Удзельнікі Grodno Fashion Show: “У нас шмат таленавітых дызайнераў, але гледачоў на паказы ходзіць мала”

Дэфіле праходзіла ў зале “Радыёхвалі”. Як адзначалі дасведчаныя гледачы, у гэтым годзе візуальнае афармленне было значна лепш, чым у мінулым –  вялікія экраны дапамаглі зрабіць шоў больш яркім і нават статусным.

 

Фотарэпартаж: на Grodno Fashion Show паказалі вышыкардзіган і маленькую чарапашку-ніндзя

 

Што тычыцца калекцый, то тут было прадстаўлена жаночае, мужчынскае і дзіцячае адзенне ад дызайнераў з Мінска, Пінска, Брэста і Гомеля. Прадстаўлены былі і прадпрыемствы. Але прамысловых калекцый было ўсяго пяць, хаця планаваўся ўдзел 12-ці.

 

Гарадзенскі дызайнер прывёз з Пінска “Купалле”

 

Аб тым, што тут праходзяць модныя паказы, можна было здагадацца, убачыўшы вялікую колькасць высокіх стыльных людзей каля ўваходу – паміж працай мадэлі, што прымалі ўдзел у мерапрыемстве, натоўпамі бадзяліся па вуліцы і ў фае.

 

Тым часам на сцэне паказвалі вопратка ад маладых і ўжо дастаткова вядомых беларускіх дызайнераў.

Асаблівую ўвагу ў гледачоў вызвала калекцыя “Купалле”. Тканіна са стылізаванымі беларускімі ўзорамі выраблена ў чырвоных колерах. З яе пашыты кардыганы, мужчынскія штаны ды жаночыя  сукенкі.

 

“Вельмі стыльныя вобразы. Я б сама насіла вунь тую доўгую сукенку”, – заўважыла мая сяброўка. Сапраўды, калекцыя пакінула толькі станоўчае ўражанне – сучасныя вобразы з модным у гэтым сезоне беларускім арнаментам. Сукенкі шыюцца на пінскай фабрыцы “Палессе”, а дызайнерам выступіў Антон Ярошчык.

 

Яшчэ адну, ужо не прамысловую, а ўласную калекцыю Антона таксама паказалі на гарадзенскім модным шоў. Яго “Вецер перамен” нават заняў першае месца ў намінацыі “Неа – Профі” ў Кіеве ў конкурсе моднай вопраткі “Аўтограф”, які кожны год праходзіць у рамках міжнароднага фестывалю моды Kyiv Fashion. Зусім нядаўна, 11 верасня сталі вядомы вынікі сёлетняга конкурса. Журы адзначыла гэтую калекцыю як камерцыйна перспектыўную. Яна атрымала высокую ацэнку і ад гледачоў.

 

Беларускай модзе не хапае свежасці

 

Антон – выпускнік факультэта мастацтваў і дызайну нашага ўніверсітэта. Пакуль паміж паказамі былі невялікія перапынкі, хлопец расказаў, навошта маладыя дызайнеры ўдзельнічаюць у такіх паказах і чаго не хапае беларускай модзе.

 

– Для любога дызайнера трэба партфоліа, рэзюмэ. Вельмі важны зносіны з калегамі. Такія мерапрыемства не даюць расслабіцца. А яшчэ можна паглядзець, што робяць калегі, натхніцца. Атрымаць новыя эмоцыі, што вельмі важна. Ну, і дызайнеры пасля такіх паказаў спадзяюцца на камерцыйны поспех, бо рэчы з аўтарскіх калекцый пасля паказаў можна набыць.

 

– Як, на твой погляд, усё арганізавана ў Гродне?

 

– У цэлым, усё добра. Вядома, ёсць некаторыя моманты, але гэта чыста працоўныя працэсы. Нас тут шмат і могуць быць накладкі да якіх мы ставімся з усмешкай.

 

– Чаго не хапае беларускай модзе?

 

– Свежасці. Нібыта усё і развіваецца, і з’яўляюцца новыя калекцыі і новыя імёны, а свежасці не хапае. Але я б параіў людзям хадзіць на модныя паказы беларускіх дызайнераў – сапраўды можна ўбачыць шмат цікавага. Купіць зноў-такі упадабаную рэч або замовіць. Тым больш, трапіць на такія паказы досыць лёгка – дзесьці, як у Гродне, можна купіць білет, а дзесьці можна дамовіцца з удзельнікамі працэсу. Вельмі шкада, што на беларускія паказы ходзіць мала людзей.

 

Да фотазоны было не прабіцца

 

У фае можна было набыць аксесуары, зробленыя гродзенскімі майстрамі. Праўда, кропак з хэндмэйдам было не вельмі шмат. Затое вялікай папулярнасцю ў гледачоў карысталася фотазона – у перапынках прабіцца да яе было проста немагчыма.

Што тычыцца модных калекцый, якія маглі ацаніць гарадзенцы, то трэба распавесці пра вячэрнія і вясельныя сукенкі ад дызайнеркі Кацярыны Пратасевіч. Яе чорна-белая калекцыя ўразіла незвычайнымі формамі і яшчэ тым, што ў адзенні вельмі цяжка хадзіць – мадэлькі раз-пораз спатыкаліся і цяжка ішлі па подыуму.

Вельмі спадабалася гледачам калекцыя “Малахіны” калі на сцэну выйшлі маленькія дзеткі. Маленькіх удзельнікаў цяпло сустрэлі апладысментамі. Калекцыя аказалася вельмі ўдалай – прыгожыя сукенкі і касцюмы, выкананыя ўручную карункі… Дзеці выглядалі вельмі прыгожа і ўрачыста.

 

Вялікія прадпрыемствы ў шоў пакуль не зацікаўлены

 

На жаль, на Grodno Fashion Show было вельмі мала калекцый прадпрыемстваў.

 

– Хацелася б, каб фабрык, якія займаюцца масавым пашывам, у такіх модных паказах было больш. Людзям сапраўды цікава, што вырабляе наша лёгкая прамысловасць. Ёсць жа вельмі цікавыя рэчы. Але пакуль, здаецца, вялікія прадпрыемствы не надта зацікаўлены ў такіх, як нашае, мерапрыемствах, – зазначыў арганізатар Grodno Fashion Show Ігар Леговіч.

Дарэчы, на гарадзенскія паказы трапілі не ўсе жадаючыя.

 

– Так, у нас быў конкурс і мы адбіралі дызайнераў, каб паказаць гарадзенцам толькі лепшае.


Фота Вольгі Мілавай