Са старога ясеня ў парку зробяць арт-аб’ект, але пакуль невядома які

|

Пра скульптуру задумаліся яшчэ ў 2012

 

Дыягназ пра ўсыханне ясеня паставілі спецыялісты Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта яшчэ ў 2008 годзе. Тады з-за аварыйнага стану дрэва яны не знайшлі магчымасці яго захаваць. У 2012 годзе вырашылі, што найлепшы варыянт захаваць пяцімятровы ствол – выразаць з яго скульптуру.

 

Са спілаванага ў парку Жылібера ясеня зробяць скульптуру

 

На ясені ў той час з’явілася адпаведная абвестка “Зелянбуда”, а ў пачатку 2013 года гарадскія ўлады абвясцілі конкурс эскізаў для рэалізацыі праекта. Вынікі конкурса мусілі быць сабраныя да 1 сакавіка і абвешчаны да 10-га.

 

Абвешчаны конкурс на выраб скульптуры з ссохлага дрэва ў парку Жылібера

 

Адной з найбольш рэалістычных на той момант выглядала прапанова гарадзенскага рэзчыка Мікалая Скляра. Майстар даводзіў, што нельга пакідаць дрэва “на карню”, бо вільгаць з глебы будзе парушаць яго цэласнась і прыводзіць да гніення.

 

 

Аднак у той год ні вынікаў конкурсу, ні скульптуры гарадзенцы не дачакаліся – ва ўпраўленні архітэктуры гарвыканкама паведамілі, што на яе выраб няма сродкаў, а архітэктурнае бюро “Гродназелянбуда” парэкамендавала закансерваваць парэшткі дрэва, каб захаваць іх да таго часу, калі з’явяцца грошы.

 

Другую хвалю выклікаў пост у блогу

 

Наступным разам хваля цікавасці да старога дрэва ўзнялася па “ініцыятыве з месцаў”. Краязнаўца Мечыслаў Супрон распавёў пра тое, як стварылі арт-аб’ект з засохлага дрэва ў Германіі, і прапанаваў зрабіць тое ж у нас.

 

 

Блогер прапануе зрабіць са старога ясеня ў парку Жылібера гістарычную скульптуру

 

Апублікаваны на “Тваім стылі” матэр’ял зацікавіў старшыню гарвыканкама. Мечыслаў Гой прапанаваў сайту правесці конкурс прапановаў на выраб паркавай скульптуры і паабяцаў падтрымку ў рэалізацыі.

 

Што зрабіць са старым ясенем? Стартуе галасаванне на лепшы праект паркавай скульптуры

 

Да канца верасня 2015 года “Твой стыль” атрымаў 13 прапановаў ад 6 аўтараў і правёў інтэрнэт-галасаванне. Большасць галасоў чытачы аддалі за праект Уладзіміра Качана.

 

 

У конкурсе ідэй для паркавай скульптуры са старога ясеня перамог праект Уладзіміра Качана

 

Аднак атрымаць фінансаванне на рэалізацыю гэтага праекта не атрымалася. Мастаку ў гарвыканкаме адказалі, што прадстаўлены праект адносіцца да “твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва”, а іх рэалізацыя павінна адбывацца паводле адпаведнага заканадаўства. Вынікі галасавання ў інтэрнэце камісія назвала недастатковай падставай для фінансавання з бюджэту.

 

Штосьці зробяць, але яшчэ не ведаюць што

 

Тым не менш, гарадскія ўлады не адмаўляюцца ад ідэі стварыць арт-аб’ект са старога ясеня. Ва ўпраўленні архітэктуры паведамілі, што ясень уключаны ў тытульныя спісы аб’ектаў дабраўпарадкавання і работы даручаны гарадскому упраўленню ЖКГ і “Зелянбуду”. Замоўца аб’екта (ЖКГ) павінен будзе арганізаваць тэндар паміж праектнымі арганізацыямі і падрадчыкамі. Узгадніць мастацкі ўзровень канцэпцыі патрэбна з абласным экспертным мастацкім саветам.

 

Намеснік генеральнага дырэктара гарадскога ЖКГ Сяргей Семашка паведаміў, што зараз спецыялістам “Зелянбуда” трэба ацаніць стан дрэва і прынцыпова вызначыць, у якім выглядзе яно можа быць захавана. З яго словаў, верагодней за ўсё, пакінуць яго ў такім выглядзе як зараз не атрымаецца – стан драўніны ўжо не вельмі трывалы і не выключана пагроза абрушэння. Магчыма, дрэва будзе спілавана, карэнне закансервавана, а пасля ствол замацуюць на пні з дапамогай анкераў. З іншага боку, спецыялісты могуць палічыць больш мэтазгодным гарызантальнае размяшчэнне спілаванага ствала.

 

Зараз усе арганізацыйныя пытанні ў працэсе вырашэння. Пра вынікі кіраўніцтва гарадскога упраўлення ЖКГ абяцала расказаць ўжо праз тыдзень.

 

 

Гой возьме пад кантроль

 

Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой пацвердзіў, што праект Уладзіміра Качан выканаць не атрымаецца – надта дарагі. Але магчыма, што да распрацоўкі больш простай ідэі мастака таксама прыцягнуць – усё ж яго праект спадабаўся гараджанам. Старшыня паабяцаў узяць працэс пад асабісты кантроль, каб арт-аб’ект сапраўды з’явіўся да фестывалю.

 

  

Чытай больш:

 

Лукамор’е па-гарадзенску паўстала ў Каробчыцах