Невысокі заробак, расстанне з сям’ёй, моўныя бар’еры. Які лёс апошняга легіянера ў Гродне?

|

“Гродна мяне задавальняе, я гатовы застацца”

 

З пачатку сезону Бебе згуляў у гарадзенскай камандзе 18 матчаў, у якіх ані разу не змог вызначыцца. Але гэта не значыць, што паўабаронца дрэнна правёў сезон. Практычна ў кожным матчы камерунец выкладваўся на поўную і выконваў сваю задачу ідэальна. Штуршком да добрай гульні паслужылі разборкі фанатаў і гульцоў “Нёмана”. Менавіта пасля той размовы Бебе, без выплачаных яму грошай, дэманстраваў добры футбол.

 

Заробак у легіянера не нашмат большы, чым у мясцовых футбалістаў. Пры гэтым праблем хапае: пачынаючы ад моўнага бар’еру, заканчваючы расстаннем з сям’ёй.

 

Родная мова камерунца – французская, а ў камандзе акрамя Дзмітрыя Кавалёнка на ёй ніхто не размаўляе. За два праведзеныя ў Таджыкістане сезоны, Бебе стаў разумець і рускую мову, але кантактаваць яму да гэтага часу цяжка. І хаця паўабаронца гатовы вучыць мову і прыносіць карысць гарадзенскаму клубу, у апошніх матчах кіраўніцтва каманды пакідае яго на лаўцы запасных.


– У Гродне мяне ўсё задавальняе: як горад, так і надвор’е. Я б працягнуў гуляць за “Нёман”. Дзе я апынуся ў будучыні, вядома толькі Богу, ён будзе вырашаць за мяне. Што тычыцца апошніх гульняў, дзе я быў на замене, то тут таксама не мне вырашаць, а галоўнаму трэнеру. Ён на тое і галоўны, а мы – гульцы, павінны паважаць яго рашэнне.

 

У канцы лета, пасля размовы гульцоў і фанатаў клуба, высветлілася, што легіянеру няма чаго есці з-за недахопу грошай. Зараз камерунец распавядае, што з фінансаваннем усё ў парадку, ён не галадае і яго ўсё задавальняе.


– Праблем з фінансаваннем у “Нёмане” няма. Зараз жыву адзін, а Сора, Фамін і Хачатуран, з якімі раней жыў, даўно пакінулі Гродна. Як у іх склаўся лёс я не ведаю. Толькі чуў, што Хачатуран працягнуў гуляць у Беларусі.


“Чорная малпа”

 

Афрыканскі паўабаронца распавядае, што расізм, як у Еўропе, так і ў Беларусі, ёсць, быў і будзе.


– Мне да гэтага часу здаецца, што многія людзі, якiя тут жывуць, не бачылі ніколі чарнаскурых людзей і глядзяць на такіх як я з асцярогай. Памятаю, аднойчы нехта мяне убачыў і сказаў “чорная малпа”. Я разумею гэтых людзей. Але акрамя негатыўных момантаў, ёсць і станоўчыя. На маім былым раёне многія мяне ведалi як футбаліста і часта размаўлялі. Зараз жыву ў новым, пакуль знаёмімся.


“Мой брат цi бацька заўсёды дапаможа маёй сям’і”

 

Мала хто з гарадзенскiх аматараў футбола ведае, што афрыканскі легіянер жанаты і мае маленькага сына. Тыповыя прыгоды замежнікаў па клубах горада – гэта не пра Бебе.


– Так, мне падабаюцца беларускія дзяўчаты. Яны прыгожыя, але дзякуй Богу, што ў мяне ёсць свая жонка, якая чакае мяне ў Камеруне. Мы з ёй пажаніліся ў 2011 годзе і цяпер у нас расце маленькі сын. Цяжка падтрымліваць сувязь на адлегласці. Апошні раз мы з ёй бачыліся ў студзені.

 

Камерунца не бянтэжыць маленькі заробак у Гродне. Паводле яго слоў, калі ён не зможа дапамагчы сваёй сям’і, за яго дапамогуць іншыя.

 

– У нас у сем’ях прынята дапамагаць адзін аднаму. Калі я далёка ад дома, мой брат цi бацька заўсёды дапаможа маёй сям’і. У Еўропе я такога не заўважыў. Так, што пакуль ёсць магчымасць, я буду гуляць.

 

***

 

Сітуацыя з легіянерамі па ўсёй Беларусі практычна аднолькавая. У клубах, якія з году ў год шукаюць грошы на заробкі сваім футбалістам, замежнікі не затрымліваюцца. Толькі два клубы ў Вышэйшай лізе нацыянальнага чэмпіянату могуць пахваліцца стабільнасцю і шэрагам замежных гульцоў, якія на працягу некалькіх сезонаў выступаюць за каманду. Гэта БАТЭ і мінскае “Дынама”.

 

Пол Ралан Бебе Кінгэ нарадзіўся 8 лістапада 1986 года.

 

У 2008 годзе ў складзе зборнай Камеруна паўабаронца прымаў удзел у Алімпійскіх Гульнях у Пекіне, дзе яго каманда дайшла да 1/4 фіналу. Пяць гадоў Бебе граў за другую зборную Камеруна і быў яе капітанам. Першы матч за гарадзенскі клуб зайграў 4 красавіка 2015 года, дэбютаваўшы ў 1/4 Кубка Беларусі супраць барысаўскага БАТЭ. Тады гарадзенцы прайгралі 1:2. Дэбют у Вышэйшай Лізе адбыўся 11 красавіка 2015 года. У матчы 1-га тура “Нёман” дома згуляў унічыю 1:1 з мiнскiм “Дынама”.