Жыццё і смерць гродзенскага піўзавода. Як можна было пазбегнуць сумнага фіналу старога бровара

Нешта не клеіцца ў Гродне з буйнымі інвестпраектамі навокал гістарычнай забудовы горада. “Дом з лілеямі” па Сацыялістычнай, 44 патроху робяць, але відавочна, што скончаць ужо не ў гэтым годзе. У былой гасцініцы “Беласток” на Савецкай і аднайменным рэстаране на Гараднічанскай пасля кароткага перыяду актыўнасці таксама ўсё заціхла. Пра эпапею дома купца Мураўёва, які развальваецца ўжо 20 гадоў, можна здымаць дэтэктыўны серыял.

 

Да спісу інвестыцыйных доўгабудаў дадаўся і былы піўзавод. Пры гэтым тры гады таму, калі ўласнікам будынка стала фірма “Экапрамэнерга”, якая выкупіла яго больш чым за 400 тысяч долараў, усё выглядала куды больш аптымістычна. Дзяржаўныя газеты публікавалі фантастычныя праекты пераўтварэння былога завода ў рэстаранна-гасцінічны комплекс “Браварыя” з невялічкім броварам і вялікай піўной-рэстаранам. Але будынак хутка пайшоў па руках фірм-аднадзёнак з дзіўнымі назвамі. Хутка дзяржава можа пачаць працэдуру забірання гэтага будынка сабе назад.

 

Сумневаў, што менавіта так і будзе, амаль няма. Фірма “Экапрамэнерга” знаходзіцца цяпер у працэсе банкруцтва. У ліпені 2015 года яна была вінаватая шасці крэдыторам больш за 5 млрд рублёў (290 тыс. долараў), не мела сродкаў і ўласнасці. У межах крымінальнай справы Следчы камітэт забраў усю дакументацыю і камп’ютары фірмы, дырэктара адхілілі ад кіравання і прызначылі на яго месца часовага ўпраўляючага.

 

Цікава, што наогул хацела рабіць з былым броварам фірма, інтарэсы якой заключаліся ў “аптовым гандлі чыгуном, сталлю і ліццём, пракатам, трубамі”? Фірма, якая гандлюе металам, купляе сабе будынак набіты металічным абсталяваннем – станкамі, трубамі, чанамі для варкі піва? Ёсць пра што задумацца. Ці цікавіла гэта каго, калі былы бровар прадаваўся гэтай фірме?

Чым быў такі дрэнны гродзенскі піўзавод, прадпрыемства з паўтаравяковай амаль гісторыяй, што яго так імкліва зачынілі ў 2007 годзе? Было дрэннае піва? Бадай што не самае лепшае, асабліва ў параўнанні з сучаснай прадукцыяй беларускіх бровараў. Смярдзела ў цэнтры ад завода? Час ад часу смярдзела, але цалкам цярпіма. Але! Гэты піўзавод бесперарыўна працаваў 140 гадоў. На ім склаліся цэлыя працоўныя дынастыі, якія ведалі тэхналогію піваварства (заснавальнік піўзавода Кунц скончыў школу півавараў у Плзені). Завод мог і далей прадукаваць невялікія партыі піва, нягледзячы на састарэлае абсталяванне, і даваць работу дзясяткам, а нават і сотням людзей – патомным піваварам, якія ў 2007 годзе засталіся без работы па спецыяльнасці. Завод быў у даўгах, але гісторыю іх паўстання таксама трэба расказаць.

У другой палове 1990-х на рэканструкцыю зачыніліся буйнейшыя піўзаводы краіны – Аліварыя і Лідскі піўзавод. Колькасць піва, што варылася ў Беларусі, рэзка ўпала, а на замежнае піва – украінскае і расійскае, тады існавалі фактычна забараняльныя пошліны, яно было проста не па кішэні. І добрых пяць-сем гадоў гродзенскі піўзавод забяспечваў сваёй прадукцыяй не толькі ўсю Гродзеншчыну, але і значную частку патрэбаў сталіцы і іншых гарадоў. Піўзавод “юзалі па поўнай”, але ніхто не ўклаў ні капейкі сродкаў у яго мадэрнізацыю. Так і варылі прадукцыю, выкарыстоўваючы абсталяванне міжваеннага часу. І па меры ўступлення ў строй новых бровараў (там старымі засталіся толькі назвы) і зняцця забараняльных пошлін на расійскае піва, гродзенскі піўзавод стаў неканкурэнтаздольным і хутка пайшоў на дно.

 

Праўда, да 2007 года ён ад гэтага дна адштурхнуўся і амаль разлічыўся з даўгамі.

 


 

Цяпер пытанне. З чаго прасцей было адчыніць новае прадпрыемства ці хаця малы бровар: са старога, але існуючага прадпрыемства, ці з цагляных сцен і металалому, дзе восем гадоў ужо не ступала нага півавара, а калектыў завода перастаў існаваць?

 

Варта было б органам следства спачатку разабрацца з пытаннем, на якое пакуль няма адказу – дзеля чаго і па чыйму загаду быў зачынены піўзавод у 2007 годзе і пачалося блуканне гэтага прадпрыемства па ўсялякіх фірмах-аднадзёнках, якія гандлююць жалезам і здаюць у арэнду лесавозы?