Аматары коміксаў – не хлопцы-задроты. Першая ў Гродне крама коміксаў расце і стварае кам’юніці

Місія – стварыць кам’юніці

 

У 2013 годзе на Гродзенскім форуме і Укантакце праводзілі апытанне, ці патрэбна гарадзенцам крама коміксаў. У сеціве ідэю падтрымалі, але заўважылі, што крызіс яе развіццю не паспрыяе. Тым не менш, з верасня 2015 NovaBooks паспяхова працуе. Пра акупнасць не расказваюць з-за камерцыйнай таямніцы, але кажуць: рост ёсць.

 

NovaBooks знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры Old City у павільёне віртуальных забаў NovaCinema, але жыве ўласным жыццём.

 

Novabooks і Novacinema: відэарэпартаж з месца, дзе жывуць коміксы і круцяць “фільмы ў 360-D”

 

 

Спачатку гэта нельга было назваць крамай, – кажа супрацоўнік Вадзім. – Толькі некалькі паліц з коміксамі. У нас не было суперразліку на вялікую краму. Але хутка запыты сталі большымі, чым мы маглі прапанаваць.

 

Праз два-тры месяцы ў краме з’явіўся яшчэ адзін стэнд і пашырыўся асартымент. Зараз у NovaBooks ёсць часопісы, літаратура, размалёўкі і кубкі-сувеніры. Ледзь не ўсю партыю кубкаў, дарэчы, разабралі перад Днём святога Валянціна. Хутка завязуць пробную партыю магнітаў і падставак пад гарачае. Супрацоўнікі крамы вераць у далейшы рост. Вадзім прызнаецца, што краму яны адкрывалі ў тым ліку і для сябе: дагэтуль купіць коміксы ў Гродне было складана.

 

 

Разам з крамай з’явіліся суполка Укантакце і сайт. Так NovaBooks хочуць стварыць у Гродне кам’юніці аматараў коміксаў. У краме ўжо ёсць пастаянныя кліенты, якія адсочваюць ледзь не кожны прывоз, а ў суполках – аматары, якія адсочваюць абнаўленні. Афлайнавыя мерапрыемствы па коміксах пакуль не плануюцца. Затое, магчыма, адбудзецца турнір на прыстаўцы па Mortal Kombat.

 

 

Выбуху продажаў Deadpool’а не было

 

Коміксы пра Deadpool’а заўсёды былі папулярнымі сярод гарадзенцаў, таму пасля выхаду нашумелага фільма выбуху продажаў не было. Вадзім кажа, што папулярнасць Deadpool’а праяўляецца не ў павышаных продажах, а ў павялічаным выхадзе літаратуры.

 

 

Пасля прывозу ў NovaBooks з’явяцца наступныя коміксы: “Deadpool уничтожает Вселенную Marvel”, “Deadpool: Мертвые президенты”, “Deadpool уничтожает литературу”, “Deadpool уничтожает Deadpool” і кніга прозы “Deadpool. Лапы”.

 

– Дэдпул – гэта персанаж, які заўсёды займаецца знішчэннем. Што ён знішчае ў чарговым коміксе, можна зразумець па назве, – кажа Вадзім.

 

 

Коміксы – тавар не масавы, але актуальны

 

Коміксы прывозяць з Расіі. Самыя папулярныя – гэта амерыканская “вялікая двойка” – Marvel і DC. Ёсць і добрыя расійскія выдавецтвы – напрыклад, “Bubble”. Вадзім лічыць, што яны незаслужана менш папулярныя.

 

 

Кнігі ў NovaBooks настолькі розныя, што цяжка казаць пра іх сярэдні кошт. Ён залежыць ад вокладкі, мяккай ці цвёрдай, і якасці малюнка. Коміксы Marvel каштуюць каля 150 тыс. Коміксы ў цвёрдай вокладцы абыйдуцца ў 200-300 тыс.

 

Самая дарагая кніга – “Энцыклапедыя Marvel“ – каштуе 1,14 млн. На другім і трэцім месцы – “Энцыклапедыя Зорных войнаў” коштам 990 тыс. і “Энцыклапедыя DC” за 500 тыс.

 

 

 

 

Як у кожнай сферы, у коміксах ёсць мэйнстрым і “кнігі не для ўсіх”. Мэйстрымам можна лічыць Дэдпула і коміксы Marvel. З незвычайных коміксаў Вадзім называе “Красный сын” – комікс пра Супермэна ў СССР, намаляваны ў камуністычных дэкарацыях. А яшчэ “Мэг, Мог и Сова лучше всех” з ведзьмай і антропаморфнымі жывёламі. Тут ёсць “наркотыкі, сэкс і рок-н-рол”.

 

 

– Я чуў на яго процілеглыя рэакцыі, але мне спадабалася, – кажа Вадзім.

 

 

Аматары коміксаў – не хлопцы-задроты

 

Навошта купляць коміксы, калі можна іх спампаваць з інтэрнэту? Аказалася, сярод аматараў коміксаў папулярна калекцыянаванне. Вадзім тлумачыць гэта тым, што коміксы эстэтычна прыемныя для чытання.

 

 

Ёсць стэрэатып, што аматары коміксаў – гэта хлопцы-задроты. Насамрэч, і дзяўчаты, і хлопцы аднолькава цікавяцца коміксамі. Гэта маладыя людзі 16-20 гадоў, студэнты старэйшых курсаў, маладыя спецыялісты. Старэйшыя людзі не прыходзяць.

 

Пытаю, якія коміксы будуць цікавы пачаткоўцу. “Калі чалавек прыйшоў у краму, значыць, ён ужо мае ўяву пра коміксы, любіць пэўныя фільмы. Нават візуальна можна вызначыць тое, што табе падабаецца”.