Беларуская машына часу выходзіць на новы віток. Павел Баркоўскі пра філасофскую спадчыну Ігната Абдзіраловіча

|

Сякера пад лавай ці вяртанне да каранёў?

 

Менавіта Ігнат Абдзіраловіч, як лічыць Баркоўскі, стаў першым з беларускіх філосафаў, які звярнуўся да тэмы будучыні краіны і чые думкі застаюцца актуальнымі для нас і сёння. Павел лічыць неабходным вяртацца і пераасэнсоўваць спадчыну папярэдніх мысляроў у сувязі з траўматычным досведам перарванай гісторыі.

 

“Падзеі 20-х гадоў мінулага стагоддзя гвалтоўна скамячылі ці вынішчылі зачаткі беларускай грамады, што толькі пачынала фарміравацца. Фактычна, зараз беларусы ізноў пачынаюць з чыстага ліста, бо былі змушаны на доўгі час адмовіцца ад сваіх каранёў – напрацовак, што ўжо былі”. Павел кажа, што калі пераасэнсаванне беларускай філасофскай спадчыны і нагадвае нечым знаходку “сякеры пад лавай”, то варта памятаць, што і лава, і сякера былі пакінутыя ў доме, з якога беларусы сышлі на доўгі час, і да якога зараз вярнуліся.

 

Чытаць цалкам эсэ “Адвечным шляхам” Ігната Абдзіраловіча

 

Баркоўскі лічыць, што ідэі Ігната Абдзіраловіча апярэдзілі свой час і сталі найбольш актуальнымі зараз: “Сёння, калі мы маем сваю дзяржаву, незалежнасць і магчымасць вызначаць сваё развіццё, калі мы маем палітычныя, прававыя і іншыя формы існавання, мы ўжо можам сапраўды звярнуцца да гэтага роздуму і паглядзець, што мы робім і што мы можам рабіць. І выбраць – паўтараць нам за іншымі народамі на свой узор, ці рабіць нешта сваё”.

 

Відэазапіс лекцыі Паўла Баркоўскага ў “Крызе”:


 

Хто не з намі, той таксама беларус і мае права на існаванне

 

Разважаючы пра цяжкасці фарміравання грамадзянскай супольнасці, Павел Баркоўскі звяртае ўвагу на ўплыў усходняй формы цывілізацыі, пад каторым беларусы доўгі час знаходзіліся. Тое адчуванне, што калі нехта не з намі той супраць нас, раз’ядноўвае людзей. Калісці ж Ігнат Абдзіраловіч, як і сёння шэраг сучасных філосафаў, прапанаваў стаўленне да беларусаў як да адзінага народа без зважання на розныя ідэнтычнасці і мовы, рознае бачанне шляхоў развіцця краіны. “Беларусы розныя, і такімі яны маюць права на існаванне ў нашым пярэстым супольным беларускім свеце”, – кажа Павел. На яго думку, зараз як ніколі актуальна навучыцца бачыць адно ў адным грамадзян, партнёраў па камунікацыі і сумесных дзеяннях, нават калі мы не падзяляем цалкам каштоўнасцей адзін аднаго. Само жыццё сёння падштурхоўвае рабіць нешта супольнае.

 

“Цывілізацыйны кава-брэйк” – новы шанец для беларусаў

 

Стан, у якім знаходзіцца зараз краіна, Павел называе “цывілізацыйным кава-брэйкам”: “Мы нікуды не рушым, мы стаім на месцы 20 год. Мы нават не ідзем за “рускім светам”. Мы падпісваем пагадненні толькі каб іх не выконваць, з такой беларускай хітрынкаю прадаючы Расіі падакцызныя ківі і апельсіны”. Гэту сітуацыю варта выкарыстаць для асэнсавання і выбару ўласнага шляху. “Рэцэпт”, агучаны яшчэ Абдзіраловічам, проста растлумачыць, але да сёння складана выканаць. Для яго выкарыстання, паводле абодвух філосафаў, варта, руйнуючы старыя формы існавання, адначасова ствараць новыя, рэалізуючы такім чынам прынцып “ліючаеся формы”.

 

Беларуская талака як магчымасць стварэння новых элітаў 

 

Сярод тых, да каго сёння найперш скіравана спадчына Абдзіраловіча, Павел Баркоўскі называе людзей, якіх раней адносілі да “інтэлігенцыі”, а зараз часцей называюць “інтэлектуаламі” – да тых, што выконваюць місію стваральнікаў творчай культуры і новага чыну жыцця, да “творчага пралетарыяту”. “Прыкладна, як некалі Маркс звяртаўся да пралетарыяту, як да чынніка эканамічных зменаў, так і Абдзіраловіч звяртаецца да пралетарыяту творчага”, – кажа Баркоўскі.

 

Ідэалы Абдзіраловіча – для тых, каго сёння называюць духоўнай элітай грамадства, хто будзе рухаць і нашу культуру, і грамадскія формы існавання. “Калі яны будуць прытрымлівацца гэтых ідэалаў, то за імі і астатнія будуць рухацца ў гэтым накірунку. Калі ўдасца стварыць грамадства, дзе будзе панаваць ідэя індывідуальнай свабоды і супольных праектаў, што робяцца не праз гвалт і прымус, а праз супольную дзейнасць, беларускую талаку, напрыклад, калі ўдасца зрабіць такое грамадства на палітычным узроўні – гэта прывядзе да таго, што і большасць людзей будзе ўцягнута ў дзейнасць і зможа сябе творча рэалізоўваць не па прапанаваных элітай ўзорах, а самім стацца гэтай элітай”, – кажа Павел.

 

Грамадства спажывання: мець што прапануюць, ці ствараць тое, што не прапанавана?

 

Звяртаючыся ў развагах да сучаснасці, Павел зазначае, што сёння пытанне не стаіць як “мець ці не мець”. Маўляў, не савецкі час, калі прыходзіш у краму, а там сасіскі… альбо ёсць, альбо няма. І ты ўжо не думаеш, што гэта за сасіскі, з якога мяса яны зробленыя – купляеш, бо альбо будзеш мець што паесці раніцай, альбо не. Сёння мы ў сітуацыі, калі заходзіш у краму, а там безліч усяго, і ты пачынаеш выбіраць з добрага лепшае. Тады ўжо пачынаеш шукаць, што пасуе найперш табе. Прыблізна такі і тут варыянт: або выбіраць з нейкіх гатовых форм, якія прымаеш ці не прымаеш, або шукаць уласна сваё. Шукаць у тым ліку тое, што ў гатовым выглядзе табе не прапанавалі.

 

Аднак, на думку філосафа, сучаснае грамадства спажывання мае свае пасткі, і ўспрымаць яго прапанову “выбару” як нават самую простую форму творчасці нельга. Павал даводзіць, што спажыванне стала новай рэлігіяй, дзе чалавек апякуецца толькі адным – спажываць як мага больш матэр’яльных каштоўнасцяў і даброт. Іх адсутнасць прымушае чалавека ўспрымаць сябе як “лузера” і шукаць не шляхі самаўдасканалення, а магчымасць атрымліваць больш грошай за меншую працу. Таму спажыванне для сучаснага чалавека гэта не творчасць, а залатое рабства. Здаецца, што гэта дае выбар, але той выбар ўяўны, падобны да выбару са шматлікіх беларускіх сартоў гарэлкі – адно і тое ж, толькі пад рознымі шыльдамі.

 

Альтэрнатывай у такой сітуацыі з’яўляецца толькі адмова ад спажывання. А сапраўдны выбар быў бы, калі б чалавек мог выбіраць паміж спажываннем матэрыяльных ці духоўных даброт і  магчымасцяў развіваць сябе як чалавека гуманітарнай культуры. На жаль, сёння чалавек часцей бачыць самарэалізацыю толькі ў добрых даходах.

 

Паміж Маісеем і Абдзіраловічам: 40 гадоў хадзіць па пустыні ці шукаць інтарэс уласнага жыцця? 

 

Абдзіраловіч у сваёй працы піша, што немагчыма з чалавека, каторы доўга быў рабом, зрабіць за кароткі час творчую асобу. У сучасным грамадстве, абцяжараным яшчэ спакусамі спажывання, задача гэта робіцца яшчэ больш цяжкай.

 

Аднак, паводле Паўла Баркоўскага, у гэтым пытанні Абдзіраловіч быў больш аптымістычны, чым  заходнія мысляры. Тыя ўжо сышліся на думцы, што выйсця няма, што грамадства спажывання нас ужо так моцна ўхапіла, што чалавек ніколі не адмовіцца ад гэтай залатой клеткі і будзе так існаваць надалей.

 

Паводле Баркоўскага, Абдзіраловіч хутчэй шукаў бы выйсце “не ў тым канечне, каб як Маісей 40 гадоў вадзіць свой народ па пустыні, каб памерлі астатнія рабы – ён хутчэй кажа пра тое, што трэба перанітоўваць самую грамадзянскую ідэю, што нас аб’ядноўвае”. Трэба знаходзіць іншыя спосабы развязання дачыненняў у грамадстве. Такія, каб мы сапраўды ставілі сабе за мэту інтарэс нашага жыцця, інтарэс не толькі ў сферы матэрыяльнай але і ў духоўнай, у сферы самарэалізацыі, якія ляжаць далёка па за матэрыяльным чыннікам.

 

Калі нават сёння ў нас усё звялося да матэрыяльнай формы, гэта не падстава для таго каб сказаць, што наогул назаўжды ў нас усе так і будзе. Прыклад многіх народаў сведчыць, што часам яны сыходзілі цалкам у гэту мяшчанскую культуру спажывання і назапашвання дабрабыту, а пасля стваралі вялікія культурніцкія прарывы, вядомыя на ўвесь свет, якімі да гэтай пары ганарыцца чалавецтва. Галоўнае – развіваць творчы імпульс у людзях. Не толькі ў адзінках, але і ў грамадзе. Калі мы гэта будзем рабіць, то выйдзем з пасткі абцяжаранасці матэрыяльнымі ці іншымі дабротамі. 

 

Даведка “Твайго стылю”

 

Ігнат Абдзіраловіч (Ігнат Уладзіміравіч Канчэўскі) (1896 – 1923) — беларускі філосаф, паэт, публіцыст.

Нарадзіўся ў сям’і судовага чыноўніка, скончыў Віленскае рэальнае вучылішча (1913), вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, Маскоўскім універсітэце (1913—16). Служыў у войску, пасля службы вучыўся на Вышэйшых кааператыўных курсах пры ўніверсітэце імя А. Л. Шаняўскага (Масква, 1917). Падзяляў праграму эсэраў, падтрымліваў украінскі нацыянальны рух. Працаваў у розных кааператыўных установах у Вільні і Смаленску. 3 1919 у Мінску, працаваў у Саўнаргасе, у Цэнтрасаюзе спажывецкіх таварыстваў Беларусі.

Друкаваў вершы, палітычныя артыкулы, рэцэнзіі ў віленскай прэсе. Актыўна пісаў вершы і артыкулы па кааперацыі. Аўтар эсэ «Адвечным шляхам» (Вільня, 1921) пра драматызм беларускіх гістарычных лёсаў.

 

Павел Баркоўскі – філосаф, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, каардынатар супольнасці «Беларуская філасофская прастора», член калегіума “Лятучага універсітэта”.

 

Цыкл лекцый, прысвечаны творчай спадчыне Ігната Абдзіраловіча арганізаваны Лятучым універсітэтам, грамадска-культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі” і моўнымі курсамі “Мова нанова”.