Гарадзеншчына і Жамбылская вобласць Казахстана хочуць пабратацца

Да такога пагаднення прыйшлі падчас сустрэчы ў Гродне губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў і акім Жамбылскай вобласці Карым Какракбаеў, перадае БЕЛТА.

 

“Я ўпершыню ў Гродзенскай вобласці і другі раз у Беларусі. Вельмі ўражвае дынаміка як прамысловага, так і сацыяльнага развіцця рэгіёну і краіны. Мы ўпэўненыя, што нашым двум рэгіёнах проста неабходна наладзіць больш цесныя дзелавыя кантакты, эканамічныя сувязі, а таксама супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, культуры і турызму”, – сказаў Карым Какракбаеў.

 

Ён адзначыў лёгкасць у дасягненні паразумення з кіраўніцтвам раёнаў, прадпрыемстваў вобласці і выступіў з ініцыятывай аб усталяванні пабрацімскіх сувязяў паміж прыкладна роўнымі па колькасці насельніцтва рэгіёнамі Беларусі і Казахстана.

 

Уладзімір Краўцоў у сваю чаргу падтрымаў прапанову калегі і даручыў знешнеэканамічнаму ведамству дэталёва прапрацаваць пытанне, падрыхтаваць адпаведныя дакументы.

 

У час сустрэчы губернатар Гарадзеншчыны і акім Жамбылскай вобласці папярэдне дамовіліся аб стварэнні філіяла холдынгу “Лідсельмаш” – зборачнай вытворчасці, а таксама выставачнага павільёна гродзенскай сельгастэхнікі ў названым рэгіёне Казахстана, аб стварэнні філіяла абутковай фабрыкі, пастаўках мэблі гродзенскіх вытворцаў.

 

Але гаворка падчас сустрэчы ішла не толькі аб эканамічным супрацоўніцтве, але і аб развіцці мабільных адукацыйных, культурных, сацыяльных сувязяў.

 

“Нам неабходна актывізаваць ўзаемныя абмены спецыялістамі, паездкі дэлегацый як у АПК і прамысловасці, так і культуры, іншых сферах. Мы вельмі зацікаўлены ў развіцці турызму, як уязнога, так і вонкавага. Праз наш рэгіён праходзіў Вялікі Шаўковы шлях, тут размешчана больш за 2 тыс . гістарычных помнікаў, у тым ліку вельмі старажытных. У вас таксама багатая гісторыя. Думаю, мы маглі б шчыльна супрацоўнічаць у гэтай сферы. Культурныя абмены таксама могуць актыўна развівацца”, – сказаў акім і прапанаваў ужо ў 2016 годзе правесці Дні культуры Жамбылскай вобласці ў Гродна, а затым Дні культуры Гродзенскай вобласці ў Таразе (цэнтры Жамбылскай вобласці).

 

Уладзімір Краўцоў запрасіў казахскага калегу прыняць удзел у мерапрыемствах Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у чэрвені 2016 года ў Гродне.

 

Абодва бакі таксама праявілі цікавасць да развіцця авіязносін. Акім мае намер пралабіраваць у сябе на радзіме пытанне наладжвання рэгулярных авіяпералётаў паміж рэгіёнам Казахстана і Гродна або Мінскам. Цікава партнёрам выкарыстоўваць магчымасці беларускіх здраўніц для аздараўлення казахскіх турыстаў. Акім гатовы падпісаць прамыя кантракты на аказанне пакета рэкрэацыйных паслуг.

 

19 кастрычніка пачаўся першы візіт прадстаўнічай дэлегацыі Жамбылскай вобласці Казахстана на чале з акімам Карымам Какракбаевым у Гродзенскую вобласць. Беларусь наведваюць некалькі кіраўнікоў раёнаў гэтай вобласці, рэктар аднаго з ВНУ, кіраўнікі сялянскіх гаспадарак і гандлёвых прадпрыемстваў. Госці наведалі ААТ “Лідсельмаш”, ААТ “Лідаграпраммаш”, СВК “Прагрэс-Верцялішкі”. Дэлегацыя працягне працу ў рэгіёне і 20 кастрычніка.