У Варшаве пачаўся закрыты суд над гарадзенцам, якога вінавацяць у шпіянажы

|

“Я невінаваты, справу арганізавала Агенцтва Унутранай Бяспекі”, – сказаў абвінавачаны журналістам перад тым, як паліцэйскія ўвялі яго ў залу. Ён сцвярджае, што не шпіён, а выкладчык, і што мае сведкаў на сваю карысць.

 

У Польшчы прозвішча мужчыны не называюць, але ў Беларусі яно вядомае – гэта Юрый Кійко, колішні намеснік дырэктара па маркетынгу ў газеце “Вечерний Гродно”. Працэс закрыты, як і ўсе суды па справах аб шпіянажы. Зала пасяджэнняў адмыслова забяспечаная, ніякай інфармацыі журналістам не даюць.

 

Пра затрыманне двух беларускіх шпіёнаў польскія СМІ пісалі вясной 2014 года. Юрый Кійко тады пісаў журналістам лісты з СІЗА, у якіх даводзіў, што ён – не шпіён. Па версіі Агенцтва Унутранай Бяспекі (польская спецслужба), раней ён рабіў усё, каб даць зразумець, што выконвае ў Польшчы заданні беларускай выведкі.

 

Па версіі “Газеты Выборчай” яго затрымалі ў Быдгашчы, дзе ён здымаў вайсковыя аб’екты. Па словах ананімнага афіцэра АУБ, мужчына наогул не хаваўся, “паводзіў сябе як у танным баевіку, быццам хацеў, каб яго затрымалі”. Пры гэты у фотаапараце беларуса знайшлі шмат здымкаў вайсковых аб’ектаў, не толькі з Быдгашчы.

 

У сваіх лістах Кійко запэўніваў, што працаваў у Польшчы ў якасці журналіста газеты “Вечерний Гродно”, аднак у момант затрымання ён ужо там не працаваў больш за год. Ды і раней не выконваў журналісцкіх функцый. Затое ён працаваў старэйшым выкладчыкам на Факультэце эканомікі і кіравання ГрДУ.

 

Па інфармацыі польскіх СМІ, Кійко падрабязна расказваў следчым пра сваю папярэднюю службу ў спецназе, што дзівіла палякаў, бо звычайна схопленыя шпіёны наогул маўчаць. Адна з версій кажа пра тое, што Кійко меў проста адцягваць увагу АУБ ад сапраўдных шпіёнаў.

 

***

 

Такія фальшывыя шпіёны ў Польшчы ўжо былі. У маі 2015 Апеляцыйны Суд у Варшаве ўтрымаў у сіле прысуд для грамадзяніна Беларусі Аляксандра Лянюка (7 год турмы). Цягам васьмі год ён рабіў выгляд, што з’яўляецца падвойным агентам, і такім чынам прадаў польскай вайсковай выведцы несапраўдныя нібыта таемныя інфармацыі, за якія ўзяў 319 тыс. долараў і 18 тыс. еўра.

 

Пры гэтым Апеляцыйны Суд вырашыў, што усё гэта было не самастойнай дзейнасцю Лянюка, а спланаванай працай беларускай выведкі.

 

У кастрычніку 2015 года былога супрацоўніка АУБ Роберта Р. прысудзілі да 6 год турмы. Акруговы Суд у Беластоку прызнаў, што той цягам пяці год перадаваў таемныя інфармацыі грамадзянцы Беларусі, хоць і ведаў, што яна супрацоўнічае з беларускай выведкай.

 

У 2014 годзе з Польшчы вымушаны быў выехаць вайсковы аташэ Амбасады Беларусі. Высветлілася, што ён афіцэр спецслужб. Паводле мінулагодняй справаздачы АУБ, “польскі кірунак застаецца адным з прыярытэтаў дзейнасці беларускіх спецслужб”.

 

Паводле PAP