Што павінны ведаць гарадзенцы, якія збіраюцца на курорты ў “небяспечныя” краіны: меркаванне эксперта

|

Егіпет



У апошні час паток турыстаў на гэты накірунак значна скараціўся. Сыграў негатыўны вобраз Егіпта як краіны, на тэрыторыі якой могуць дзейнічаць асобныя тэрарыстычныя групоўкі. У асноўным на поўначы Сінайскага паўвострава (у раёне Сектара Газа) або ў аазісах Лівійскай пустыні, з якімі ідзе пастаянная барацьба.

 

На самой справе краіна вельмі падзеленая ўнутры. Ёсць курортныя раёны, вялікія гарады і пойма Ніла, дзе засяроджана асноўнае насельніцтва, а ёсць пустыня. Яны заўсёды былі падзеленыя пунктамі кантролю. Каб паехаць, напрыклад, з Хургады ў Каір, трэба мець пры сабе пашпарт і праходзіць КПП. Да таго ж для руху па пустыні заўсёды турыстычныя аўтобусы збіраліся ў караваны і суправаджаліся аховай.

 

Варта адзначыць, што так было заўсёды(!). На курортах бяспека была заўсёды на павышаным узроўні. Усё ускладнілася пасля ўзарванага расійскага самалёта і забароны палётаў у Егіпет з Расіі. 

У СМІ пачаў навязвацца негатыўны вобраз Егіпта, не заўсёды аб’ектыўны. Разам з тым, авіякампанія “Белавія” са сваёй службай бяспекі пратэставала ўзровень кантролю ў егіпецкіх аэрапортах. Было прынята рашэнне пакінуць палётную праграму ў Хургаду, праводзячы сумесны кантроль пры рэгістрацыі на рэйсы, а вылеты ў Шарм-эль-Шэйх часова прыпыніць. На сённяшні дзень чартары ў Хургаду з Мінска лётаюць два разы на тыдзень. Кошты на туры прыкметна знізіліся. Кошт адпачынку на 11-12 дзён можа складаць 700-800 долараў на двух чалавек пры пражыванні ў гатэлях ўзроўню 4* пры харчаванні “усё ўключана”. На сённяшні дзень адпачынак у Егіпце з’яўляецца самым даступным (не трэба загадзя афармляць візу, пералёт усяго 4 гадзіны) і самым бюджэтным. 

Практычны кожны дзень гэта расказваем гарадзенскім турыстам, якія пытаюць пра Егіпет. Але заўсёды трэба разумець, што ёсць такі стан рэчаў, а ёсць асабістае рашэнне кожнага ляцець ці не ляцець, да якога заўсёды ставімся з разуменнем. 

 

Турцыя


Тут сітуацыя цалкам, на мой погляд, іншая. Сітуацыя з Турцыяй залішне палітызаваная. Усе памятаюць, што гэта пачалося пасля збітага турэцкімі СПА расійскага ваеннага самалёта. Не хачу разважаць на гэтую тэму і навязваць свой погляд. Тут не пра гэта. Лічу толькі, што дзеянні расейскага боку, дзеянні расійскіх СМІ дадзены інцыдэнт залішне палітызавалі. Былі забароненыя ўсе палёты з Расіі ў Турцыю, было ўведзена эмбарга на ўвоз турэцкіх тавараў у Расію, фактычна былі замарожаныя эканамічныя і палітычныя сувязі паміж Расіяй і Турцыяй. Паўтаруся – гэта рашэнне палітычнае.

У Турцыі няма праблемы тэрарызму, асабліва ў курортных раёнах. Так, Турцыя ўдзельнічае ў сірыйскім канфлікце, у яе ёсць свае інтарэсы, у тым ліку па абароне турэцкага насельніцтва Сірыі. Але турэцка-сірыйская мяжа знаходзіцца амаль за тысячу кіламетраў ад турэцкіх курортаў, узровень бяспекі на якіх заўсёды заставаўся высокім. Роўна як высокім заўсёды заставаўся турэцкі сэрвіс на курортах. Дадзены кірунак працягвае заставацца для беларускага турыста адным з самых даступных: бязвізавы рэжым, прамыя пералёты ў мяжы 2-2,5 гадзін, прывабныя цэны (па раннім браніраванню кошт тура на 2 чалавек у гатэль 5* можа складаць 800 далараў).

Беларускія турыстычныя кампаніі не толькі не згарнулі палётную праграму ў Турцыю, але і пашырылі яе з рэгіёнаў: гэтым летам упершыню паляціць чартар на Анталію з Гродна.

 

Худа-бедна, але ранняе браніраванне на турэцкім кірунку пачалося. Мы традыцыйна удзельнічаем ў чартэрнай праграме па Эгейскаму рэгіёну (Кушадасы, Бодрум, Мармарыс).

 

Ізраіль



З 26 лістапада 2015 года паміж Беларуссю і Ізраілем пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым. Дадзены кірунак заўсёды быў цікавы для беларускага турыста. Ізраіль прыцягвае ў першую чаргу сваёй багатай экскурсійнай праграмай. Ерусалім, Віфляем, Назарэт і іншыя гарады – месцы, дзе дзеялася гісторыя, закладваліся асновы трох сусветных рэлігій. У сувязі з гэтым беларусам цікавыя і паломніцкія паездкі ў Ізраіль. Гэтак жа цікава лячэнне на Мёртвым моры ды медыцынскі турызм наогул, паколькі ўзровень медыцыны ў Ізраілі лічыцца адным з самых высокіх у свеце.

 

Ізраіль з’яўляецца таксама перспектыўным напрамкам і для адпачынку на моры: ізраільскі Эйлат, а таксама міжземнаморскае ўзбярэжжа могуць стаць сур’ёзнай альтэрнатывай адпачынку ў Егіпце. Таксама цікавыя беларусам і гасцявыя паездкі ў Ізраіль, паколькі ў Ізраілі пражывае вялікая колькасць выхадцаў з Беларусі.

 

Высокая якасць ізраільскага сэрвісу, а таксама ўзровень работы ізраільскай службы бяспекі – самы высокі ў свеце, бязвізавы рэжым, прамыя пералёты (3 гадзiны з Мінска, 2 разы на тыдзень лётаюць рэгулярныя рэйсы ў Тэль-Авіў) – усё гэта з’яўляецца сур’ёзнымі фактарамі для развіцця турызму на ізраільскім кірунку.

Асобна заўважу, што чартары пакуль турыстычныя кампаніі ставіць не спяшаюцца. Можа быць гэта выклікана тым, што ізраільскi напрамак больш з’яўляецца асенне-зімовым і пачынаць чартарную праграму трэба з верасня. Таксама цэны ў Ізраілі на адпачынак вышэй, чым у Егіпце і Турцыі разы ў 1,5, а фактар ​​цаны пакуль з’яўляецца вызначальным. 

 ***

Матэрыял рыхтаваўся да нядаўняга абвалу беларускага рубля. Але, як лічаць спецыялісты, скачок долара толькі часова прыпыніць паездкі турыстаў у цёплыя краіны.