Яблыкі з мёдам і гранат: як гарадзенскія габрэі святкуюць Новы Год

|

Час, калі Усявышні вяршыць суд

 

Згодна з габрэйскiм календаром, 13 верасня, са з’яўленнем першай зоркі, наступае новы год. Сёлета – ужо 5776-ы. Адлік пачынаецца са стварэння свету. Дзень 14 верасня называецца Рош ха-Шана – першы дзень габрэйскага новага года.

 

Лічыцца, што ў гэты дзень прадвызначаецца лёс і падзеі ўсяго наступнага года. Габрэi кажуць, што гэта час, калі Усявышні чыніць суд над людзьмі.

 

У сінагогах абавязкова некалькі разоў трубяць у шофар (полы барановы рог), такім чынам заклікаючы да пераасэнсавання сваіх учынкаў, пакаяння, дабрыні намераў. Гэты зварот не толькі да слыху, але і да сэрца кожнага. Само слова шофар паходзіць ад слоў “выпраўленне, паляпшэнне”.

 

Раніца пачынаецца з чатырохгадзіннай малітвы:

align=”” width=”725″ height=”544″ >

Традыцыйна святкаванне звязана з віншаваннямі родных, пажаданнямі дабра, малітвамі аб дабрабыце, падарункамі, багатымі сямейнымі застоллямі. У гэтыя дні прынята насіць белыя адзеннi, якія сімвалізуюць сапраўдную душэўную чысціню.

 

Горкае і салёнае з меню выключаюць

 

Увечары ў сiнагозе, перад святочным сталом, гарадзенскі рабін Іцхак Кофман, некалькі хвілін пратрубіў у шофар, прачытаў невялікую малітву і ўсіх запрасіў да вялікага стала.

На свята прыйшло каля 80 чалавек з  600, якія ўваходзяць у гарадзенскую габрэйскую абшчыну.

Як правіла, горкае і салёнае з меню ў гэты дзень выключаецца. Рош ха-Шана мае старажытныя кулінарныя традыцыі, адлюстраваныя ў рэцэптах габрэйскай кухні. У залежнасці ад мясцовасці пражывання, набор страў на габрэйскі Новы год можа трохі адрознівацца, але абавязкова падаецца рыба, як знак урадлівасці, абавязкова – галава рыбы або барана, якую павінен з’есці глава сям’і, каб быць на чале, а не ў хвасце.

 

Таксама падаецца салодкая хала з разынкамі, розная гародніна і садавіна, абавязкова яблыкі і мёд – прынята ў пачатку святкавання Рошха-Шана з’есці кавалачак яблыка, памачыўшы яго ў мёд, каб год быў салодкім і шчаслівым. Таксама прынята ёсці на габрэйскі Новы год гранат – габрэі лічаць, што ў ім столькі ж зярняткаў, колькі запаведзяў ў Торы.

 

Сярод запрошаных гасцей быў і вядомы бізнесмен Гарадзеншчыны – Уладзімір Захавiцкi. Менавіта яго сям’я з’яўляецца галоўным спонсарам рэканструкцыі сінагогі.

 

– Хоць я і чалавек савецкай загартоўкі, але да такога свята стаўлюся сур’ёзна. Я – габрэй, і Новы Год для мяне з’яўляецца адным з галоўных святаў. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, мы працягваем спансіраваць рэканструкцыю гарадзенскай сінагогі. Спадзяюся, да наступнага года, мы завершым усе працы.