Другі TEDхYouth@Hrodna адбудзецца 12 снежня

|

Што нас чакае на другім TEDхYouth@Hrodna?

 

На другім гарадзенскім TEDх нас чакае не толькі новы, пашыраны фармат, але і новае месца!

 

Самае важнае месца на кожнай імпрэзе займаюць спікеры. У гэтым годзе, як і ў мінулым, нас чакае выступленне пяці маладых людзей, якія падзеляцца сваім досведам і ідэямі.

 

Гародня не адстае ад сусветных трэндаў, згодна з якімі часткай TEDх становіцца таксама арт-выступленне – чытанне паэзіі, музычны перфоманс ці нешта яшчэ. На другім TEDхYouth@Hrodna нас чакае выступ вядомых гарадзенскіх артыстаў. Пакуль мы не раскрываем усе сакрэты, але абяцаем, што будзе душэўна і цікава.

 

Сучаснасць і актуальнасць гарадзенскай TEDх канференцыі праяўляецца таксама ў месцы, у якім яна адбудзецца. У прасторы нядаўна створанай  арт-пляцоўкі DOM46 кожны адчуе сябе свабодна і прыемна. Цікавае месца будзе спецыяльна падрыхтаванае для правядзення імпрэзы.

 

Квіткі можна набыць у новай кавярні “Наша Кава” на вул. Замкавай, 11 а таксама ў этнакраме “Цудоўня” (вул. Вялікая Траецкая, 16, “Крама Ц”). Тым, хто хоча прыехаць з іншых гарадоў, квіток можна будзе набыць на месцы, але трэба папярэдне зарэгістравацца тут.


У гэтым годзе спікерамі TEDxYouth@Hrodna стануць:

 

Лізавета Еліневіч – музейны куратар, спецыяліст аддзела маркетынгу беларускага скансэна распавядзе, у чым сакрэт музейнага прыцягнення, на чым будуецца сучасны беларускі музей, каму верыць, куды хадзіць і на што арыентавацца.

 

Дар’я Мандзік – студэнтка архітэктуры ў БНТУ раскажа, чаго не хапае нашым гарадам і месцам і чаму гарадское асяроддзе не павінна быць удзелам толькі архітэктараў і горадабудаўнікоў.

 

Надзея Аўхукова – студэнтка, якая ў сваёй прамове “Homo Sapiens у музыкальнай шкатулцы або месца музыкі ў нашым жыцці” распавядзе аб значэнні музыкі для чалавека.

 

Валянціна Азука – гарадзенка, апанатная танцорка і маці, прапануе нам паглядзець на свет вачыма дзяцей і зразумець, у чым заключаецца дзіцячая мудрасць.

 

Валерыя Аўсеева – аўтарка блога aloe-lera.com, падзеліцца гісторыяй аб самым папулярным жаночым захворванні 21-га стагоддзя. Перфекцыянізм – што гэта такое, адкуль паходзяць яго прычыны і як змагацца.

 

Марыя Бакацюк – спецыяліст па маркетынгу kvitki.by выступіць з прамовай “Гісторыя аднаго міленіяла: як не быць прышэльцам на працы”.

 

Сачыце за навінамі падзеі ў суполках у фэйсбуку і вк.

 

Як гэта было? Вяртаемся на год назад

 

Мінулая імпрэза адбылася напачатку лістапада мінулага году ў прасторы антыкавярні “Жывы час”, у самым цэнтры горада. На канферэнцыі сабрался поўная зала гасцей, для якіх ідэя TED і здзяйсненне яе ў Гародні было чымсьці даўно чаканым, але таксама тыя, хто пачуў яе ўпершыню. Перад імі выступіла пяцёра спікераў: гарадзенцаў, беларусаў, замежнікаў, якія прамаўлялі на трох розных мовах – беларускай, рускай і польскай.

 

Першы TEDx адбыўся ў Гродне

 

Мы слухалі пра тое, як знайсці ў жыцці сваё і адшукаць працу, адпаведную сабе (Кірыл), пачулі пра невядомыя звычайнаму турысту месцы Гародні (Павал), спрабавалі зірнуць на горад с пункту гледжання чалаваека-коціка (Вольга), пачулі пра тое, як выпадковасць-невыпадковасць жыцця давяла Вераніку да працы ў консульстве, а таксама пра месца руху ў паляпшэнні адносінаў у камандзе і развіцця ўяўлення (Дана).

  

Што такое ТЭДх?

 

TED – гэта глабальная недзяржаўная арганізацыя, заснаваная ў 1984 годзе, галоўнай тэмай якой з’яўляецца распаўсюджанне вартых ідэй. За літарамі TED скрываецца тэхналогія, забава, дызайн (technology, entertainment and design). Падзеі ў стылі TED праходзяць у фармаце канферэнцыі, аўдыторыя якой, як правіла, не перавышае 100 чалавек. Існуюць два фарматы мерапрыемства: глабальны TED-event і TEDx-event – апошняе мае сваёй мэтай ахапіць больш вузкую аўдыторыю і робіць акцэнт на мясцовых спікерах.

 

Папулярнасць TED закранае ўсё большыя колы. Гэта не толькі спосаб падвучыць замежную мову, але перадусім – пачуць людзей з розных куткоў свету, з іх ідэямі і бачаннем свету. Гэта вера ў тое, што кожная маленькая ідэя стварае нас і свет навокал і можа змяніць свет. Свет, змены ў якім пачынаюцца з нас.

 

TED – гэта найперш жыццёвы досвед кожнага выступоўцы. Сустрэць тут можна ўсялякія тэмы – ад навукі, бізнесу, аховы здароўя і да бясконцасці. Прамовы размяшчаюцца па тэмах на сайце, дзе можна іх глядзець на розных, больш за 100, мовах свету.

 

TED – гэта магчымасць выказацца кожнаму, у каго з’явілася цікавая ідэя, якой ён хоча падзяліцца з больш шырокімі коламі грамадства.

 

TED – гэта 14540 лакальных канферэнцый і тысячы запланаваных. Гарадзенскі TEDхYouth@Hrodna – адна з іх.

 

Гісторыя беларускага TEDа сягае ў 2009 год і пачынаецца ў Мінску. Усё пачыналася з супольнага  прагляду TED-прамоваў, потым жывых праглядаў глабальнай TED-канферэнцыі, каб у 2013 годзе сабраць жывых выступоўцаў і выліцца ў мінскую жывую TEDх канферэнцыю.

 

Яскравыя ўражанні глядачкі адной з першых беларускіх TEDx-канферэнцый: “У такія моманты разумееш, што Беларусь – цікавая краіна. І не ўсе яшчэ таленавітыя людзі з’ехалі адсюль ў замежжа. Трымаюцца. І гэта здорава! Ты ж таксама застаешся тут”.