У Гродне канцэртам узгадалі ахвяр Халакосту

Больш за 300 чалавек прыйшло паслухаць музыку ў выкананні Гарадзенскай капэлы. У падрыхтоўцы сцэнарыя ўдзельнічала музыказнаўца, даследчыца тэмы Халакосту ў музыцы Інэса Двужыльная, якая ў пачатку 2016 года прэзентавала ў Гродне вынікі сваёй шматгадовай працы – кнігу “Тэма Халакосту ў акадэмічнай музыцы”.

 

Наш канцэрт праходзіў у сінагозе – святым месцы. Менавіта сінагога стала апошнім прытулкам для многіх габрэяў. Тэма Халакосту для Беларусі з’яўляецца адной з вядучых. Яна некаторы час хавалася ў кантэксце Вялікай айчыннай вайны. Але цяпер пра гэта пішуць і кажуць. Мы памятаем, што на тэрыторыі нашай маленькай рэспублікі знаходзілася 167 гета“, – распавяла Інэса Двужыльная.

 

 

На канцэрце выконвалі творы Сяргея Пракоф’ева, Сэмюэла Барбера, Гідэона Кляйна, Гіла Алдэма, Аляксандра Крэйна, Джона Уільямса, Стывена Райха і іншых.

 

 

Міжнародны дзень вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў адзначаецца штогод 11 красавіка.

 

У сакавіку 1945 году на тэрыторыі самага буйнога канцэнтрацыйнага лагера Бухенвальд пачалося ўзброенае паўстанне, арганізаванае сіламі саміх вязняў. Калі ў канцлагер увайшлі амерыканскія войскі, паўстанцы ўжо кантралявалі яго. У значнай ступені дзякуючы гэтаму нацысты не паспелі схаваць доказы сваіх страшных злачынстваў і паказанні вязняў дайшлі да Нюрнбергскага трыбунала. 11 красавіка – дзень уваходжання амерыканскіх войск на тэрыторыю Бухенвальда – і быў прыняты ААН як Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

 

Усяго на тэрыторыях, падкантрольных гітлераўцам, змяшчалася ў канцлагерах, лагерах смерці і турмах 18 млн. З іх больш за 11 мільёнаў былі знішчаны. Сярод загінулых – 5 млн грамадзян СССР, а таксама 6 мільёнаў габрэяў з розных краін. Кожны пяты вязень быў дзіцём.