Сляды гісторыі вакол Крэва

Праўда, пра аднастайнасць канфесійнай сітуацыі на крэўшчыне казаць не прыходзіцца.

 

Стараверскі след

 

Недалёка ад Крэва, у в.Слабада, жывуць стараверы. Ад гэтай некалі вялікай вёскі засталося некалькі хат і пара насельнікаў. «З’ехалі ўсе – кажа апошняя жыхарка вёскі бабця Наста, – нікога ўжо няма….Раней у нас 80 кароў на поле пасвілі». Да 1961 году ў Слабадзе была невялікая царква, якую партыйнае кіраўніцтва загадала разабраць. Падмуркі царквы ды былых стараверскіх сядзіб паглынае гісторыя і бур’ян. Вёска памірае.

 

Баба Наста захоўвае некалькі стараабрадніцкіх кніг – усё тое што атрымалася зберагчы ад царквы. Ёсць і псалтыр, які трэба чытаць спецыяльна па нябожчыку. Хаваюць на тамтэйшым цвінтары усё меней і меней. «Маладыя» забываюць веру і традыцыі сваіх продкаў: наведваюць праваслаўную царкву і прытрымліваюцца праваслаўнай абраднасці. Знікаюць з этнарэлігійнага ландшафту Беларусі бурлакі – нашчадкі маскалёў.

 

Татарскі след

 

У ваколіцах Крэва калісьці жылі татары. Зараз, кажуць жыве адзін. Але ж здароўе ў яго благое. Добра захаваўся татарскі мізар (могілкі па-татарску) паміж вёскамі Ардашы і Куты. Сама назва вёскі Ардашы (ад «арда») – сведчыць пра этнічную прыналежнасць былых насельнікаў. Мясцовыя дагэтуль памятаюць паноў-татараў, што былі «за польскім часам»: Ахматовіча, Тальчэўскага, Асманоўскага. Ад сядзібы апошняга, акрамя дамоў прыслугі, нічога не засталося. Гэтыя дамы, злепленыя з гліны, калгас пакрыху руйнуе.

 

Пакінула пасля сябе адбітак яўрэйская грамада: некалькі камянёў-помнікаў на крэўскіх яўрэйскіх могілках, якія ўжо паглынула крапіва, ды руіны сінагогі. Зорка Давіда на фасадзе і архітэктура вокнаў сведчаць пра тое, што ў будынку з праваленым дахам у міжваенны час была сінагога.

Якой бы веры ці нацыянальнасці ні былі насельнікі гэтага краю, іхнія дарогі вялі да скрыжавання на рыначным пляцу ў час кірмашу. А на кірмашы усе людзі роўныя і аднолькавыя, як перад Богам.

 

Першая вайна

 

Крэва можна смела назваць горадам-помнікам Першай Сусветнай Вайны. Тры з паловай гады лінія фронту, што праходзіла па рацэ Крэўлянцы, падзяліла мястэчка на два бакі – нямецкі і рускі. Уявіце, дзе зараз знаходзіцца царква – стаялі рускія, а дзе касцёл – немцы.

 

Вайна каменя на камяні не пакінула ад Крэва. Нават стары замак стаўся ахвярай вайны: у малой вежы дагэтуль можна знайсці дот і бункер, складзеныя з камянёў сцен замка, а ў заходняй сцяне – дзіра ад расійскай артылерыі. Ад Крэва на поўнач і поўдзень ідзе лінія нямецкіх вайсковых умацаванняў: дотаў, бункераў, капітулаў. Нават праз 90 год яны не страцілі «стратэгічнага» прадвызначэння. Мясцовыя жыхары робяць у бункерах бані, бульбасховішчы і сметніцы. А дзеці любяць гуляюць у іх у «вайнушку». Нават зараз у некаторых бункерах можна знайсці аскепкі ад снарадаў.

 

У памяці людзей застаўся факт братання салдатаў. Пан Францішак Мядоўскі з вёскі Чухны кажа, калі ўжо было падпісана перамір’е, немцы мянялі свае гадзіннікі, залатыя рэчы на хлеб, бо ў рускіх на дзень давалі 800 грамаў хлеба. Увечарох, калі не было баёў, нямецкія і рускія салдаты сустракаліся і …мяняліся папіросамі. Праўда, немцы давалі нармальныя цыгарэты, а рускія – простыя махоркі. «Часам немцы з рускімі збяруцца, стаяць і гавораць», – успамінаюць мясцовыя. Пры гэтым жыхары казалі, што немцы з першае вайны былі добрымі, больш гасціннымі і чалавечнымі, чым з другой.

 

align=”left” >Бункеры і акопы, помнікі і могілкі – маўклівыя сведкі тых далёкіх падзей. У Смаргонскай зямлі знайшлі вечны супакой шмат нямецкіх і рускіх салдатаў. Частка з вайсковых могілак была зруйнавана, а частка захавалася. Нават стагоддзе пасля нямецкія пахаванні выглядаюць дагледжанымі. Варта паглядзець на могілкі ў Барунах, Палтароўшчыне. Большасць пахаванняў і помнікаў былі створаны яшчэ ў гады вайны. Аднак у 20-х гг. прыязджалі спецыяльныя нямецкія экспедыцыі – займаліся пошукам пахаваных у палях салдатаў. Як успамінаюць жыхары, немцы прыязджалі з мапамі, на якіх былі дакладна пазначаны ўсе пахаванні. Сярод аднолькавых крыжоў, сустракаюцца крыжы з цікавым надпісам: «nieznany zol. ros. » (невядомы(-ыя) расійскі(-ія) жаўнер(-ы)).

 

Другая вайна

 

Другая Сусветная Вайна правяла праз крэўшчыну адміністратыўную мяжу. Адна частка рэгіёну была падпарадкавана рэйхскамісарыяту Літвы, а другая рэйхскамісарыяту Беларусі. «Тутака Літва была, а там Беларусь пачыналася», – кажуць сівыя бабулі і дзядулі – сведкі апошняй вайны. Днём у хату прыходзіў добры паліцай з шакаладкай, ноччу – галодны партызан з ружжом, а на раніцу – бандыт з гвалтам. Усе пакідалі беларуса з нічым…


Прыродны след

 

У ваколіцах Крэва можна знайсці шмат валуноў – помнікаў прыроды. Так, ёсць Крэўскі валун, Ядзвігін камень і цудадзейны Асанаўскі валун. Пан Вацлаў Вацлававіч, з вёскі Асаны каля якой знаходзіца валун, кажа што трэба проста прыйсці да валуна, залезць на яго і сканцэнтравацца на бальным мейсцы. 10 хвілін працэдураў і ты здаровы, як кіт. У самой вёсцы захаваўся будынак вясковай «бані па-чорнаму».

 

Рэлігіі і культуры, народы і імперыі перакрыжоўваліся на Крэўчшыне.Усё гатавалася на патэльні гісторыі. Засталіся бункеры і доты ў палях з жытам, крыжы і камяні на могілках. Памяць чалавека стварыла з гэтых аскепкаў багіні Кліа міф са сваімі героямі і злодзеямі. А чалавек так і застаўся стаяць на скрыжаванні паміж захадам і ўсходам.

Фота аўтара