Чакалі зносу дзесяцігоддзямі, пакуль не “дапамагла” аварыя. Прыватныя дамы на Татарскай дажываюць апошнія дні

|

Амаль тры гады прайшло з моманту, калі жыхары раёна прачнуліся ноччу ад крыкаў суседзей і гарачага пару, які запоўніў іх дамы. Сёння ўжо амаль усе пераехалі ў новыя кватэры. Тыя, хто пакуль не паспеў, у хуткім часе таксама будуць збіраюць рэчы – гук бульдозераў ўсё бліжэй і бліжэй.

У адным з лепшых дамоў раёна жыў Пётр Пятровіч, які ўсё жыццё прапрацаваў трактарыстам. За знос двухпавярховага катэджа яго сям’я атрымала кампенсацыю – дзве трохпакаёвыя кватэры ў Альшанцы. Але пенсіянер ніяк не можа расстацца са сваім старым домам і рэгулярна прыязджае, каб разбіраць пабудову.

– Лепш гэта я забяру, чым марадзёры расцягнуць, – тлумачыць пенсіянер.

 

Свой дом Пётр Пятровіч пабудаваў 15 гадоў таму. З маленькай старой пабудовы атрымаўся выдатны катэдж на 130 квадратаў.

– За тое, што я праявіў ініцыятыву, мяне ў свой час аштрафавалі. Гэты наш “астравок” ужо 50 гадоў чакаў зносу і будаваць тут нічога нельга было. А ў мяне сын-інвалід першай групы меў патрэбу ў нармальнай кватэры. Мы доўга чакалі адказу, але яго так і не было. Пачалі адбудоўваць свой дом, каб дзецям было дзе жыць. Тады да нас прыйшлі і далі штраф.


Пасля таго, як пачалі разбірацца, памер штрафу паменшылі ў некалькі разоў.


З таго часу ўжо і сын памёр, а новую кватэру сям’і даюць толькі цяпер. Працэс паскорыў патоп 2012 года.

Пётр Пятровіч у руінах падымае інвалідную палачку свайго памерлага сына. “На старасць і мне спатрэбіцца”, – кажа стары.


– Пабудову нашу ацанілі ў 120 тысяч долараў. А ў нас тры гаражы былі, цяпліца, летняя кухня. Але што зробіш, скардзіцца не буду, сэнсу ўжо не бачу. Атрымалі новыя кватэры, дзеці будуць жыць у адной, я з жонкай у другой.

Пенсіянер паказвае месца, дзе стаялі яго гаражы

 

Мінулае Пётр Пятровіч не хоча ўзгадваць. Распавядае, што з суседзямі сябравалі, але цяпер усе пераехалі і на яго баку вуліцы ўжо практычна ніхто не жыве.

 

Па іншы бок вуліцы людзей яшчэ можна сустрэць. Мікалай Іванавіч з сям’ёй таксама ўжо пераехаў і атрымаў кватэру ў найбліжэйшым раёне – на праспекце Касманаўтаў. Пакуль дом не знеслі, ён з зяцем прыязджае і забірае патрэбныя рэчы.

 

– Новай кватэры рады, хоць цяпло будзе, ужо не прыйдзецца тапіць, ды і ў прыбіральню ў кватэры можна хадзіць. У нас двушка. Пад старасць гадоў гэта добра. Для маладых, вядома, горш будзе. У нас тут застаўся і гараж і майстэрня.

Былы жыхар вуліцы Татарскай расказвае, што, каб забраць усе старыя рэчы, трэба будзе зрабіць яшчэ некалькі ходак.

 

Будаўнікі кажуць, што новы жылы комплекс на месцы прыватнага сектара павінен быць здадзены ў блiжэйшыя гады. Тут з’явяцца тры дзевяціпавярховікі і адзін дом на трынаццаць паверхаў. Таксама запланавана стаянка для больш чым 100 аўтамабіляў.

 

Нядаўна міліцыя паведамляла, што быў затрыманы бомж, які “дапамагаў” выносіць з хат старыя рэчы. Многім былым жыхарам, якіх мы сустрэлі, ужо ўсё роўна. Яны кажуць, што трэба забыць мінулае і жыць сучаснасцю. Камусьці, праўда, пашанцавала больш і ён застанецца жыць амаль на старым месцы, а хтосьці адправіцца на ўскраіну горада.