Палеанталогія гарадзенскіх касцёлаў: пад нагамі гарадзенцаў – малюскі Палеазойскай эры

Архіўныя крыніцы і інвентары касцёла ўзгадваюць аб “шведскім камяні”, якім была пакрыта падлога ўнутры касцёла. “Шведскі камень”, “шведскі мармур”, “lapis sueticus”, “шведская падлога” або “вазоўская падлога” – назва папулярнага і вельмі дарагога каменя, які быў распаўсюджаны на нашых землях у XVI – XVIII ст. Патрапіў ён са Скандынаўскага паўвострава, менавіта – са Швецыі, адсюль і такая назва. Гэтым каменем  аздабляліся капліцы, касцёлы, надмагільныя пліты. Характэрнай рысай каменя, які мае асадкавае паходжанне і адносіцца да ардавікскага перыяда, з’яўляецца адсутнасць устойлівага колеру: каменныя пліты маюць шэры і чырвоны колеры. Іншай важнай прыкметай пароды з’яўляецца прысутнасць палеазаалагічных акамянеласцяў, галоўным чынам галаваногіх малюскаў Ortoceras i Endoceras. Гэтыя вымершыя марскія жывёлы мелі конусападобную выцягнутую ракавіну, даўжыня якой дасягала 4 м (!), але ў асноўным не перавышала 30 см. Пры небяспецы малюскі маглі хаваць у ёй галаву і шчупальцы.

У шведскіх каменяломнях пароду калолі на квадратныя кавалкі ад 20 см да 55 см (у залежнасці ад заказу) і паліравалі пры дапамозе цяглавай сілы. Затым гатовы матэрыял транспартаваўся ў порт Гданьска, адкуль развозіўся па ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў Гародню. У наш горад камень прыплыў па Нёману на плытах. Галоўнымі заказчыкамі гэтага матэрыялу былі магнаты і каталіцкія ордэны, асабліва цыстэрыяне, бернардыны і езуіты. Сапраўды, у Гародні са “шведскага каменю” выкладзена падлога ў па-езуіцкім і па-бернардынскім касцёлах, магчыма, ім былі аздоблены і іншыя храмы, якія не захаваліся да гэтага часу. 

Ніжэй прадстаўлены фатаздымкі акамянеласцяў, якія былі зроблены ў Фарным касцёле:

 

Крыніца: supron-licvin.livejournal.com