Стылістка Бажэна Машніна: “Мой знешні выгляд – выклік нашаму гораду”

Бажэну першы раз я ўбачыла ў інтэрнеце. З экрана глядзела светлавалосая дзяўчына з іракезам на галаве, апранутая ў каляровае адзенне. Фрык нейкі – падумала я, а потым прачытала прозвішча і зразумела, што гэта тая самая візажыстка, што ўдзельнічала ў “скандальных” фотасэсіях, якія доўга абмяркоўвалі гарадзенцы.

 

Памятаеце каляндар супрацоўніц Гродзенскай ДАІ ці фотасэсію ў стылі хорар у час мінулагодняга “Міс фітнэс”? Менавіта Бажэна была стылісткай у гэтых праектах.

 

– Калі шчыра, я не думала, што тыя праекты будуць мець такі выхлап. Мне здаецца, там не было нічога экстраардынарнага. Калі я рабіла супарцоўніцам ДАІ макіяж, я нават не ведала, як усё гэта будзе выглядаць. Памятаю, працавалі амаль увесь дзень, змерзлі страшна. Тым не менш, мы засталіся задаволеныя працай.

Калі каляндар выпусцілі – панеслася. Я тады проста не чытала каментары, бо гэта было немагчыма. Мне было шкада мадэлек і шкада, што так атрымалася. Дзіўна, але шмат крэатыўных ідэй у Гродне не знаходзяць разумення. Але ў горада ёсць патэнцыял. Тут жыццё павінна віраваць, у тым ліку і ў моднай сферы. На жаль, гэтага зараз не адбываецца.

 

– У цябе неардынарная знешнасць. Ці звяртаюць на цябе ўвагу мінакі ў горадзе?

 

– Канешне, – смяецца Бажэна. – Было некалькі раз нават такое, што са мной хацелі сфатаграфавацца, убачыўшы маю фрызуру. І фатаграфаваліся!

 

“Мінакі не вераць, што я з Гродна”

 

Колер валасоў у Бажэны мяняецца, напэўна, у залежнасці ад настрою – то яркі блонд, то ружовы, то фіялетавы.

 

– Мой знешні выгляд – гэта нейкі выклік нашаму гораду. Так я спрабую ўнесці трохі фарбаў у наш шэры свет. Я вельмі люблю нясумнае жыццё, а яшчэ мне падабаецца, калі людзі вакол мяне ўсміхаюцца. Гэта вельмі крута, калі на мяне звяртаюць увагу. Няхай гараджане радуюцца, паглядзеўшы на мяне. Мне падабаецца, калі мінакі падыходзяць нешта спытаць, сфатаграфавацца. Я жартам называю сябе фрыкам, але ад часткі так і ёсць. Фрыкі – людзі, якія не падобныя да іншых.

 

– Пра што пытаюць людзі?

 

– Пытанне, якое больш за ўсё задаюць: “А вы з Гродна?” Чамусьці мала хто верыць, што я тут жыву. А вось мае сябры ды родныя ўжо даўно прызвычаіліся да майго экзатычнага віду і не звяртаюць увагі.

 

Праекты заўсёды спантанныя

 

Скандальныя праекты ды рознакаляровыя валасы – не адзіная адметнасць стылісткі. У кастрычніку адкрылася фотавыстава “Прывіды тэатра” – вынік сумеснай працы Бажэны з фатографам Сяргеем Марозавым і стылісткай Антанінай Калагрыў.

 

– Гэта вельмі цікавы праект. Ён атрымаўся, як амаль і ўсё ў маім жыцці, спантанна. Усе пачалося з таго, што я папрасіла Сяргея сфатаграфаваць маю мадэль і вобраз, які я вельмі даўно хацела зрабіць. А далей – панеслася! Працавалі ў свой вольны час – таму праект трохі зацягнуўся, але вынік мне падабаецца.

 


 

– Дзе ты вучылася, каб стаць прафесійнай стылісткай?

 

– Першапачаткова гэта быў Гродзенскі каледж бытавога абслугоўвання. Атрымала прафесію цырульнік-візажыст. Але гэта толькі база. Потым ты ўжо сам вырашаеш, ці будзеш развівацца далей. Потым я паехала ў Маскву на Усерасійскі З’езд Прафесіяналаў Прыгажосці. Там праходзяць розныя майстар-класы. Потым я скончыла курс павышэння кваліфікацыі ў школе Дар’і Іодэль. Гэта ў Гродне, – пералічвае Бажэна. – Гэтай вясной вучылася ў Парыжы ў школе “Paris Fleurimon”. У жніўні зноў паехала вучыцца ў Маскву. Акрамя гэтага стала наведваю майстар-класы і семінары лепшых майстроў сусветнага ўзроўню, якія праходзяць час ад часу ці то ў нас, ці то ў Маскве, ці ў Мінску. У любой прафесіі – галоўнае развівацца і не сядзець на месцы.

 

Трэба мець амбіцыі і не баяцца эксперыментаваць

 

– У маёй калекцыі больш за 35 сертыфікатаў, перамога ў конкурсе візажыстаў на “Тыдні фітнеса” і перамога ў Бітве візажыстаў на Усерасійскім З’ездзе Прафесіяналаў Прыгажосці. Вельмі важна ўвесь час вучыцца, даведвацца аб нечым новым. Гэта асабліва важна для стылістаў і візажыстаў, бо мода не стаіць на месцы і ўвесь час мяняецца. Лепшы спосаб рухацца ў адным напрамку з ёй – пастаянна быць сярод лепшых. У майстар-класах я ўдзельнічаю для самарэалізацыі, каб заявіць пра сябе і зрабіць сабе імя ў гэтай галіне. Хачу быць вядомай і імкнуся да працы ў Галівудзе, – усміхаецца Бажэна.

 

У гэтай галіне мала быць крэатыўнай, трэба яшчэ мець дастаткова вялікія амбіцыі і не баяцца эксперыментаваць. А гэта Бажэна робіць часта і задавальненнем.

 

– Калі шчыра, я адпачываю, робячы нешта крэатыўнае і незвычайнае. Усе гэтыя фотасэсіі і фантазійныя макіяжы развіваюць нестандартнае мысленне. А потым глядзіш на сваіх кліентаў і разумееш, што вось зараз зробіш цікавую фрызуру ці стрыжку.

 

У модзе – індывідуальнасць

 

– Шмат тых, хто хоча нешта нестандартнае?

 

– Я б не сказала, але іх усё больш. І гэта вельмі радуе. Сучасны свет дыктуе моду на індывідуальнасць і нашыя людзі, хоць і марудна, але пачынаюць гэта разумець. Яны шукаюць не толькі цікавае адзенне, але і фрызуры.

 

Для мяне выкананне нестандартных работ гэта заўсёды цікавы працэс. Я магу навараціць усё, што захачу, і што дазволіць мая і кліента фантазія. Цікава, што рэакцыя на такія смелыя працы ў інтэрнэце, мне здаецца, вельмі добрая. Людзі ўжо чакаюць, што ж я прыдумаю наступным разам. А мне б хацелася больш смелых кліентаў.

 

А вось парады для валасоў і скуры ў восеньскі і зімовы перыяды, нягледзячы на перамены ў модзе, будуць стандартныя:

 

– Тут няма нейкіх cакрэтаў ці новаўвядзенняў. Вельмі важна добра ачышчаць скуру. Абавязкова трэба карыстацца пажыўным крэмам. Для валос вельмі важна выкарыстоўваць спецыяльную зімовую калекцыю шампуня і бальзама, а яшчэ рэгулярна стрыгчы канцы.

 

Фота з архіву Бажэны Машнінай і “Твайго стылю”