Як і навошта ў Гродне ствараюць клуб заўзятараў футбольнага “Нёмана”

|

Загад “спусцілі зверху”, але ідэя была даўно

 

Яшчэ перад стартам гэтага футбольнага сезону прайшла інфармацыя, што ў новым сезоне ў кожнай каманды Вышэйшай лігі абавязкова павінны быць афіцыйныя клубы заўзятараў. На той момант адзіны афіцыйны фан-клуб быў толькі ў барысаўскага БАТЭ. Заўзятары, якія рэгулярна ездзілі па Еўропе за сваёй камандай, мелі шэраг бонусаў у атрыманні візы і квіткоў. Але якія бонусы атрымаюць заўзятары з Гродна, калі іх клуб толькі раз у 10 гадоў гуляе ў Еўракубках?

 

Як пішуць спартовыя выданні, ідэя стварыць аб’яднанні прыйшла ў галовы работнікаў МУС і Міністэрства спорту, “каб спрыяць арганізаванаму заўзенню за свае каманды”.

 

Гарадзенскія фанаты адзначаюць, што зарэгістраваная арганізацыя дапаможа ім вырашыць тыя ці іншыя пытанні:


– Пабачым, можа некалькі карысных спраў зрабіць здолеем. Але можа і застацца арганізацыяй “для галачкі”. Так, загад спусцілі з федэрацыі, але ідэя ў клуба была даўно. Магчыма, гэта быў апошні штуршок. Тым больш, клуб актыўна дапамог пры стварэнні, – адзначыў Алесь, адзін з арганізатараў клуба заўзятараў.

 

Жоўта-зялёная армія павялічыцца?

 

Фанат з 10 гадовым стажам Іван адзначае, што арганізацыя дапаможа прыцягнуць больш людзей да фанацкага руху:


– Стаўлюся да клуба заўзятараў станоўча, калі гэта сапраўдныя заўзятары або фанаты. Са з’яўленнем клуба многія пытанні можна будзе вырашыць хутчэй і якасней. У плане перфомансаў, піратэхнікі, праходаў і гэтак далей. Проста зараз можна будзе выступаць як выразная арганізацыя, а не зборка людзей. Магчыма, гэта дадасць людзей у шэрагах жоўта-зялёнай арміі.

 

Валянцін, фанат яшчэ з 90-ых:


– Нічога дрэннага пакуль у гэтым не бачу. Можа і выйдзе штосьці талковае. Але, калі шчыра, я ў гэтым сумняюся. Народ у нас не той. Хоць плюсы могуць быць, напрыклад, у арганізацыі якога-небудзь свята або маршу. Абяцаюць, што будзе афіцыйна усё. У цэлым, пакуль негатыву няма.

 

У хакеі быў няўдалы вопыт

 

У Еўропе такія афіцыйныя клубы існуюць здаўна. У іх шмат прывілеяў і бонусаў. Як у нас гэта запрацуе – пабачым. Яшчэ ў пачатку 2000-х стваралі нешта падобнае ў фан-клубе па хакеі. Усё ішло ад БПСМ, цяперашняга БРСМ. Тады выдавалі ламінаваныя карткі і віртуальныя бонусы членам клуба. Але арганізацыя праіснавала ўсяго пару месяцаў. Планаў было шмат, але, як кажуць заўзятары, ім атрымалася тады “прабіць” толькі два выезды “на халяву”.

 

Зараз у новым клубе ўжо каля 10 чалавек, палова з іх – работнікі “Нёмана”. Менавіта столькі чалавек трэба было для рэгістрацыі клуба. Больш падрабязна пра клуб заўзятараў можна прачытаць ТУТ.