Дзень, у які Беларусь вярнула незалежнасць

|

Гэтую падзею прадзвычаілі некалькі трывожных дзён для ўсяго былога СССР: яшчэ раніцай 19 жніўня 1991 году дэпутаты апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання выступілі з асуджэннем перавароту; у той жа дзень перад Домам ураду быў праведзены мітынг. Сотні людзей збіраліся на плошчы таксама 20 і 21 жніўня.

 

Людзі, якія прыходзілі на плошчу, рызыкавалі свабодай: пазней стала вядома пра адмысловыя закратаваныя вагоны, падагнаныя на чыгуначны вакзал. Шмат якія працоўныя калектывы прымалі рэзалюцыі з асуджэннем ГКЧП. Дэпутаты запатрабавалі ад старшыні ВС Мікалая Дземянцея тэрмінова склікаць сэсію парламанту, аднак ён выступіў на баку путчыстаў.

 

Для прыняцця рашэння 25 жніўня патрэбныя былі дзве трэці галасоў дэпутатаў. Станіслаў Шушкевіч, які вёў паседжанне, выказаў сумнеў, што рашэнне будзе прынята. Адразу пасля выступу лідэра БНФ Зянона Пазняка слова ўзялі сакратары абкамаў і райкамаў партыі (цяпер ужо былыя), якія заклікалі прыслухацца да аргумэнтаў апзіцыі. З падтрымкай выступіў і старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч.

 

У Авальнай залі прысутнічала 265 дэпутатаў, для станоўчага рашэння патрабавалася 232 галасы. За наданне Дэклярацыі аб суверэнітэце прагаласавалі 252 дэпутаты. У 20 гадзін 08 хвілін Беларусь вярнула незалежнасць. Гэтае рашэньне Вярхоўнага Савета віталі тысячы людзей на плошчы перад Домам ўраду, якая пазней была названая ў гонар незалежнасці.

 

На фота: Дэманстрацыяй побач з будынкам ААН у Нью-Ёрку, прадстаўнікі Беларускага моладзевага руху ў Амерыцы (БМРА) вырашылі заявіць аб «падтрымцы беларусаў, якія на радзіме працягваюць змагацца за дэмакратычнае развіццё нашай краіны і нацыянальнае адраджэнне Беларусі».