У ваколіцах Аўгустоўскага канала будуць новую турбазу “Лукамор’е”

База паўстае ў маляўнічым месцы ў затоцы ракі Чорная Ганьча на тэрыторыі 0,6 га.

 

Раней, яшчэ да сярэдзіны мінулага стагоддзя, тут размяшчалася цагельня і інтэрнат, належалі яны трэсту “Будбытрамонт”, правапераемнікам якога з’яўляецца “Гроднагарбуд”, ён і ўкладвае ў будаўніцтва турыстычнага аб’екта сродкі. Работы разбітыя на некалькі этапаў, на сёння частка з іх выканана, асвоена каля 700 млн рублёў.

 

Устаноўлены сем альтанак на 4-30 чалавек, да іх падведзена электрычнасць. Упарадкавана вонкавае асвятленне, устаноўлены ліхтары-таршэры, заасфальтаваныя дарожкі, часткова ўпарадкавана тэрыторыя, пляцоўкі засеяны травой. Прадугледжана месца адпачынку для дзяцей – усталяваная гульнявая пляцоўка з арэлямі, горкамі, спартовым кутком. Абсталявана і валейбольная пляцоўка з травяным пакрыццём.

 

Цяпер вядуцца работы па ўладкаванні гасцініцы на 50 месцаў, яна з’явіцца на месцы старога двухпавярховага інтэрната. У будынку ўжо заменены вокны і дзверы, выкананы рамонт і афарбоўка фасадаў. Вядуцца праектна-каштарысныя і падрыхтоўчыя працы для рэканструкцыі сярэдзіны будынка пад гатэль. Мяркуецца, што кожны гасцінічны нумар будзе абсталяваны асобным туалетам з душам, будуць уладкаваны кухні з неабходнай тэхнікай. Плануецца таксама абсталяваць вялікую банкетную залу.

 

“Гроднагарбуд” мае намер завяршыць работы па рэканструкцыі будынка пад гатэль ужо гэтай восенню-зімой, таксама завяршыць будаўніцтва паркоўкі, якое ўжо вядзецца, а з пачаткам цёплага сезону – уладкаваць на тэрыторыі турбазы пляцоўкі для пейнтбола, баскетбола, арганізаваць пракат катамаранаў і ровараў (побач праходзіць веласіпедны турыстычны маршрут), уладкаваць канцэртную пляцоўку і, магчыма, тэнісны корт.

 

У перспектыве – будаўніцтва тут жа электрыфікаванага кэмпінгу і пляжу. Драўляны пірс у раёне рэчкі ўжо пабудаваны, яго маюць намер падоўжыць і акультурыць усе навакольнае ўзбярэжжа.

 

Новая турыстычная база, якая атрымала назву “Лукамор’е”, прызначана як для беларускіх, так і замежных турыстаў. Ужо ў гэтым годзе тут прымалі першых беларускіх гасцей: у маляўнічым кутку можна было арганізавана адпачываць, рыбачыць і любавацца прыгажосцямі Аўгустоўскага канала.