Пасля рамонту з мосту праз Ласасянку знікла ліццё пачатку ХХ стагоддзя

Пра загадкавае знікненне чугунных парэнчаў разам са слупкамі першым паведаміў блогер Мечыслаў Супрон. Ён жа выклаў фота з поручамі, якія зусім нядаўна можна было ўбачыць на шляху з Гродна да польскай мяжы. На здымку выразна бачныя абрысы чугуннага ліцця стогадовай даўніны ў стылі неакласіцызму.

Мост сапраўды знаходзіўся ў стане рэканструкцыі даволі працяглы час. Зараз ён стаў шырэйшым і знешне больш прывабным: будаўнікі не толькі пашырылі палатно дарогі, але і пачысцілі русла ды ўпарадкавалі ўзбярэжжа. Разам з тым, даўняе ліццё, якое на рынку можа каштаваць немалых грошаў, знікла ў невядомым кірунку.

Як тлумачыць гісторык Ян Лялевіч, тракт у гэтых мясцінах дакладна праходзіў на мяжы ХІХ і ХХ стст. – пра гэта сведчаць тагачасныя мапы. Але як выглядаў мост на той час, сказаць цяжка, бо выяваў, прынамсі ў адкрытым доступе, не захавалася.

Нагадаем, што на дадзены момант найбольш скандальным застаецца знікненне гістарычнага балкону з будынку па вул. Кірава, 3. Ліццё спілавалі сярод белага дня ды загрузілі ў джып, прыпаркаваны побач. Заведзеная па факце крымінальная справа дагэтуль не раскрытая.

 

Фота Вольгі Мілавай