“Усе паэты хацелі жыць як Купала, але не хацелі так памерці”. Гарадзенскую “МоваНанова” наведаў Алесь Плотка

Плотка пачаў з цытаты: “Усе паэты хацелі жыць як Янка Купала, але не ўсе паэты так хацелі памерці” – гэта тычыцца сучаснай паэзію і паэтаў. Ён адзначыў, што зараз маладыя беларускія паэты, і ён у іх ліку, пішуць пра падзеі ад “нулявых і да сучаснасці”.

 

Плотка прыехаў у Гродна ў межах “Лютага туру” з прэзентацыяй кнігі “Байсан”, на вокладцы якой – нашумелая “вершніца”, што “ўскрыла праблемы гендарных і міжгенерацыйных стасункаў у беларускім грамадстве”.

 

Кніга ўжо атрымала цёплыя водгукі крытыкаў, а выява на вокладцы – узнагароду фестывалю беларускай рэкламы Ad.nak! Выданне – своеасаблівы “best of” паэта, у які ўвайшлі лепшыя вершы ад першых публікацый да сённяшняга дня: ад маладосці ў нефармальным асяродку Гомеля да пабачанага і перажытага на прасторы ад Багамаў да Уладзівастоку.

 

 

Сам Алесь Плотка адносіць сябе да “хворых людзей, у добрым сэнсе, якія не могуць не пісаць”. Ён “цягніковы” паэт, паэт-вандроўнік, які ўсё жыццё шукае тое месца, дзе яго спасцігне спакой і бясконцае натхненне. Такое месца ён ужо мае – гэта сядзіба яго дзеда ў цэнтры Баранавіч. Але сам ён яшчэ не гатовы там асесці.

 

Плотка ўзяў сябе псеўданім “Байсан”, што паходзіць з марскога слэнгу. Яно азначае “зямляк”. У канцы “нулявых” ён працаваў на караблях у Атлантычным акіяне (Багамскі напрамак), адкуль і вынес гэтае слова, якое падалося вельмі трапным для светаадчування “Беларусаў свету 2.0” – людзей не ад сахі, касы і ідэй рамантызму, але з досведам вандровак у сучасным зменлівым свеце. Паэт зазначае, што працуе ў адпаведным ключы – апісвае класічныя канфлікты сучаснымі словамі, з’явамі і персаналіямі. Плануе паглыбіцца ў апісанне падзей пачатку “нулявых”.

 

Фота: Марк Харламаў