Адключэнні электрычнасці пад час Гадзiны Зямлi ніяк не паўплываюць на працу электрастанцый Гарадзеншчыны

|

Гадзіна Зямлі (англ. Earth Hour) – штогадовая міжнародная падзея, якая праводзіцца Сусветным фондам дзікай прыроды (WWF). Арганізатары заклікаюць усіх – прыватных асоб, арганізацыі, школы, дзяржаўныя і камерцыйныя ўстановы – выключыць святло і другія не жыццёва важныя электрапрыборы (акрамя ліфтоў) на адну гадзіну, каб стымуляваць цікавасць да праблемы змян клімату.

 

Студэнт Гарадзенскага ўніверсітэта Сяргей – адзін з тых, хто выступае супраць акцыі.

 

Мы пастаянна карыстаемся электрычнасцю, фактычна кругласутачна, толькі ў глухую ноч спажыванне памяншаецца. Для выпрацоўкі электрычнасці ёсць складаныя прылады, якія трэба падтрымліваць у вызначаных нагрузках. Мы прывыклі, што ў нас заўсёды пастаянны ток з пэўнай частатой, то бок нагрузка павінна быць сталая.


А што адбываецца ў Гадзіну Зямлі? Рэзкае паніжэнне нагрузкі, бо мы ж не можам проста выключыць ТЭЦ і даць ёй на халастым хаду працаваць. Гэта не чайнік, каб зняць яго з пліты і потым зноў паставіць, калі спатрэбіцца. Раней гэта можна было рабіць, калі нагрузкі былі меншымі, а зараз спажыванне высокае і гэта пагражае наступствамі“.

 

 

Як будзе праходзіць Гадзіна Зямлі ў Гродне, “Твайму стылю” расказаў галоўны інжынер “Гроднаэнерга” Юрый Шмакаў. Насамрэч, адключэнні электрычнасці ніяк не паўплываюць на працу ТЭЦ і іншых электрастанцый.

 

У нас распрацаваны план мерапрыемстваў і ўсе нашы філіялы з ім азнаёмленыя, таксама былі ўказанні аб вымярэнні спажывання электраэнергіі. У гэтым годзе пастараемся ўпершыню зрабіць аналіз, ці дала акцыя які-небудзь эфект па ўсёй вобласці.


У акцыі мы ўдзельнічаем кожны год – выключаем падсветку рэкламных шчытоў і будынкаў. Што тычыцца буйных вытворчасцей, то яны не могуць паменшыць спажыванне энергіі. Раптоўнага адключэння не будзе, пасыл акцыі – адключыць непатрэбнае, а менавіта тое, што не паўплывае на жыццё чалавека і працу прадпрыемстваў“.

 

19 сакавіка з 20.30 да 21.30 Беларусь у восьмы раз далучыцца да найбуйнейшай экалагічнай акцыі Гадзіна Зямлі: у многіх гарадах пагасне падсветка будынкаў, пройдуць вулічныя акцыі для прыцягнення ўвагі да праблем змены клімату. Па падліках Мінэнерга ў 2015 годзе ў час акцыі ўдалося зэканоміць 101 тыс. кВт·ч энергіі.

 

 

У Гродне будзе выключаны экран на Савецкай плошчы, а таксама падсветка будынкаў. Гарадзенцы могуць далучыцца да акцыі на некалькіх мерапрыемствах.