Касцёл, тэлевежа і вентыляцыя “Азота”. Дзе ў Гродне жывуць сокалы-пустальгі

 

Гродзенскую тэлевежу, якую празвалі “Эйфелевай”, каля дзесяці гадоў таму аблюбавалі два сямействы пустальгі. Самае нізкае гняздо знаходзіцца на ўзроўні 30 метраў, а самае высокае – прыкладна 120 метраў над зямлёй! Работнікі вышкі кажуць, што за доўгі час прывыклі да птушак-суседзей, а тыя зусім не перашкаджаюць станцыі перадаваць сігналы.

 

Гарадзенскія арнітолагі падлічылі і акальцавалі рэдкіх сокалаў-пустальгоў

 

Яшчэ адно выяўленае гняздо. Праўда, адгадаць, дзе яно, не так і проста.

 

У 2010 годзе працаўнікі прадпрыемства “Гродна Азот” зрабілі некалькі здымкаў з вентыляцыйнай шахты ў адным з тэхнічных памяшканняў завода – там гнездавалі ад 3 да 5 сем’яў пустальгі!

 

Святое месца пустым не бывае. Некаторыя бачаць у такім суседстве з птушкамі добры знак. А хто адгадае, што гэта за месца ў Гродне?

Сям’я пустальгі размясцілася на фасадзе Касцёла адшукання святога крыжа (Касцёла Бернардынаў), за статуяй святой Алены. Аднойчы самка, ненадоўга адлучыўшыся ад гнязда, дзе ляжалі яйкі, заляцела ўнутр касцёла і яе не маглі злавіць сем дзён. Калі гродзенскія арнітолагі, нарэшце, злавілі птушку, у сваё гняздо яна так і не вярнулася…

Работнікі офіса “Белтэлекам” у Гродне ўжо, напэўна, ведаюць пра сваіх суседзяў. Сям’я пустальгі заняла невялікую нішу ў будынку на вуліцы Горкага. Хутка птушанятам будзе зусім цесна ў гняздзе.

Зусім новы будынак – і ўжо актыўна абжываецца чырвонакніжным відам.

Гняздо з маленькімі птушанятамі гродзенскія арнітолагі выявілі і ў новым дзесяціпавярховіку на Дзевятоўцы. Тут птушкі аблюбавалі вентыляцыйную шахту на самым версе будынка, але адтуліна, на жаль, занадта малая для ўсёй сям’і…

 

Як і ўсе сокалы, пустальга не будуе сваіх гнёздаў, а займае разнастайныя нішы ў высокіх будынках, якія ім нагадваюць скалы, або старыя гнёзды крумкачовых. Часам птушак і іх нашчадкаў чакаюць праблемы: некаторыя гнездавыя нішы настолькі малыя, што ў іх змяшчаецца толькі самка з маленькімі птушанятамі. А калі апошнія падрастаюць, то нярэдка выпадаюць з гнёздаў і становяцца здабычай для бадзяжных катоў і сабак.

Выявіўшы недастатковую па памерах, але занятую сокаламі нішу, спецыялісты Гродзенскага абласнога аддзялення “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) прыстаўляюць да яе драўляную скрыню, якая робіць гняздо прасторнейшым і бяспечнейшым для яго насельнікаў.

 

Птушкі, якім патрэбна наша дапамога: сокал-пустальга (інфаграфіка)

 

У апошнія гады пустальга ўсё часцей селіцца ў гарадах, пры гэтым агульная колькасць гэтых птушак у нашай краіне застаецца невысокай і ацэньваецца ў 1400-2000 гнездавых пар. Від занесены ў Чырвоную кнігу. Таму, калі вам вядома месца гнездавання пустальгі, альбо вы знайшлі выпаўшае з гнязда птушаняці, ці наогул маеце любое пытанне пра жыццё гэтага ці іншага віду птушак у горадзе, звяртайцеся да спецыялістаў з Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ або ў Абласны камітэт Мінпрыроды. Тады і ў рэдкіх птушак, і ў людзей будзе менш праблем.

 

Ілюстрацыі да тэксту з сайта birdwatch.by