Дзівакі і фрыкі Гродна: Імператар Кітая з вуліцы Савецкіх памежнікаў

Выглядаў гэты дзядок вельмі прыстойна, заўсёды быў чыста апрануты, з сівой барадой. Ёсць звесткі, што раней ён быў вайсковым інжынерам і рамантаваў самалёты, але нешта здарылася ў жыцці і, па аповядах старэйшых людзей, наш герой ужыў на працы тэхнічны спірт. Уратаваць жыццё чалавеку дактарам атрымалася, але пасля дадзенага выпадку мужчына пачаў лічыць сябе Імператарам Кітая.

 

Яго можна было найчасцей убачыць каля сучаснага клуба “Пушкін”, пад крамай “Кастрычніцкі”, час ад часу на Савецкай плошчы, альбо каля фантана пад кінатэатрам “Кастрычнік”. Часта дадзены персанаж з’яўляўся на міні-рынку па вуліцы Паповіча, недалёка ад таго самага кітатэатра.

 

На рынку часта здараліся выпадкі, калі Імператар патрабаваў у гандляроў “падаткі” ў выглядзе прадуктаў харчу, хаця, як расказваюць людзі, якія памятаюць Імператара, той атрымліваў пенсію ваеннага і ў дадатак пенсію па інваліднасці.

 

Знаёмыя гандляры з паповічскага міні-рынку распавядалі, што вельмі часта патрабаванні своеасаблівага “натуральнага аброку” скончваліся канфліктамі або нават патасоўкамі паміж Імператарам і прадпрымальнікамі. Добра запомнілася гісторыя, калі на патрабаванне Імператара гандляр кавунамі каўказскай знешнасці палічыў за асабістую абразу і справакаваў фізічную сутычку, за што атрымаў ад дзеда-Імператара кіём па гарбу. Дарэчы, дзядок ніколі не расставаўся са сваім кіем, пры чым прылада ніколі не выкарыстоўвалася для дапамогі ў перасоўванні па гораду, а толькі як “баявая палка”.

 

Прадстаўляўся наш герой заўсёды пры знаёмстве з мінакамі вельмі шляхетна – Імператар Кітая, майстар баявых мастацтваў (альбо “баявой палкі”) граф Макараў. Цікава, што пасля таго, як у “Кастрычніку” паказалі “Піратаў Карыбскага мора”, да ўсіх астатніх тытулаў дадаліся яшчэ і “капітан першага рангу і граф Чорнай шхуны”.

 

Дзед вельмі любіў прычапіцца да дзяўчат альбом жанчын, называў усіх “Імператрыцамі” і вельмі ветліва паводзіў сябе з супрацьлеглым полам. Часта пытаўся ці ёсць у спадарыні вышэйшая адукацыя і заўсёды хваліўся, што сам мае два дыпломы. Трэба сказаць, што чалавек сапраўды быў вельмі начытаны і добра валодаў гісторыяй таго ж Кітаю і ўвогуле Азіі. А вось маладым хлопцам прапаноўваў стаць генераламі.

 

Бывалі дні, калі стары з дапамогай ровару паказваў “рыцарскія турніры” – ездзіў на ровары і збіваў пустыя бутэлькі “дзідай” у выглядзе кійка. Частымі былі сутычкі з мясцовай гапатой, асабліва калі маладзёны кідалі смецце міма сметніцы, тады ім прыходзілася мець справу з Імператарам, які спачатку абкладваў іх трохпавярховым матам, а затым у справу ішоў кіёк. Хаця, бывалі выпадкі, калі і сам Імператар атрымліваў па шапцы.

 

Час ад часу сваімі апанентамі ён лічыў звычайныя дрэвы і біў іх кійком з крыкамі каб “японскі самурай здаваўся”. Самай жорсткай сутычкай, па аповедах гарадзенцаў, была бойка Імператара з участковым, якога ён палічыў французкім каланізатарам. Міліцыянта стары пабіў сваім знакамітым кійком, пасля чаго схаваўся ўкватэры. Калі прыехаў нарад міліцыі, ён адмовіўся выходзіць з хаты, прыйшлося гвалтам ускрываць дзверы, каб даставіць дзеда на разбіральніцтва. Але той быў інвалідам і з аддзялення міліцыі адразу быў перададзены ў рукі дактароў. Праз два тыдні Імператара адпусцілі.

 

Два маладыя хлопцы, якія нібыта жылі з ім у адным доме, распавядалі шмат цікавых фактаў пра гэтага дзівака. Сцвярджалі, што дзед сядзеў на балконе і займаўся медытацыяй, спяваў песьні па-кітайску, спрабаваў галіцца сякерай, але моцна парэзаўся і адмовіўся ад гэтай ідэі, купляў на рынку розныя дробязі, падобныя да кітайскіх традыцыйных рэчаў, каб упрыгожыць інтэр’ер, паляваў на бабулек-суседак, якія пастаянна з ім сварыліся за кітайскія песьні пасярод ночы.

 

Ёсць гарадская легенда, якую пацвердзілі вышэйзгаданыя юнакі, што мужчына час ад часу праводзіў абрады ачышчэння арганізму з дапамогай вялікай колькасці віна, што аднойчны і скончылася для яго фатальным зыходам.

 

Імператара няма ўжо некалькі год, але калі запытацца пра яго на паповіцкім рынку, то некаторыя з гандляроў па сённяшні дзень яго добра памятаюць.

 

Пішыце ў каментарах цікавыя гісторыі з удзелам Імператара.

 

Дзівакі і фрыкі Гродна: Эва з Паповіча

Дзівакі і фрыкі Гродна: Калян і Марыся