Рэальны ўдзел кожнага

|

Гэта ўжо другая ГЭС на рацэ Нёман, задуманая аб’яднаннем Гроднаэнерга. У мяне на памяці доўгія і безвыніковыя ў мінулым спробы паглядзець такі дакумент па Гродзенскай ГЭС. Даваць ну ніяк не хацелі, прыдумляючы розныя адмазкі тыпу «дакумент у сейфе начальніка, ключа няма, а начальнік у ад’ездзе…». Але зараз у сувязі з тым, што Беларусь ратыфікавала Канвенцыю Эспа, якая рэгламентуе працэдуру АЎНА ў трансмежным кантэксце (а Нёман менавіта такая рака), нашы службоўцы проста абавязаныя зрабіць гэты працэс празрыстым.

 

Дакумент гэты вялікі, больш за 200 старонак. Але кожны можа паглядзець столькі, колькі жадае. Сцісла праект уяўляе сабою наступнае:

 

Дзе будзе плаціна і што пайдзе пад ваду

 

Створ плаціны Немноўскай ГЭС (назоў адбываецца не ад ракі Нёман, а ад аднаго з блізкіх пасёлкаў Немнова) мяркуе быць побач з в. Плебанішкі, ніжэй в.Гожа. (У дакументах АЎНА можна паглядзець мапу-схему). Праектная магутнасць – аналагічная Гродзенская, якая зараз будуецца. Гэта значыць 18 Мгв, гарантаваная магутнасць – 7 Мгв. Вышыня плаціны 9-10 м. Вадасховішча руславага тыпу. Працягласць яго каля 24 км – ад Гожы да Гродна.

 

Будзе затоплена вадой каля 588,8 кв.км. З іх – 4,3 га раллі, каля 60 га лугоў, 106 га хмызнякоў, 148 га лясоў. У зоне затаплення апынуцца 62 лецішчы, 42 жылыя дамы і 20 гаспадарчых будынкаў. Але адсялення не будзе, таму што прадугледжана будаўніцтва трох дамб агульнай даўжынёй 3 км і трох дрэнажных станцый для абароны ад затаплення і падтаплення дамоў і дачных участкаў.

 

Пра рыбу

 

Далей у АЎНА падрабязна разглядаюцца ўсе віды раслін і жывёлін, якія апынуцца ў зоне ўплыву будучай ГЭС, і даецца адзнака магчымага ўздзеяння станцыі і плаціны на іх. Не бяруся судзіць аб усім, але што кранаецца іхтыялагічнай часткі, праца праведзена цалкам добрасумленна. І што здзівіла – упершыню дадзеная адзнака шкоды рыбным запасам. Пэўна ў рублях. Гэта – 1 710 037 000 рублёў (48 858,2 базавых велічынь).

 

Раён уплыву Немноўскай ГЭС насяляюць такія рэдкія ахоўныя віды рыб, як вусач, падуст, рыбец. Нераст іх адбываецца на галечных грунтах. Такі субстрат знікне з таго моманту, калі будзе пабудавана Немноўскае вадасховішча. А ці знойдуць рыбы іншыя месцы вышэй па плыні, гэта вялікае пытанне! Улічваючы, што ўсяго ў 10 км вышэй будзе ўзведзеная іншая плаціна – Гродзенскай ГЭС.


Пра расліны

 

У непасрэднай блізкасці – Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Гродзенская пушча». З аднаго боку (з паўднёвага захаду і захаду) яго мяжой з’яўляюцца дзяржмежы з Польшчай і Літвой. А з іншай – ён як раз падыходзіць непасрэдна да створу праектаванай Немноўскай ГЭС.

 

Але ўздоўж нёманскіх берагоў размешчаныя вельмі каштоўныя лясныя супольнасці, якія апынуцца пад вадой. Аснова іх – дрэвы-доўгажыхары: хвоі да 65 гадоў, ліпы, якім больш за 100 гадоў, дубы і інш. Яны ў сваю чаргу ствараюць умовы для рэдкіх і ахоўных відаў раслін.

 

Батанікі канстатуюць пагрозу згубы цэлых унікальных раслінных супольнасцяў ва ўзбярэжнай зоне Нёмана каля Гродна (стар. 31-34 АЎНА). Але яны не падлічылі шкоду, як зрабілі гэта іхтыёлагі.

 

Пра птушак

 

Вялікі падзел па арнітафаўне. Але, як вынікае са справаздачы арнітолагаў, птушкам альбо не будзе ад Немноўскай ГЭС ніякай шкоды, альбо стане жыць нават…лепш.

 

Вада будучага вадасховішча

 

У АЎНА вельмі падрабязна, пабудавана на свежых дадзеных, зроблены аналіз якасці вады Нёмана. У будучым вадасховішчы будуць акумулявацца сцёкі з Гродзенскіх гарадскіх вычышчальных і з вычышчальных Азоту, Хімвалокна і іншых прадпрыемстваў. Як будзе спраўляцца з іх давычышчэннем вадасховішча – вялікае пытанне. Вядома, што праектанты абяцаюць масу мерапрыемстваў па ўдасканаленні вычышчальных. Але хто будзе за гэта адказным?

 

Пра альтэрнатывы

 

Ёсць у АЎНА і раздзел пра альтэрнатыўныя магчымасці атрымання электраэнергіі. Але чамусьці разгледжаны толькі варыянт ЦЭЦ, як вельмі НЕэкалагічная крыніца энергіі, якая забруджвае паветра.

 

Удзел грамадскасці ў АЎНА

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Беларусь, як ужо было сказана, ратыфікавала Канвенцыю Эспа па трансмежных АЎНА. Адзнака па Немноўскай ГЭС так і праводзіцца. Гэта пілотны праект. Так што можна рэальна ў ім удзельнічаць і ўносіць свае заўвагі і прапановы. Ёсць вельмі падрабязнае кіраўніцтва. Мы з Ленай Лаеўскаў узялі яго на семінары. Ёсць яно ў Мінпрыроды. Можна, я думаю, звярнуцца непасрэдна ў офіс АБСЕ ў Мінску да Наталлі Белікавай.

 

Таксама можна ўдзельнічаць у АЎНА па АЭС. Пры тым, што Канвенцыя настойвае на ўдзеле грамадскасці на самых ранніх стадыях распрацоўкі, гэта можа быць рэальным укладам нашага экаруху і па будаўніцтве Астравецкай АЭС. Прапаноўваю гэта абмеркаваць.