Як жыць, падарожнічаць і не збанкрутаваць. Гарадзенка расказала пра сакрэты бюджэтных паездак

Яўгенія наведала Германію, Чэхію, Францыю, Данію, Швецыю, Егіпет, Бельгію, Літву, Украіну, Польшу і Расію. Апошняя яе паездка была ў жніўні ў Літву на адукацыйную праграму.

 

Як падарожнічаць

 

Самы дарагі спосаб падарожнічаць – звярнуцца ў турфірму. Ёсць туры на розны тэрмін: выходныя, тыдзень, месяц. Гэта дорага, але зручна: турфірма бярэ на сябе ўсе пытанні: ад пошуку гатэля да атрымання візы.

 

Маладыя, актыўныя і абмежаваныя ў сродках могуць узяць удзел у міжнародных валанцёрскіх праектах. Яны таксама маюць розныя тэрміны: ад тыдня да года (!). У такіх праектах звычайна пакрываюць ад 80% расходаў, а часам нават даюць кішэнныя грошы. Самая вядомая праграма такога тыпу – Еўрапейская валанцёрская служба.

 

У Гродне можна пацікавіцца гэтым, напрыклад, у арганізацыі “Цэнтр “Трэці сектар”, якая займаецца ў тым ліку міжнароднымі валанцёрскімі праграмамі. Сама Жэня валанцёрыла паўгода ва Вроцлаве.

 

Таксама дзяўчына параіла праглядаць розныя праграмы для маладых спецыялістаў, якія дазваляюць паехаць за мяжу і працаваць. Вакансіі рэгулярна з’яўляюцца на сайце adukacyja.info. Калі вы студэнт, дык 100% ёсць універсітэты ў іншых краінах, якія супрацоўнічаюць з вашым. Можна папрасіцца на студэнцкі абмен на семестр.

 

Як падарожнічаць і зарабляць грошы

 

Ці можна падарожнічаць і не толькі не траціць грошы, а яшчэ і зарабляць іх? Можна. Жэня чатыры месяцы працавала аніматарам у Егіпце. Арганізацыя аплочвае квіток у адзін бок, жыллё і плаціць зарплату 300-350 долараў. Затым яшчэ тры месяцы працавала ў хостэсе за 400 долараў у месяц. Мінус відавочны: вы будзеце не толькі адпачываць. Плюсы: можна вывучыць краіну і зразумець прынцыпы, на якіх будуецца яе эканоміка.

 

Раней Яўгенія звальнялася з працы, каб падарожнічаць. Цяпер дзяўчына знайшла магчымасць працаваць аддалена. Яна займаецца стварэннем кантэнта на некалькіх расійскіх сайтах. Увогуле, інтэрнэт дае шмат магчымасцей для аддаленай працы. Праўда, часам узнікаюць праблемы з атрыманнем электронных грошай.

 

Таксама можна скарыстацца “сэрвісам па дастаўцы”. Гэта значыць, ты даеш абвестку, што можаш перавезці пэўную пасылку пэўнай вагі ў пэўны горад ці краіну. Канешне, трэба ўважліва правяраць, што ты перавозіш.

 

Як зрабіць візу

 

Калі ўдзельнічаць у адукацыйным, валанцёрскім або культурным праекце за мяжой, арганізацыі возьмуць на сябе візавыя пытанні. Да таго ж, ёсць шэраг краін, для якіх беларусам не патрэбна віза. Або дзе віза робіцца адразу ж у аэрапорце за пэўную суму.

 

Як танна даехаць

 

Танна або бясплатна рухацца можна, карыстаючыся аўтаспынам, лоўкостамі і чартарнымі рэйсамі. Ёсць суполкі ў сацсетках, дзе аўтамабілісты шукаюць спадарожнікаў. Чартары – рэйсы ад турагенцтваў. Лоўкосты – авіякампаніі, якія прапануюць пералёты па нізкіх коштах, на самалётах з нязручнымі крэсламі, нязручным аэрапортам або толькі з ручной паклажай. Ёсць нават сайт lowcoster.by, дзе лёгка можна знайсці пункты адпраўлення і прыбыцця.

 

Аўтобусная кампанія PolskiBus арганізоўвае танныя паездкі па Польшчы і ў шэраг еўрапейскіх краін. Сярод іх Чэхія, Літва, Аўстрыя і Германія. Зараз палякі стварылі фірму-дачку ў Прыбалтыцы, там таксама абяцаюць танныя білеты. Ёсць і чыста прыбалтыйскі Simple Express, на якім можна нядорага даехаць, напрыклад, да Берліна. Яшчэ адна хітрасць – разрыўны білет на цягнікі. Напрыклад, маршрут Гродна-Санкт-Пецярбург каштуе каля 910 тысяч плацкарт. А калі набываць квіток спачатку да Віцебска (95 тысяч плацкарт), а ўжо з Віцебска да Піцера (каля 500 тысяч), зэканоміць можна каля ці не палову кошту.

 

Дзе танна жыць

 

Таннае пражыванне забяспечваюць хостэлы і каўчсёрфінг. Каучсёрфінг – метад пражывання, калі турыста цалкам бясплатна прыймае мясцовы жыхар у сваёй кватэры. Акрамя бясплатнага начлегу ёсць і іншыя плюсы: мясцовыя могуць бясплатна пакарміць і паказаць шмат цікавостак, якіх няма ў турыстычных гідах. На couchsurfing.com можна знайсці кватэру, таксама ва Укантакце хапае паблікаў па канктрэных гарадах і краінах.

 

Дзе танна паесці

 

У Егіпце, дзе жыла Жэня, на ежу ёсць тры негалосныя цэннікі: для турыстаў, для замежнікаў, якія працуюць тут, і для мясцовых. Жэня раіць хаваць стужку, якую павязваюць на руку ў гатэлі. У ідэале трэба хадзіць у кафэ са знаёмымі мясцовымі. Пажадана адыходзіць ад цэнтра, дзе кафэ разлічаныя на турыстаў. Каб не вытрачаць грошы на ваду ў бутэльках, Жэня раіць браць з сабой ваду і тэрмас з гарбатай.

 

Да паездак Жэня рыхтуецца грунтоўна: чытае інфармацыю пра краіну, шукае нетурыстычныя месцы, глядзіць спісы свят і мерапрыемстваў, якія павінны адбыцца. І папярэдне стварае план, куды б яна хацела схадзіць. Пры гэтым будзе карыснай мапа горада. У турыстычных цэнтрах іх можна ўзяць бясплатна.

 

Здаецца, што абыйсціся без ведання базавай англійскай будзе цяжка. Але, дзякуючы развіццю тэхналогій, можна вырашыць і гэтую праблему.

 

– Аднойчы ў Дрэздэне мы спыніліся ў хлопца з Пакістану. Ён ведаў некалькі моў: англійскую, нямецкую, хіндзі, урду і іншыя. Мы камунікавалі праз перакладчык і паказвалі адзін аднаму маніторы. Хлопец потым прыязджаў да нас у госці ў Польшчу. Так што міміка, жэсты і гугл-перакладчык вам у дапамогу!

 

На развітанне пытаю, што такое падарожжа для Яўгеніі.

 

– Падарожжа – гэта наркотык, які змяняе чалавека знутры. Гэта залежнасць, якая пульсуе ўнутры. Падарожжа – гэта невылечна.

 

Лайфхакі ад Жэні

 

1. Бярыце больш цёплага адзення. Нават калі прагназуюць цёплае надвор’е.

2. Бярыце экскурсіі без гіда. Яны нашмат таннейшыя. Потым знайдзіце экскурсійную групу з патрэбнай мовай і “прыклейцеся”.

3. Шукайце ў замежных краінах знаёмых і знаёмых знаёмых. Яны змогуць дапамагчы.

4. Майце грошы “на ўсякі выпадак”. Калі не спадабаецца ваша праца ці месца жыхарства, заўсёды можна з’ехаць.

5. Вазьміце з сабой нешта, што нагадвае пра дом – кубак, тэрмас, шалік.