“Гэта наркотык”: У сусветны Дзень пацалункаў гарадзенцы распавядаюць, як часта цалуюцца

6 ліпеня, у сусветны Дзень пацалункаў,”Твой стыль” пагутарыў з гарадзенцамі і даведаўся, што значыць для іх пацалунак і як часта яны цалуюцца.


Маргарыта:

 
– Я лічу, што цалавацца трэба толькі тады, калі ёсць пачуцці да чалавека, таму я цалуюся вельмі рэдка. Калі цалуеш, перадаеш сваю энергію чалавеку, і тыя эмоцыі, якія да яго адчуваеш.

Слава:
 

  – Пацалункі бываюць рознымі, напрыклад, той жа пацалунак мамы, пацалунак дзяўчыны ці жонкі. Напэўна, для мяне пацалунак – гэта хутчэй за ўсё давер, бо я чалавек трохі старых паняццяў і не фанат “лабзанiй вуснамі” з усімі дзяўчынамі. Можна, напэўна, яшчэ сказаць, што гэта тактыльная праява сваіх пачуццяў, без слоў, а проста дзеяннем. Цалуюся амаль кожны дзень, наяўнасць дзяўчыны абавязвае.

Юлія:

– Пацалунак – гэта выказванне сваіх пачуццяў, эмоцый, стаўлення да чалавека. Ну а таксама гэта хімічны працэс, які не з кожным адбываецца. Цалуюся толькі з каханым чалавекам, рэгулярна.

Максім:
 

– Для мяне пацалунак – гэта нешта добрае і прыемнае. Без пацалункай з каханай нявестай ўжо не магу ўявіць сваё жыццё. Кожны раз, калі бачу каханага чалавечка, так і хочацца яго ўзяць і расцалаваць. Напэўна, гэта наркотык.

Улад:
 

– Я амаль не цалуюся, толькі, калі п’яны. А наогул, пацалунак павінен быць толькі з той, якую кахаеш па-сапраўднаму і шчыра. Напрыклад, як у мяне зараз: пазнаёміўся з добрай, прыгожай і разумнай дзяўчынай. Схадзілі на спатканне адзін раз, другі, далей яна кажа, што не можа: стамілася, пойдзе куды-небудзь з кампаніяй і гэтак далей. Цяпер яна сказала, што хварэе і ў яе тэмпература. Але ўчора бачыў яе з сяброўкай, як гулялі разам. Крыўдна, не ведаю, як мне быць, але яна зачапіла. Цалавацца хочацца.

 

Гражына:
 

– Для мяне пацалунак – гэта праява кахання, цяпла i клопату. Падчас пацалунку ты адчуваеш сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі, у цябе пачынаюць раскрывацца крылы, а далей “птушкай” ты падымаешся ўсё вышэй і вышэй. Цалавацца заўсёды прыемна пры любым надвор’і: калі горача і нават у дождж, стоячы пад парасонам з каханым чалавекам. Што можа быць выдатней! Сама я вельмі люблю цалавацца, але ў сувязі з абставінамі атрымліваецца рэдка, але вельмі шмат. І пакуль ёсць пацалункі, у сэрцы жыве каханне.

 

Уладзімір:

 

Для мяне пацалунак – гэта перш за ўсё жарсці. Хоць і не толькі. Цалавацца люблю, але цалуюся рэдка, бо каханай дзяўчыны цяпер у мяне няма. А цалавацца са звычайным чалавекам – гэта не тыя адчуванні, якія патрэбны. Па меншай меры, ты ад іх асабліва нічога не адчуваеш. А наогул, пацалункі вельмі карысныя для здароўя. Таму хачу параіць маладым людзям (і не толькі) – цалуйцеся часцей.

 

Ірына:

 

– Кажуць, падчас пацалунку закаханыя становяцца адзіным цэлым. І таму я перакананая, што цалавацца трэба толькі са сваімі палавінкамі. Не трэба губляць часу, цалуйце сваіх каханых.

Глядзіце таксама, як зусім нядаўна вядомы гарадзенскі (замежны) студэнт Юсуп Агаджанаў зняў відэа-пранк на тэму пацалункаў у Гродне: