна сама з мясцовых – яе маці з гарадзенскіх палякаў. Кавярня іхняй сям’і існавала яшчэ ў міжваенны час і месцілася праз дарогу ад месца, дзе сёння грамадскае аб’яднанне татараў.

Ільяс праводзіць урок

 

Гэта было ў 1998 годзе. Праз год Рафаіля абралі старшынёй мусульманскай абшчыны і імамам. У 2013 годзе імамам выбралі Ільяса Разяпава – сына Рафаіля. Ён быў першым чалавекам з Беларусі, хто адвучыўся ў Ісламскім універсітэце Медыны ў Саудаўскай Аравіі.


“Гэта было маё рашэнне, і бацькі мяне толькі падтрымалі”, — кажа Ільяс.

 

Цяпер кожны дзень Рафаіль і Ільяс занятыя ў “мячэце”, дзе выкладаюць арабскую мову і Каран. Акрамя гэтага, абодва займаюцца сем’ямі – Рафаіль з жонкай даглядае маці, якую пару гадоў таму перавёз з Саранску, а ў Ільяса з жонкай – двое малых. Усе яны жывуць у чатырохпакаёвай кватэры ў панэльным доме недалёка ад цэнтру горада.

Дома ў Рафаіля


“Мы жывем з ахвяраванняў (у нас гэта называецца “садака”), якія даюць нам мусульмане: як прыхаджане мячэту, так і тыя, хто не хоча афішаваць сваю сімпатыю да нас. Людзі ахвяруюць на мячэт, для тых, хто мае патрэбу. Нехта дае садаку і асабіста для мяне”.


“Калі б я быў атэістам, а не мусульманінам, праблемаў бы на працы не было”

 

Сярод агульнай масы прыхаджанаў вылучаюцца беларусы, якія самастойна прынялі іслам. Усе яны з каталіцкіх і праваслаўных сем’яў. А Салах (па пашпарце – Дзяніс) Нарэль наогул пяць гадоў прапрацаваў у Музеі гісторыі рэлігіі, дзе займаўся даследаваннем праваслаўя.

“На якімсьці этапе майго жыцця я стаў разважаць і зразумеў, што Бог сапраўды існуе. Тады я стаў шукаць ісціну”, – кажа Салах.

 

Ён перачытаў шмат кніг: ад Бібліі да пісанняў усходніх рэлігій, нават выданні розных сектаў, кшталту царквы Муна. Спрабаваў разабрацца, што ў гэтых рэлігіях ад Бога, а што ад людзей. На яго думку, толькі Каран адказваў на ўсе ягоныя пытанні.

 

Большасць сваякоў прынялі выбар Салаха. Нават мама, апантаная праваслаўная.


“Яна праз некаторы час зразумела, што іслам – гэта рэлігія, якая вучыць нас паважаць родных, паважаць сваякоў”.

На ўроку пасля намазу

 

А вось на працы ў Салаха праблемы праз рэлігію паўсталі. Спачатку кіраўніцтва ставілася да гэтага нейтральна. Аднак калі надышоў час пераафармлення кантракту, дырэктарка музею выклікала Салаха і намякнула, што мусульманіну не пасуе ўзначальваць даследаванне гісторыі праваслаўнай царквы. Калі б ён быў атэістам, гэта не замінала б працы ў музеі.


“Я паставіў пытанне – ці трэба мне там працаваць? Сышоў з музею, таму што для мяне рэлігія значна больш важная. Я не лічу патрэбным ісці на кампраміс і казаць тое, што супярэчыць маёй рэлігіі”.


Нас правяралі нават пасля тэракту 11 верасня

 

Хоць мусульманская абшчына ў Гродне непараўнальна меншая за іншыя, прыхаджане мячэту рэгулярна трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў. Да іх прыходзяць з праверкамі пасля гучных тэрактаў за мяжой. Напрыклад, узброены АМАП і прадстаўнікі КДБ прыйшлі на намаз пасля атакі на вежы-блізняты ў Нью-Ёрку 11 верасня 2001 году.

Каран перад намазам можна пачытаць і на тэлефоне


“Няўжо яны сапраўды думалі, што тэрарысты хутка прыляцелі ў Гродна, каб тут схавацца?”.Пасля тэракту ў падземным пераходзе на Пушкінскай плошчы ў Маскве ў 2000 годзе дадому да Рафаіля прыходзілі міліцыянты, нібыта для праверкі пашпартнага рэжыму. Нават пад вокнамі пільнавалі.

“А калі былі тэракты ў Мінску, нас не правяралі. Толькі пасля міжнародных”.

 

Асаблівая ўвага да гродзенскіх мусульман яшчэ і таму, што гэтая абшчына аўтаномная. З муфтыяту яны выйшлі ў 2005 годзе – пасля пазачарговага з’езду. Па словах Рафаіля, чыноўнікі самі вызначалі дэлегатаў з’езду і дыктавалі, каго выбіраць у муфтыят.


“Такі муфтыят патрэбен, каб кантраляваць мусульман. А што замінае ўладам кантраляваць нас наўпрост? Прыходзце хоць на кожнае казанне”.

Перад намазам

 

Рафаіль лічыць, што ўлады паводзяць сябе крывадушна – маюць адносна мусульман дваістыя стандарты. На словах прызнаюць роўнасць рэлігій, а на справе да мусульман, якія прытрымліваюцца сваёй рэлігіі, ужываюць метады запалохвання.


“Нам ужо што толькі не прыпісвалі – ужо замучылі мяне. То тэрарыстаў пад ложкам шукалі, то сына абвінавачвалі ў вярбоўцы нэафітаў і адпраўцы іх у краіны, дзе рыхтуюць тэрарыстаў. Наўрад ці яны нешта шукаюць. Ім патрэбная толькі нагода, каб тэрарызаваць мусульман. Па прыкладзе “старэйшага брата” робіцца ўсё гэта для застрашвання”.