50 мільёнаў чакаюць! Рэаліці-шоў “Горад” дае шанец зрабіць Гродна лепшым

|

 

Каб зрабіць свой горад лепшым, трэба да 25 сакавіка падаць заяўку на ўдзел у конкурсе. Аўтараў лепшых прапановаў па паляпшэнні беларускіх гарадоў запросяць на тыднёвы інтэнсіўны курс у Мінску, дзе яны пазнаёмяцца з экспертамі ў галіне рэалізацыі гарадскіх і культурных праектаў. Таму найперш, мяркуе Надзея, удзел у праекце гэта шанец пакінуць звыклую зону камфорту і пазнаёміцца з людзьмі з розных куткоў краіны, якія таксама хочуць рабіць свае гарады лепшымі. Гэта магчымасць знайсці новых сяброў і аднадумцаў, стварыць суполку для сумеснай працы, атрымаць шмат карыснай іфармацыі і, урэшце, зрабіць свет вакол сябе лепшым.

 

10 найбольш паспяховых аўтараў па выніках навучання выйдуць у фінал, а паміж трыма пераможцамі журы размяркуе 50 мільёнаў прызавога фонду на рэалізацыю праектаў.

 

“Трэція месцы” крэатыўнага горада

 

Зусім не цяжка адрамантаваць у двары арэлі ці пафарбаваць лавачку. “Калі гэта суседзям прапанаваць, то многія дапамогуць, бо насамрэч людзі любяць дапамагаць і рабіць дабро“. Знаёмства з людзьмі, што жывуць побач, упрыгожвае жыццё – і фізічную прастору, і эмацыйны стан удзельнікаў такіх мерапрыемстваў. Зараз, калі людзі камунікуюць больш у сацсетках, а суседзей па дому амаль ніхто не ведае, вельмі важна вярнуць сапраўдныя цёплыя зносіны, бо гэта істотны складнік шчаслівага жыцця, лічыць Надзея Ількевіч.

 

Яшчэ некалькі гадоў таму, са словаў Надзеі, вельмі моднай была ідэя “крэатыўнага горада”, дзе існуюць “трэція месцы” – не дом і не праца. У такіх гарадах ствараюць крэатыўныя прасторы, трымаюцца крэатыўных падыходаў да эканомікі і індустрыі ды новых формаў адукацыі.

 

 

 

Не крэатыўны, а калектыўны

 

Зараз усё большую папулярнасць набываюць ідэі горада “калектыўнага” – такога, што мог бы стаць камфортным асяродкам не толькі для творчых асоб, але і для ўсіх жыхароў. У калектыўным горадзе праблемы вырашаюцца не крэатыўна, а разам. Такі горад складаецца з супольнасцяў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, з прасторай, уплываюць на інфраструктуру, ствараюць культурныя коды, традыцыі і гісторыю.

 

Праект “Горад” гэта таксама хутчэй пра калектыўнасць, чым пра крэатыўнасць, кажа Надзея і запрашае гарадзенцаў скарыстацца шансам стаць удзельнікамі конкурса і рэаліці-шоў.

 

 

З дапамогай відэавыпускаў на TUT.BY гледачы будуць сачыць за ходам праекта ў інтэрнэт-рэаліці і пабачаць кожны крок барацьбы за фінансаванне і кожны этап рэалізацыі праекта. Па выніках праграмы будзе створаны фільм.

 

Падтрымаюць конкурс кафэ “Культура”, Мінская ўрбаністычная платформа, конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend, Лофт-праект “Бэлькі”, краўдфандзінгавая платформа Ulej, крэатыўнае агенцтва INQ.

  

На пытанні наконт страхаў ды апасенняў па рэалізацыі праекта,  Надзея усміхаецца і кажа, што калі робіш нешта ўпершыню, то не баішся, бо не ведаеш чаго можна баяцца і ці варта нечага апасацца ўвогуле. Гарадзенцаў яна заклікае скарыстацца шансам на незвычайную прыгоду і магчымасць змяніць свет вакол сябе.

 

Здымкі аўтаркі