У Гродне паставілі агульнабеларускі рэкорд па лепцы пяльменяў

|

Мерапрыемства праходзіла адначасова ў 11 краінах свету. Жыхары розных гарадоў ад Гішпаніі да Расіі спрабавалі паказаць добрыя вынікі ў майстэрстве вырабу пяльменяў. Гарадзенцы далучыліся да флэшмобу ў кавярні “Веранда”.


– Флэшмоб праходзіў упершыню. Мэта – не толькі наляпіць максімальную колькасць пяльменяў, але і пазнаёміць паміж сабой крэатыўных і разумных людзей, – расказала арганізатарка Вера Бубнова.

 

У Гродне з галоўнай задачай справіліся добра і паставілі рэкорд не толькі горада, але і ўсёй Беларусі. За 20 хвілін удалося зляпіць 733 пяльменя. Для параўнання, у Мінску – 243, у Віцебску – 193.

 

 

Майстар-клас па лепцы даваў шэф-повар “Веранды” Дзмітрый, якi лічыць, што такі флэшмоб карысны перадусім для тых, хто хоча чамусьці навучыцца.

 


– Усе інгрэдыенты мы падрыхтавалі самі і гатавалі выключна беларускія пяльмені. Ад усіх іншых яны могуць адрознівацца формамі і начынкай, а так склады ва ўсім свеце амаль аднолькавыя. Асабіста я дадаю слiвачнага масла, каб пяльмені былі больш сакавітымі.

 

На Creative Pelmeni Party прыйшлі і вядомыя гарадзенцы, у тым ліку радыёвядучы Дзмітрый Чэкан. У “Верандзе” ён быў замест жонкі, якая засталася з дзіцём дома.

 


– Я нават і не ведаў, што такое бывае ў нас у горадзе. Сёння мая цяга да кулінарыі і масажу сябе апраўдала. Я карміцель і ўсё, што зрабіў на флэшмобе, панясу дадому.


 

Рэкорд свету паставілі ў Сочы, дзе ў акцыі ўдзельнічала больш за 300 чалавек. Яны зляпілі каля 2000 пельменяў і 5200 варэнікаў. Іх вынік, магчыма, патрапіць нават у кнігу рэкордаў Гінэса.