Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Лідскі раён

|

У віртуальную вандроўку па ёй запрашае інжынер і вялікі знаўца гісторыі Лідчыны Леанід Лаўрэш, стваральнік аднаго з найлепшых беларускіх краязнаўчых сайтаў pawet.net.

1. Нёман

Галоўным упрыгожваннем Лідчыны, бясспрэчна, з’яўляецца Нёман, бацька-Нёман,  вялікая беларуская рака.

 

Берагі ракі ўсеяныя старажытнымі стаянкамі чалавека – нашыя продкі добра разумелі выгоды рассялення ўздоўж вялікая ракі. Доўгі час рака была галоўным гандлёвым шляхам нашага краю.

 

Ужо 24 сакавіка 1414 г. кароль Уладзіслаў Ягайла, знаходзячыся ў Львове, пад час перамір’я дазволіў ліцвінам па Нёману сплаўляць дрэва і весці дравесны вугаль у прускія парты.

 

Тады ж Міхал Кухмайстар фон Штэрнберг, вялікі магістр, выдаў у Марыенбургу ліст на права вольнага гандлю падданым вялікага князя Вітаўта ў Прусіі з дазволам сплаву дрэва і хаджэння караблёў па Нёману ў мірны час.

 

Пра значэнне Нёмана як воднага шляху ў гаспадарчым жыцці сведчаць наступныя лічбы: у 1855 г., перад пачаткам пабудовы першых чыгунак, толькі ў межах віленскай губерні, па Нёману прайшло 6 268 караблёў і 1 187 плытоў, на якіх было 30 114 работнікаў.  Напрыклад, лідская наднёманская вёска Шаўдзюны, якая уваходзіла ў склад маёнтка Вялікае Мажэйкава, адвеку была буйным рачным портам.

 

Да Першай сусветнай вайны гаспадарка Вялікага Мажэйкава грунтавалася на вырошчванні збожжа, якое па меры абмалоту з аднаго фальварку перавозілася ў наступны, ажно пакуль усе збожжа не збіралася ў вялікім збожжавым амбары ў Шаўдзюнах над Нёманам. Праз зіму, у залежнасці ад ураджаю вясковыя цесляры будавалі адну, дзве ці тры баркі-віціны і ўвесну, па Нёману, шматвяковым шляхам, збожжа везлі ажно да Караляўца, дзе яго заўжды прадаваў адзін і той жа гандлёвы агент. Пачынаўся абмен тэлеграмамі, агент штодзённа перадаваў кошты і нарэшце з Мажэйкава прыходзіла каманда: прадаць! І тады збожжа прадавалася разам з баркамі. Потым пачыналіся разлікі. Яшчэ ў 1930-я гг. у гэтай вёсцы жылі сяляне, якія шмат разоў вадзілі тыя баркі са збожжам у Каралевец.

 

А для жыхароў Ліды Нёман заўжды з’яўляўся галоўным «курортным» месцам – зонай улюбёнага адпачынку і таму цяжка пераацаніць ролю ракі ў жыцці Лідчыны.

 

2. Лідскі замак

 

Пра наш замак трэба пісаць навуковыя манаграфіі ці вершы. Гэтая самая старажытная і каштоўная пабудова ў нашым рэгіёне і кожны лідзянін памятае яе з ранняга дзяцінства. Я, напрыклад, не магу ўзгадаць у якім узросце першы раз пабачыў замак, колькі памятаю сябе – столькі і яго, мае дзяцінства ў значнай ступені прайшло ў «цені замка Гедзіміна».

 

Думаю, не трэба пераказваць яго гісторыю – замак бачыў і наезды крыжакаў, сярод якіх былі рыцары лепшых еўрапейскіх дамоў – сын графа Нортумберленда, Генры Персі вядомы па мянушцы “Гары Хотспур” ці граф Бафорт (дарэчы яны абодва – галоўныя персанажы драмы Уільяма Шэкспіра “Генрых IV”), міжусобіцы вялікіх князёў, цяжкія 1654 – 1663 гады.

 

У восень 1655 г. украінскія казакі прайшлі ўздоўж Нёмана, пусцілі Ліду і Лідчыну пад шаблю. У год 1656 – голад, а ўвосень 1657 г. эпiдэмiя вынiшчае насельнiцтва. Нарэшце, у 1659 г. расiйскае войска Хаванскага, пасля працяглай аблогi замка, знiшчае горад ушчэнт. У 1702 г. шведы руйнуюць замак, рабуюць і паляць горад. З пачатку ХХ ст. замак трымае шэраг няўдалых кансервацый і рэканструкцый.

 

Адзін з першых малюнкаў з выявай Лідскага замка i горада належыць польска-беларускаму мастаку Юзэфу Пешку (19.02.1767, Кракаў, – 4.09.1831). Гэта каштоўнейшая акварэль паказвае замак і горад у пачатку 19 ст., на ёй бачна штучнае возера вакол маляўнічых руін замка, на поўнач ад муроў – будынак прыходскага касцёла, узведзены ў 1770 годзе на месцы старога драўлянага. Гарадской забудовы вакол замка яшчэ няма.

 

Наша мара – адрадзіць і захоўваць лідскі замак – сведку і сімвал нашай гісторыі.


3. Маламажэйкаўская царква-крэпасць

 

Маламажэйкаўская Багародзіцкая царква-крэпасць – адна з тых трох культавых пабудоў памежжа ХV-ХVI ст. (другая і трэцяя – гэта Сынкавіцкі і Супрасльскі храмы-крэпасць), дзякуючы якім Беларусь увайшла ў гісторыю еўрапейскай архітэктуры. 

 

Адміністрацыйна царква знаходзіцца сёння на тэрыторыі Шчучынскага раёна, але гістарычна заўсёды была часткай Лідчыны.

 

З афіцыйным хрышчэннем Літвы ў каталіцтва, ў канцы ХІV ст. праз дзейнасць жабрацкіх манаскіх ордэнаў францысканаў і бернардынаў, а таксама ганзейскіх гандляроў («Фара Вітаўта» ў Коўні, касцёлы св. Мікалая, Бернардынаў і св. Ганны ў Вільні) у мастацтва ВКЛ пранікла готыка.

 

Тамара Габрусь адзначала, што вытокі і сутнасць готыкі – у метадзе мыслення і тэалагічнай дактрыне Сярэднявечча: «Прыгажосць, створаная па імкненні душы рукамі мастака бярэ пачатак ад той прыгажосці, якая вышэй за ўсё» (Святы Аўгусцін). Узаемасувязь паміж мастацтвам, тэалогіяй і філасофіяй была ўвасоблена ў формах французскіх гатычных сабораў, якія ўзніклі адначасова з «саборамі ідэй» – універсітэтамі. Мастацтва архітэктуры было адной з формаў малітвы.

 

Галоўная матывацыя стварэння гатычнай структуры сабора закладзена ў духоўным паняцці святла, бо «Бог ёсць святло». Дзеля «дыялога з Богам» майстры французскай готыкі стварылі нібыта «празрыстыя сцены» і «балдахінную сістэму скляпенняў», чым дасягнулі ілюзіі нематэрыяльнасці архітэктурных мас. З Францыі гатычны стыль пачаў распаўсюджвацца ў краінах Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы. Праз ўзаемадзеянне гатычных архітэктурных форм з традыцыйным мясцовым дойлідствам расквітнела цудоўная самабытная беларуская готыка.

 

Маламажэйкаўская царква – выбітны помнік пачатку XVI ст., манументальная мураваная пабудова з круглымі вежамі па вуглах. Вінтавыя лесвіцы ў вежах вядуць да байніц, якія апяразваюць верхнюю частку храма. Царква чатырохстоўпная, аднаапсідная з высокім двухсхільным дахам, які з боку галоўнага фасада прыкрыты фігурным шчыпцам. Апсіда займае ўсю шырыню храма, што стварае інтэр’ер зальнай прасторы.

 

Царква мае своеасаблівую канструкцыю перакрыццяў: спляценні гуртоў і нервюр утвараюць трохкутнікі і ромбы рознага абрысу і велічыні, сістэма гатычных скляпенняў характарызуецца вытанчанасцю і тонкім малюнкам. Вонкавыя сцены, франтон і вежы ўпрыгожаны шматлікімі неглыбокімі нішамі. Круглае акно над уваходам – звычайны прыём для культавых пабудоў раманскай і гатычнай архітэктуры. Яшчэ М. Шчакаціхін заўважыў, што ў характэрнай статычнасці і ўраўнаважанасці архітэктурных формаў царквы адчуваюцца павевы протарэнесансу. Трэба дадаць, што пасля перабудовы 1872 г. былі надбудаваны пярэднія вежы з аб’ёмнымі праваслаўнымі крыжамі на іх.

 

Адметнасць і ўнікальнасць беларускай  готыкі – сінтэз з ранейшымі традыцыямі,  наяўнасць менавіта сваёй аўтэнтычнай готыкі кажа пра еўрапейскасць нашага народа. Дарэчы менавіта роль Фларэнцкай уніі ў справе адаптацыі еўрапейскага стылю адзначае беларускі гісторык А.А. Семянчук.

 

Маламажэйкаўская царква – кропка, дзе беларус сустракаецца з подыхам сваёй гісторыі.


4. Лідскія могілкі

 

Думаю, што нікога не можа здзівіць думка, што большасці жыхароў любога горада ўжо няма сярод жывых, яны памерлі, і мы, тыя хто жыве зараз, у нейкім сэнсе дзелім свае гарады з тымі, каго ўжо няма. Для іх гісторыя ўжо адбывалася – героі назаўжды застануцца героямі, мярзотнікі – мярзотнікамі а звычайныя, добрыя людзі – добрымі людзьмі.

 

У кожным старым горадзе ёсць месцы, дзе фізічна адчуваецца прысутнасць тых, хто раней за нас нарадзіўся, любіў, ненавідзеў, пакутаваў і радаваўся. Гэтыя месцы – старыя гарадскія могілкі. Усім вядомы могілкі на Росах у Вільні, Кальварыя ў Мінску ці Лычакоўскія могілкі ў Львове. Ёсць такія ж, толькі зразумела меншыя, старыя могілкі і ў Лідзе. Тут, сярод старых соснаў жыве мінулае нашага горада і я, калі прыходжу сюды рухомы сваёй цікаўнасцю да гісторыі – найчасцей каб пашукаць магільны помнік кагосьці з тых, пра каго пішу, адчуваю тут сапраўдныя подыхі мінуўшчыны.

 

Але ж старыя лідскія могілкі – ахвяра вандалізму канца савецкай эпохі, большасць помнікаў тут разбіта і перавернутая, д’ябальская злая моц у свой час зрабіла ўсе магчымае каб зрабіць з могілак пустэльню.

 

З пачатку XVII ст. на поўдзень ад горада Ліды, на замкавай зямлі і зямлі шляхецкага засценка Кузьмішкі паноў Вісмантаў паўстаў прыгожы бор. У 1797 г. частка гэтага бору, якая знаходзілася на замкавай зямлі была выдзелена пад могілкі. Другая частка бору на зямлі шляхты праіснавала да 1892 г., калі пасля вялікага пажару Ліды трэба было адбудоўвацца і дрэвы спілавалі. Потым, для будаўніцтва даходных дамоў, спілавалі і бор які рос непасрэдна на парафіяльных могілках. Ад пачатку новыя могілкі не мелі дакладна акрэсленых межаў, аднак каля 1840 г. на сродкі пані Клары Якавiцкай, могілкі былі акапаныя ровам i агароджаныя невысокім валам. Роў i вал, аднак, не баранiлi могiлкi нi ад быдла, якое пасвілася побач, нi ад непажаданых асобаў.

 

У 1886 г. на сродкі панi Ласковiч была выбудаваная брама на могілкі — чатыры мураваныя слупы з драўлянымі брамамі. Каля 1900 г. распачалася i праз некалькi гадоў закончылася будоўля новай мураванай агароджы. У памяць гэтага ўлева ад увахода з унутранага боку была ўмураваная табліца з надпісам: «Агароджана ў 1903 г. коштам парафіян, стараннем ксяндза-дэкана Юзафа Сянкевiча, М. Пацэвiча, Я. Падгайнага, камення Стэфана Макрэцкага за якiх Здровась Марыя». Згаданы капiтан Стэфан Макрэцкi, уладальнiк маёнтка Вiнькаўцы, праз нейкi час, як генерал зброi, быў начальнiкам Сярэдняй Лiтвы.

 

Да 1865 г., калі з’явіліся асобныя праваслаўныя могiлі, на старых могілках хавалі нябожчыкаў усiх хрысціянскіх веравызнанняў.

 

У 1805 г. ксёндз Вiнцэнт Нарбут, пробашч i дэкан лiдскi, пабудаваў тут досыць вялікую драўляную капліцу, якую высвяцiў ў гонар св. Барбары – патронкi добрай смерцi, абраз гэтай святой знаходзiўся ў вялiкiм алтары. Пасля скасавання ў Лiдзе касцёла кармелiтаў i пажару касцёла Пiяраў, падчас рамонту Фары, у 1848 г. каплiца была грунтоўна рэстаўраваная. У 1905 г. невядомы злачынец падпалiў каплiцу, але пажар быў пагашаны. У каплiцы калiсьцi быў стары арган, перанесены сюды з Фары, у 1904 г. гэты арган перададзены фiлii ў Крупава, дзе ён згарэў разам з касцёлам ў 1919 г. Каля каплiцы на двух слупах стаяла званiца з двума званамi. У 1930 г. кс. Гiпалiт Баярунец, пробашч i лiдскi дэкан, на месцы старой каплiцы пачаў мураваць новую капліцу, якая існуе і зараз.

 

У 1885 г. Стэфан Буткевiч (1815–1896), былы маршалак Лiдскага павета пабудаваў новую, ашаляваную i крытую гонтам званiцу. Ён і ягоная жонка Эмiлiя Буткевiч з Адамовiчаў (1813–1879), спачываюць каля ўвахода на могiлкi, пад фундаванай iм званiцай якой зараз ужо не існуе.

Да нашых часоў захаваўся толькі разбіты нагробак маршалка. А ад шмат якіх магіл іншых значных людзей нашага горада не засталося нічога.

 

Лідскі гісторык Міхал Шымялевіч пісаў: Не меней як дзесяць тысяч парэшткаў лiдзян ляжыць тут, на 4 гектарах, i ў ценi сасновага бору не памятаюць нi пра свае няшчасцi, нi пра свае радасцi. З праху паўсталi i ў прах вярнулiся.


5. Камень-следавік

Пасля таго як быў скрадзены камень-следавік ў вёсцы Мейры, пра які яшчэ ў свой час пісалі Тэадор Нарбут і Адам Кіркор, на Лідчыне застаўся толькі адзін такі камень – каля царквы ў вёсцы Бабры. З гонарам скажу, што знайшлі яго, зрабілі першаснае навуковае апісанне, якое надрукалі ў “Лiдскiм летапiсцы” № 9 за 1999 г. а потым у розных іншых выданнях мой сябар Уладзімір Круцікаў і я.

 

Камень-следавік мае вышыню 0,5 м. з адбіткам жаночай ступні невялікага памеру. Па мясцовых паданнях гэта «След Маці Божай». Гэты камень раней знаходзіўся на лузе за царкоўнымі могілкамі. У 1920-х гадах следавік быў прывезены да храму і асвечаны праваслаўным святаром.

 

Гэты камень – сакральны помнік дахрысціянскай Беларусі, тое нешматлікае, што засталося ў нас з яшчэ паганскага часу.


Чытай таксама:


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Астравецкі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Ваўкавыскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Шчучынскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Мастоўскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Карэліцкі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Слонімскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Бераставіцкі раён