Аляксандр Лукашэнка занепакоіўся бяспекай Беларускай АЭС

|

Аляксандр Лукашэнка цікавіўся пытаннямі бяспекі. Ён звярнуў увагу на тое, што пры ўзвядзенні Беларускай АЭС ні ў якім выпадку не варта спяшацца. Прэзідэнта запэўнілі, што пры ўсіх працах выконваецца чатыры этапы кантролю. Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што будаўніцтва вядзецца ў адпаведнасці са строгім рэгламентам захавання якасці.

 

Але, па словах мясцовых жыхароў, якія жывуць побач з пляцоўкай АЭС і кожны дзень бачаць, што там адбываецца, будоўля ідзе не так гладка, як кажуць чыноўнікі ці дзяржаўныя СМІ. Мясцовыя са страхам ставяцца да ідэі пабудаваць АЭС недалёка ад іх месцаў жытла і спадзяюцца, што аб’ект ніколі не запрацуе.

 

Згодна з генеральным кантрактам, узвядзенне першага энергаблока павінна завяршыцца ў 2018 годзе, другога энергаблока – у 2020 годзе. У цяперашні час вядуцца работы на асноўных будынках і збудаваннях энергаблокаў №1 і №2, а таксама дапаможных аб’ектах электрастанцыі.

 

У 2016 годзе плануецца прыступіць да мантажу ядзернага рэактара, турбіны, парагенератараў, зварцы галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода. У цяперашні час усё абсталяванне доўгага цыклу вырабу выбрана і заключаны кантракты на яго выраб. Для Беларускай АЭС закантрактавана абсталяванне на суму ледзь вышэй за $ 2 млрд. Асноўная пастаўка абсталявання плануецца з 2016 года, перадае Белта.

 

Дарэчы, аб будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы здымуць фільм. Кінапраект “Трымайся за аблокі” стаў пераможцам конкурсу на вытворчасць нацыянальных фільмаў у катэгорыі “Пра актуальныя сацыяльныя праблемы жыцця сучаснай Беларусі”.

 

У конкурсе ўдзельнічаў 31 кінапраект – 15 гульнявых і 16 негульнявых – з сямі кінакампаній. Большая частка кінапраектаў, якія перамаглі, належаць “Беларусьфільму”.

 

Сцэнар фільма “Трымайся за аблокі” напісаў Валянцін Залужны. Ён аўтар сцэнарыяў дэтэктыўных серыялаў “Ілюзія палявання”, “Цень самурая”, “Сеткавая пагроза”, працягу савецкага серыяла “Дзяржаўная мяжа”.

 

Фільм складаецца з васьмі серый. Ён пра будні мантажнікаў, якія праводзяць высакавольтныя лініі электраперадач, у тым ліку і падчас будаўніцтва на АЭС, піша “Гродзенская праўда”.