У Беластоку пачалі здабываць электраэнергію са смецця

|

Выпрабаванні праходзілі з верасня і скончыліся паспяхова. Цяпер “спалярня” зможа перапрацоўваць да 372 тон смецця ў суткі. Выкіды, якія ўтворацца ў выніку спальвання смецця, патрапяць у ачышчальную сістэму, а шлакі будуць бяспечна захаваныя. Памер выкідаў будзе стала замярацца яшчэ да таго, як яны выйдуць праз комін. Яны павінны быць меншымі, чым нормы, зацверджаныя Міністэрствам навакольнага асяроддзя.

 

Гэта не адзіная інвестыцыя ў сферы гаспадарання смеццем, якая з’явілася ў регіёне. У Грыневічах, дзе дагэтуль адкіды збіраліся на палігоне, будуецца завод сартавання смецця. Абедзве інвестыцыі разам створаць комплекс, якім будуць карыстацца жыхары Беластока і 10 навакольных гмін.

 

Беластоцкая “спалярня” ў лічбах

3,3 га – тэрыторыя, якую займае

390 тыс. – колькасць жыхароў, якія будуць карыстацца з 2016 г. новай сістэмай гаспадарання адкідамі

120 тыс. тон – колькасць смецця, якую будзе прымаць завод у год

16 тыс. – колькасць хатніх гаспадарак, якія атрымаюць электрычнасць у выніку спальвання

870 – колькасць прыватных дамоў, якія можна абагрэць зімой дзякуючы спальванню

15,5 тон – столькі смецця можа перапрацаваць завод за гадзіну

850-1000 градусаў – працоўная тэмпература

 

 

Завод у Беластоку – першы ў Польшчы. Падобныя “спалярні” хутка паўстануь у Кракаве, Коніне, Познані, Быдгошчы і Шчэціне. У Польшчы такія аб’екты толькі пачынаюць паўставаць, у той час калі ў Заходняй Еўропе адыходзяць ад такіх рашэнняў, стараючыся пашыраць рэсайклінг. Апошнім часам зачынілася, на прыклад, адзін такі завод у Гамбургу, неўзабаве там плануецца і другі, яшчэ адзін – у Францыі.

 

 

Беластоцкая інвестыцыя, якую рэалізоўвалі два гады, ад пачатку выклікала шмат пытанняў. Жыхары прыватнага сектара, побач з якім пабудавалі завод, пратэставалі супраць такога суседства, баючыся наступстваў для навакольнага асяроддзя.

 

 

Завод пабудаваны ў межах праекта, рэалізаванага пры падтрымцы Еўрасаюза. Агульны кошт праекта – 490 млн злотых, з якіх сродкі ЕС складаюць 210 млн. Беластоку давялося таксама браць крэдыт у памеры 146 млн злотых.

 

Фота: Анатоль Хоміч, poranny.pl