Калі трэба адзначаць Дзень горада? Кажуць гарадзенскія гісторыкі

Андрэй Чарнякевіч

– 19 верасня 1939-га года ў Гродна адбываліся адны з найбольш жорсткіх баёў, якія ўвайшлі ў гісторыю як падаўленне гарадзенскага паўстання. Гэта не вельмі нагадвае Дзень горада. Для мяне святам горада можа быць Дзень святога Губерта, які адзначаецца ў пачатку лістапада.

 

Ян Лялевіч

– Для мяне загадка, чаму Дзень горада 19 верасня. Трэба спытаць у калегаў. Калі я, гісторык, не ведаю, адкуль гэта дата, то яна высмактана з пальца. Увогуле, ёсць некалькі умоўных дзён горада. Напрыклад, 16 ліпеня – дзень, калі савецкія войскі перанялі ўладу ў вермахта. З ім гарадзенцы больш знаёмыя.

 

На мае меркаванне, Днём Гродна павінна быць суперзначная дата менавіта для нашага места. Гэтыя вызваленні ў 1943-45 гг., калі змянілася нямецкая ўлада на савецкую, характэрныя для усей Усходняй Еўропы. Называць Днямі горада даты гэтых вызваленняў проста не арыгінальна. У гарадзенцаў павінна быць нешта адметнае. Днем горада можа быць Дзень святога Губерта – 3-га лістапала.

 

Гэты дзень не такі цёплы, часам нават са снегам. Хто сказаў, што Дзень горада павінен быць летам? Дзень Літвы ў лютым, Дзень волі – 25 сакавіка. Але ж свядомыя грамадзяне Беларусі адзначаюць гэты дзень, які бывае снежным і халодным. Да таго ж, святы Губерт – адзін з заступнікаў горада і заступнік паляўнічых, а Гродна карміўся дзякуючы Гарадзенскай пушчы. Пушча давала жыллё, дрэвы, пажыву. Алень Губерта стаў нашым гербам, адноўленым у гады незалежнасці. Дзень успаміну Губерта непасрэдна пасуе для Дня горада.

 

 

Аляксандр Дзянісаў

– Гродна – горад шматнацыянальны, шматкультурны. Складана прывязваць дзень горада да нейкіх гістарычных фактаў, бо тут адбывалася шмат чаго. Таксама не хацелася б звязваць свята горада с сучаснасцю. Адной з нейтральных дат для святкавання можа быць дзень атрымання магдэбурскага права – 25 сакавіка.

 

Я нават не ведаю, што адбывалася 19 верасня. Калі б Дзень горада быў 17-га, можна было б тлумачыць гэта прыходам бальшавіцкай улады. Хоць гэта вызваленне мала каму прынесла добрага, але тады дату можна было б хоць неяк абгрунтаваць.

 

 

Вячаслаў Швед

– Паколькі ў нас горад святога Губерта, можна было сыходзіць з гэтага і рабіць свята горада ў лістападзе. Відаць, уладам лягчэй рабіць гэта, калі цёпла, не падае дождж.

 

Праязджаў я па горадзе і бачыў вывеску “887 Гродна”. Гэта здзек з горада. Я ўжо не раз казаў уладам, што горад наш паходзіць з 1127. Увогуле, ёсць звесткі, што ў 1116 год гарадзенскі князь узяў шлюб. Калі быў князь, дык і Гродна было! Але я рыхтую новае выданне “Кронана”, дзе мы ўбачым новую дату на аснове адной з крыніц – яшчэ на дзясятак гадоў раней. Думаю, кніга выйдзе ў наступным годзе. Маю на гэта не так шмат часу, бо страціўшы працу, займаюся тым, каб зарабіць на жыццё. У майго сааўтара Алеся Госцева дрэнны зрок і здароўе падводзіць. Ён дадасць сваіх матэрыялаў, але асноўную працу раблю я. Трэба зрабіць пераклад, знайсці ілюстрацыі –  з гэтым абяцалі дапамагчы маладыя гісторыкі.

 

Таццяна Касатая

– Для мяне дзень горада – гэта адназначна Дзень святога Губерта. Звычайна напрыканцы кастрынічка ці ў пачатку лістапада мерапрыемствы і імпрэзы ладзяць Гарадзенская бібліятэка і іншыя ініцыятывы. Гэта гістарычна звязана з Гроднам. Да таго ж, гэта тое свята, якое можна абыграць вельмі цікава – правесці шэсці, звязаныя з жыццём Губерта, з паляваннем. У міжваенны час у Гродна ў гэты перыяд ладзілі своеасаблівыя конкурсы – паляванні і скачкі. Можна іх узяць як узор і правесці шэраг мерапрыемстваў. Таксама наш герб– алень святога Губерта.

 

Дзень вызвалення Гродна ад акупацыі (16 ліпеня) – таксама значная дата, але яна мае толькі 70-гадовую гісторыю, а горад Губерта мы маем з XVI ст.

 

Алесь Госцеў

– У “Кронане” ёсць згадка пра першы Дзень горада, які адзначылі ў 1987-м годзе. Потым былі Дні майстра. Дата 19 верасня не абгрунтавана нічым. Самы зручны Дзень горада – гэта Дзень Губерта, алень якога змешчаны на нашым гербе. І ў міжваенны перыяд гэта было Днём горада. Потым улады сказалі, што вельмі цяжка сабраць людзей, бо гэта лістапад – фактычна, ужо зіма. Вырашылі, што верасень, бабіна лета, пасуе лепей. Я не супраць такога свята. Можна і ў іншыя дні, але ўлада вырашыла так.

 

Алесь Радзюк

– Дзень горада павінен святкавацца, як і дзень святога патрона, то бок у Дзень святога Губерта.

 

Іна Соркіна

– На мой погляд, Дзень горада ўжо адзначаецца некалькі гадоў па ініцыятыве грамадскасці горада – Дні св. Губерта ў пачатку лістапада. Аднойчы ўлады таксама правялі 3-га лістапада Дзень горада, прымеркаваўшы яго да гэтага дня. Усім вядомы наш гістарычны герб: алень св. Губерта – гэта сімвал нашага горада. Таму дата, якая найбольш падыходзіць – гэта Дзень св. Губерта.

 

Ігар Лапеха

– Ніхто не абгрунтоўвае гэтай даты – 19 верасня. Я б параіў святкаваць Дзень Губерта, але ў гэты час не надта добрае надвор’е. Таксама Днём горада можна зрабіць Дзень святога Казіміра (4 сакавіка) або Дзень вызвалення Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (16 ліпеня). Таксама спрэчная дата – 887 гадоў, бо па ўсіх звестках археолагаў горад старэйшы за гэтую дату. Затое ёсць нагода пагуляць у горадзе ў добрае надвор’е, праўда, калі яно будзе цёплым і добрым.

 

Фота з архіву “Твайго стылю” і тэлеканала Белсат