“Душэўны канцэрт” на Савецкай плошчы сагрэў сотні гарадзенцаў

|

Канцэрт пад назвай “Душэўная гісторыя” доўжыўся каля дзвюх гадзін. За гэты час на сцэну паспелі выйсці гурт “Тяни- толкай” і таленавіты акардэаніст Дзмітрый Корсак. Вядучы разыгрываў паміж наведнікамі каштоўныя прызы: пачынаючы ад вуды і сканчаючы самым сапраўдным квадрацыклам. Праўда, пазадарожнік разыгралі сярод удзельнікаў загадзя праведзенага ў інтэрнэце конкурсу. Ён дастаўся пераможцу, які выклаў на адмысловы сайт самую “душэўную гісторыю”.

У час перапынку мы трапілі да хлопцаў з “Тяни-толкай”. Музыка Андрэй любіць гарадзенцаў больш за ўсіх у калектыве, бо яго жонка родам з Гродна.


– Мы часта бываем у вашым горадзе і нас заўсёды вельмі цёпла прымае публіка. Часта мы з хлопцамі шпацыруем па старых вуліцах, тут мы не адчуваем сябе чужымі. Гэта настолькі цёплае месца, якое адрозніваецца ад усіх астатніх гарадоў Беларусі.


– Лікёра-гарэлачны завод ужо паспеў вам праставіцца прадукцыяй?


– Мы супрацоўнічаем ужо даўно. Пару месяцаў таму здымалі рэкламны ролік, вось і вырашылі павіншаваць калег. Што тычыцца прадукцыі завода, то я яе не спрабаваў, бо ўжо даўно не п’ю. Калегі крычаць, што пілі і нават елі.

Актыўнай ігрой на акардэоне забаўляў гарадзенцаў музыка Дзмітрый Корсак. Ён таксама распавёў, што Гродна яму вельмі падабаецца. За пару гадзін да мерапрыемства яму ўдалося паглядзець мясцовыя славутасці.

Хоць юбілей і ў лікёра-гарэлачнага завода, аднак спіртным у цэнтры горада нават не пахла. Гарадзенцаў у час канцэрта паілі толькі гарачым чаем.