Гурт Dzieciuki прэзентаваў у сеціве новы альбом “Рэха” (праслухаць і спампаваць)

|

 

Гэты альбом атрымаўся канцэптуальны ў сваім тэматычным кантэксце: усе песні выключна на гістарычную тэматыку, якая раскрываецца, як праз гераічны эпас, так і праз трагічныя старонкі мінулага“, – апавядае аўтар тэкстаў гурту Дзяніс Жыгавец. “Дзецюкоў” асабліва цікавіць тая гісторыя, якая забытая ці сарамліва замоўчваецца сённяшнімі беларускімі ўладамі: антырасійскія паўстанні, антыбальшавіцкія бунты, сталінскія рэпрэсіі… Дзяніс кажа, што ў назву рэлізу яны ўклалі галоўную яго думку. “Усё, што адбывалася ў мінулым, мае непасрэдны ўплыў на сучаснае і будучае. І гэты альбом сам ёсць рэхам мінуўшчыны. Рэхам, якое нясецца ад часоў Вялікага княства Літоўскага, закранае Рэч Паспалітую, праходзіць праз Беларускую Народную Рэспупліку, спатыкаецца аб савецкі пэрыяд і ўрываецца ў першыя гады Незалежнай Беларусі, як бы паказваючы нам, той спрадвечны шлях“.

 

Паша “Трабл”

 

Альбом атрымаўся куды больш насычаным па гучанню, чым дэбютнік Гарадзенскі гармідар. Гэта заслуга гукарэжысёра Стыва Крамэра са студыі “Эверест” і Андрэя Баброўкі з студыі “Селах”, які займаўся звядзеннем і майстарынгам.

 

Dzieciuki unplugged: у Гродне прайшла прэзентацыя дэбютнай кружэлкі (фота і відэа)


Dzieciuki: “Крытыкі пройдуцца па нашым альбоме наждаком”

 

Як мне падаецца, з музычнай кропкі погляду, альбом атрымаўся з аднаго боку больш роўным, чым папярэдні, з другога – больш разнастайным. Дуды тут, на жаль, менш, затое больш акардыёну. З’явіўся новы інструмент у нашай музычнай палітры ­– банджа“, – распавядае суаўтар альбому і вакаліст гурта Алесь Дзянісаў. Акрамя яго тэкстаў і Жыгаўца тут яшчэ гучыць дзве песні на вершы паэта Алеся Чобата. У запісе таксама ўзялі ўдзел запрошаныя госці, сярод якіх Аляксандар Памідораў, Сяргей Башлыкевіч і Павал Белы з гурта “Тлушч”.

 

Алесь Дзянісаў

 

Dzieciuki заўжды падкрэсліваюць, што яны не граюць ірландскі панк, хоць і знаходзяцца пад моцным уплывам гэтага стылю. “Пры гэтым, не толькі ў музычным разуменні: з ірландцамі беларусаў яднае любоў да бульбы, дыстыляту ды нянавісць да імперый, якія ўвесь час марылі захапіць нашыя мірныя і працавітыя народы“, – удакладняюць гарадзенцы.

 

Яшчэ адна рыса, на якую звяртаюць увагу музыкі – апалітычнасць. “Гэта сапраўды так, мы проста выступаем супраць таталітарных правых і левых ідэй. Простымі словамі: нацыстам і камуністам – не месца на нашых канцэртах! Астатніх – заўжды рады бачыць!”, – заўважае Алесь Дзянісаў.

 

 

Жывая прэм’ера альбому пройдзе ў Беластоку (12 сакавіка), у Гомелі (18 сакавіка), Віцебску (26 сакавіка), а таксама ў Польшчы – Сувалкі, Варшава, Кракаў, Жэшув, Гарадок, Вроцлаў; Украіне – Луцк, Львоў, Калуш, Чарнаўцы, Адэса, Кіеў, Чарнігаў. Прэзентацыя ў Мінску пакуль пад пытаннем. Падрабязней пра даты і месцы можна дазнацца ў афіцыйнай суполцы гурта.

 

 

Спампаваць альбом у архіве ZIP

 

tuzin.fm