Плата за працу – спаўненне мараў. Як дзяўчынка-падлетак дапамагае ў заапарку і на канюшні

|

Воран – адзін з падапечных Карыны. Птушка пазнае і разумее дзяўчынку, лёгка ідзе на кантакт


Карына расказвае, што ўжо некалькі гадоў ходзіць у заапарк дапамагаць даглядаць жывёл. Канечне, у вальеры да драпежнікаў яе не пускаюць, але з дробнымі грызунамі, якіх разводзяць у ветэрынарным корпусе, дзяўчынка добра ладзіць. Мышы, шчуры, марскія свінкі, лясныя і сцяпныя тхары, козы і воран – такую кампанію абслугоўвае Карына кожныя выходныя. “Я іх адчуваю і добра разумею, – кажа яна. – За ўвесь час, што тут працую, ніводная жывёлінка не ўкусіла”.

 

Хаця яе падапечныя і дробныя, працы па іх дагляду бывае шмат. Трэба вычысціць вальеры, памыць клеткі, памяняць апілкі і вывезці ўсё бруднае на сметнік. А пасля дапамагчы на кухні і разнесці усім сваім гадаванцам ежу.

 

Для кожнага звярка гатуюцца адмысловыя стравы: мышы ласуюцца прарошчаным зернем, а тхор любіць моркву і буракі

 

Работы шмат, але здаецца, што для Карыны гэта яшчэ і гульня. У яе на руках вельмі спакойна паводзіц ь сябе і лясны тхор, і белы шчур, а з цэлым вывадкам белых мышэй дзяўчынка спраўляецца проста віртуозна. “За жывёламі цікава назіраць, – расказвае Карына, – як яны рухаюцца, як паводзяць сябе”.

 

Тхор Рычы за абедам

 

Мышы і тхары, напрыклад, пачынаюць скакаць, калі прыходзіць час ежу і нехта ўваходзіць у памяшканне – так яны просяць, каб пакармілі. А шчуры больш ганаровыя, яны не просяць. У казы Белкі зараз вельмі змяніўся характар, бо яна цяжарная, тхор Рычы амаль заўсёды вясёлы, а мышы найлепш сябе адчуваюць, калі збіраюцца гуртом.

 

Мышы вельмі калектыўныя жывёлкі – гуртом і спяць, і ядуць

 

Улетку Карына дапамагае яшчэ і на “Бабуліным падвор’і” – месцы, дзе наведвальнікі могуць пабыць бліжэй да хатніх жывёл, пагладзіць ці пакарміць іх.

 

Калі мыюць чарапах, патрабуецца дапамога ў тэрарыуме, а марскіх свінак сонечнымі днямі трэба выносіць пасвіцца на вуліцу ў спецыяльныя загончыкі.

 

На старонцы Карыны ў ВКонтакте можна пабачыць яе здымкі з жыхарамі заапарка

 

Рэшту часу дзяўчынка праводзіць з супрацоўнікамі заапарка – ёй цікава тое, што яны робяць. Хочаца паглядзець і дапамагчы, хаця б у дробязях. Праз  супрацу і сама многае даведваецца. Так мінулым летам навучылася даіць казу. “Сама ў шоку”, – смяецца Карына, расказваючы, як нечанана атрымала экзатычныя для гарадскога падлетка навыкі.

 

Карына лічыць, што ў заапарку працуюць вельмі добрыя людзі. Таму і назіраць за іх працай цікава, і дапамагчы хочацца. “Шчыра, я нават не ведаю, хто мяне больш вабіць у заапарку – людзі ці жывёлы. Мне і адны і другія вельмі падабаюцца”, – прызнаецца яна.

 

Дырэктар заапарка Алег Жданкін і ветэрынарны фельчар Міраслава Валюк з новым гадаванцам заапарка лапундзерам Оскарам

 

Да дзяўчынкі тут ужо даўно ставяцца як да “свайго чалавека”: з увагай да дзіцячага захаплення жывёламі і з павагай да гатоўнасці працаваць. 

 

Самымі любімымі жывёламі Карына называе коней. У заапарку яна сябруе з поні Сімпацягам. Але па-сапраўднаму займацца конным спортам ездзіць на адну з прыватных канюшняў за горадам. Першы раз выпадкова патрапіла туды са старэйшай знаёмай і зачаравалася моцай і прыгажосцю коней. Пабачыла, што займаюцца тут і падлеткі, захацелася далучыцца да заняткаў.

 

На трэніроўках у манежы Карына асвойвае тонкасці рысі і галопу

 

Карыне так падабаецца бавіць час з коньмі, што яна прыязджае сюды нават у дні, калі не мае трэніровак – проста каб дапамагчы на канюшні. Праца тут па-свойму цікавая – патрабуе ўвагі да жывёлаў, дазваляе лепш пазнаць іх характары і звычкі, навучыцца адчуваць жаданні і будаваць стасункі.

 

Пры нагодзе Карына частуе коней яблыкамі і морквай

 

Гэта дапамагае пазней на трэніроўках, бо характары коней застаюцца аднолькавымі незалежна ад абставін. Адзін больш наравісты і патрабуе пільнай увагі, іншы вельмі чуйны і адзываецца нават на змены настрою наездніка.

 

З жывёламі, вялікімі і маленькімі, бывае прасцей паразумецца, чым з дзецьмі, разважае Карына. Для параўнання ўзгадвае досвед дапамогі ў выкананні хатніх заданняў дзяўчынцы-першакласніцы, дачцэ мамінай сяброўкі, ці дзяжурства па школе, калі немагчыма ўтаймаваць малодшых у час перапынку.

 

Каб коні лепш разумеў наезніка пад час треніроўкі, трэба траводіць з імі больш часу, упэўнена Карына

 

Што да планаў на будучыню, то Карына падзялілася марай звязаць і прафесійны лёс з жывёламі, каб праводзіць з імі не толькі выходныя, але і будні. “Хацела б працаваць ветэрынарам у заапарку, ці стаць трэнерам па конным спорце”.

 

Здымкі аўтаркі