Навука ў выгнанні: У Варшаве адкрылі Цэнтр беларускіх даследаванняў

На ўрачыстай цырымоніі, што прайшла ў галоўным кампусе Варшаўскага ўніверсітэту, апроч беларускіх прысутнічалі і вядомыя польскія дзеячы. Сярод іх – кіраўнік цэнтру даследаванняў Усходняй Еўропы Ян Маліцкі ды віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Конрад Паўлік, які падкрэсліў выключную важнасць «беларускага пытання» для Польшчы.

 

Звольненыя ў Беларусі гісторыкі пачынаюць працу ў Варшаўскім універсітэце


Гарадзенскія гісторыкі стварылі ў Варшаве Цэнтр беларускіх студыяў

 

«Гэтая новая з’ява падтрымліваецца Міністэрствам замежных справаў Польшчы. Я думаю, мэты – выключна навуковыя, простыя. Раней ужо былі праграмы, якія падтрымлівалі студэнтаў і навукоўцаў – вось гэта чарговая такая праграма», – адзначае Мацей Вільчынскі, арганізатар праекту, рэферэнт Асяродку вывучэння Усходняй Еўропы.

 

Сярод навукоўцаў, якія атрымалі магчымасць працягнуць дзейнасць на новай пляцоўцы, шмат звольненых праз палітычныя матывы выкладчыкаў Гарадзенскага ўніверсітэту.

 

«Калі ў пачатку 90-х гадоў мы былі менш адсталыя, і здавалася што дзякуючы кантактам мы зможам падцягнуцца за еўрапейскай гуманітарнай навукай – то цяпер мы зноўку адрэзаныя. І ўсе, хто хоць трошкі быў звязаны з сучаснымі даследаваннямі, з сучаснымі падыходамі – яны апынуліся па-за ўстановамі, даследчыцкімі і навучальнымі», – кажа гісторык Генадзь Сагановіч.

 

Кіраваць Цэнтрам будзе прафесар Алесь Краўцэвіч.

 

«Мы будзем імкнуцца да таго, каб наша дзейнасць была гучнай, плённай, і спадзяюся, што ў першую чаргу гэта прынясе плён не толькі нам, як навукоўцам, а прынясе плён даследчай думкі Беларусі», – заўважае гісторык Таццяна Касатая.

 

Дапамога ж развіццю беларускай навукі з польскага боку на гэтым не скончыцца. Толькі сёлета на падтрыманне беларускіх культурных і навуковых праектаў МЗС Польшчы ды іншыя ўстановы выдаткавалі каля 60 млн злотых.

 

Фота Сяргея Пелясы