Чаму будаўнікі Вітаўта малявалі на цэгле свастыкі ды зоркі? Археолагі не маюць адзінага адказу

Не кожны, аднак, ведае, што праз 200 год пасля таямнічых знакаў на плінфе, ужо ў часы пабудовы гатычнага замку Вітаўта, майстры таксама рабілі на цэгле знакі. Праўда, цэгла выглядала ўжо зусім інакш ды знакі выразаліся нажом, а не адціскаліся, як у выпадку з плінфай (у гэтым выпадку знакі выразаліся на самой форме для вырабу, таму ўжо на плінфе выглядалі выпуклымі).

 

Агулам знакаў – больш за сотню!

 

Першым на знакі на цэгле Вітаўта звярнуў увагу археолаг Мікалай Варонін, які працаваў у Гродне пасля вайны: ён налічыў ажно 102 (!) выявы розных сімвалаў. З імі ж пасля сутыкнуўся Алег Трусаў – ужо на пераломе 1980-х і 90-х. Падчас мінулагодніх раскопак на тэрыторыі Старога замку археолагам у чарговы раз трапіліся цагліны ды іх фрагменты са знакамі…

 

Замак і месца раскопак у 2015-м

 

– Знакі вельмі розныя, – тлумачыць археолаг Алесь Хацько. – Гэта і крыжы розных формаў, і ромбы, і зігзагі… У 2015-м мы знайшлі агулам чатыры цэлыя і шэсць фрагментаў цэглы са знакамі часоў Вітаўта.

 


Зорка, свастыка, “мальтыйскі крыж”…

 

Вельмі арыгінальна глядзіцца выява пяціканцовай зоркі, прамаляванай фактычна так жа, як дзеці малююць зорку ў дзіцячым садку – не адрываючы руку ад паперы. Раней археолагам такія выявы не трапляліся. Цікавай падаецца таксама выява васьміканцовага (мальтыйскага) крыжа, упісанага ў квадрат або “пакладзенай на бок” свастыкі…

 

“Мальтыйскі крыж”

 

– Ёсць меркаванне, што знакі рабіліся для ўліку, кантролю якасці, ідэнтыфікацыі кліентаў, – працягвае Хацько, – або гэта наўпрост аўтарскія знакі, калі ўлічыць, што вытворцаў цэглы для замку працавала шмат. Канчатковага адказу мы, на жаль, пакуль не ведаем.

 

Выява стралы

 

“Зорка” на фрагменце цэглы

 

Знак бачны на фрагменце захаванай кладкі на Старым замку


Аналагі: ад Кіева да Сандаміра

 

Цікава, што той жа Варонін даводзіў, што  знакі на цэгле Вітаўта – гэта працяг традыцыі маркіроўкі плінфы, з якой будавалася Каложа. Для параўнання ён прыводзіў помнікі “старажытнарускага” дойлідства ў Кіеве ды Чарнігаве. А вось літоўскі даследчык Левандаўскас прыводзіць зусім іншыя аналогіі – гатычныя будынкі Сандаміра, Каўнаса ды Вільні, дзе на тарцах цэглы добра бачныя прарэзаныя выявы: яскравы прыклад – віленскі касцёл св.Ганны.

 

Як бы там не было, але выглядае, што “знакі на цэгле Вітаўта” рызыкуюць стаць чарговай легендай, якая будзе прадукаваць новыя версіі, тэорыі ды псеўданавуковыя інсінуацыі.

 


 

Фота: Алесь Хацько, Вольга Мілава