“Крамбамбуля” прэзентуе ў Вільні апошні альбом і самараспускаецца (як атрымаць бясплатную візу на канцэрт)

|

Канцэрт, які ахопіць новы матэрыял і найлепшыя песні гурту, адбудзецца ў новай канцэртнай зале Compensa, разлічанай на 4000 гледачоў. Беларусы могуць атрымаць бясплатныя візы.

 

“Альбом “Чырвоны Штраль — гэта фантасмагорыя, у якой змяшаліся мінулае, сучаснасць і будучыня Беларусі, адлюстраваныя з уласцівымі “Крамбамбулі” гумарам і іроніяй. Гэта апошні альбом гурту, пасля чаго мы пойдзем у лясы партызаніць. Іншых варыянтаў існавання ў сучасных умовах мы не бачым”, — кажа Лявон Вольскі.

 

“Чырвоны Штраль” названы ў гонар культавага віленскага кафэ пачатку XX стагоддзя, дзе збіралася інтэлігенцыя, у тым ліку беларуская. Сярод гасцей ўстановы былі Янка Купала і браты Луцкевічы.

 

Ёсць звесткі, што ў 1916 годземенавіта там адбылася знакавая сустрэча Луцкевічаў з прадстаўнікамі польскіх і літоўскіх колаў, пасля якой браты і вырашылі імкнуцца не да ўзнаўленні Рэчы Паспалітай або Вялікага княства Літоўскага, а да незалежнай Беларусі, абвешчанай пры іх удзеле ў 1918-м пад сцягам БНР.

 

Гурт “Крамбамбуля” быў заснаваны ў 2002 годзе як праект застольных песень. Вядомасць яму прынеслі хіты “Абсэнт”, “Госці”, “Турысты”. Гэтыя песні спявала ўся краіна. Але ў 2004 годзе разам з шэрагам іншых артыстаў “Крамбамбуля”трапіла пад першую хвалю неафіцыйных забаронаў (да канца 2007-га), у 2011 годзе – пад другую.

 

На гэты момант на рахунку групы пяць альбомаў, апошні з якіх – “Драбадзі-драбада”, з пераспяванымі на беларускай мове традыцыйнымі песнямі краін Еўропы – выйшаў у снежні 2011 года.

 

Уладальнікі галоўнага прыза на ўзнагародах “Рок-каранацыя 2002”. Удзельнікі фестываляў у Беларусі, Украіне, Польшчы, Германіі. У розны час у запісах і канцэртах прымалі ўдзел Сяргей Міхалок, Аляксандр Кулінковіч, Гюнеш Абасава.

 

Бясплатная віза (без консульскага збору) з тэрмінам з 6 па 8 лістапада ўключна выдаецца на падставе набытых у Беларусі квіткоў на мерапрыемства. Парадак разгляду візавых хадайніцтваў спрошчаны, таму даведкі з месца працы/вучобы, пацверджання плацежаздольнасці не патрабуюцца.

 

Падача дакументаў на візу ў амбасадзе Літвы ў Беларусі (Мінск) і Генеральным консульстве Літвы (Гродна) ужо адкрыта. Падача ажыццяўляецца толькі па папярэдняй рэгістрацыі на спецыяльным сайце.

 

Дакументы на візу могуць таксама быць прадстаўлены ў візавы цэнтр Літвы па месцы жыхарства (Мінск, Гомель, Гродна, Брэст) з аплатай сэрвіснага збору (18-20 еўра).

Апошні дзень падачы дакументаў – 30 кастрычніка.

 

Рэгістрацыя і памятка аб бясплатнай візе на канцэрт “Крамбамбулі”

 

Адрас пляцоўкі: Вільня, вул. Kernaves, 84 (праз дарогу ад гандлёвага цэнтра Ozas).

Пачатак мерапрыемства: 20.00, уваход з 19.00.

 

Кошт квіткоў: танцпол – 520 000 рублёў, з месцамі – ад 720000 да 920 000 рублёў.

 

Продаж у Беларусі – у касах і на сайце Kvitki.by, а таксама ў паб-клубе “Графіці” (Мінск, зав. Калініна 16).

 

Інфалінія ў Беларусі: 638-4444 (з любога аператара).

 

Па інфармацыі AFISHA.TUT.BY