БЕДНЫЯ ДАКТАРЫ ЦІ БЯСПЛАТНАЯ МЕДЫЦЫНА?

Чаму так складаецца ў грамадстве – не ясна. Аб гэтым спрачаюцца ўсе, каму не лень. Але адна з прычын – тая, што і медыкі і настаўнікі атрымліваюць грошы з бюджэту…

Сёння, няхай прабачаць мяне настаўнікі, я паспрабую разабрацца ў некаторых пытаннях, якія існуюць ў медыцынскім асяроддзі. На першы погляд – дзіўна, але ў Гродна існуе… недахоп кадраў. Зараз у Гродзенскай вобласці працуе тры медыцынскіх адукацыйных установы: медыцынскае вучылішча ў Слоніме, каледж і медыцынскі ўніверсітэт у Гродна. Кошт адукацыі ў медуніверсітэце складае 4650000 рублёў (1-4 курсы). Як бачыце, сума не малая, не кожны малады чалавек можа сабе дазволіць такія грошы. А на выхадзе малады доктар будзе атрымоўвываць настолькі мізерную зарплату, што, не гледзячы на прыбаўку як маладому спецыялісту, становіцца крыўдна за такі высокі кошт адукацыі. Вядома, існуе і сумяшчальная праца (на 1,25; 1,5 стаўкі), аднак не кожны малады доктар можа вытрымаць такую нагрузку.

Іншы выхад – ісці працаваць у прыватную клініку. Там заробкі большыя за конт платнага абслугоўвання. Аднак, калі доктар на дзяржаўнай працы атрымоўвае пастаянны заробак, то ў «прыватнікаў» усё залежыць ад наплыву кліентаў, ды і «прарвацца» у прыватныя ўстановы не так лёгка. Амаль што ва ўсіх клініках патрабуюцца вопытныя дактары. Дзе яго – вопыт – узяць учарашнім студэнтам, невядома. «Можа праца ў медыцынскіх установах пад час вучобы дапамагла б», – гаворыць мая субяседніца (выпускніца медуніверсітэту). Як следства, маладыя дактары рассейваюцца ці працуюць не па спецыяльнасці. Зараз у Гродна і вобласці адчуваецца недахоп медыкаў. Каб закрыць гэтыя «дзіры» з будучага навучальнага года Гродзенскі Дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт павялічвае набор студэнтаў амаль што ў двое. І колькасць першакурснікаў будзе складаць 1100 чалавек.

Ёсць яшчэ адно, хутчэй рытарчнае, пытанне – «чысціня» рук медыцынскіх работнікаў. Ніхто не здзіўляецца, калі бачыць аднаго доктара на «Жыгулях» , а другога на «Мерсэдэсе», хаця яны адной і той жа кваліфікацыі, спецыяльнасці і належнасці да медыцынскай установы. Адразу відаць, хто «бярэ», а хто – не.

А прычынай нізкай аплаты працы з’яўляецца і не зусім верная «медыцынская палітыка» дзяржавы. Можа патрэбна было б «разбавіць» т.з. бясплатнае медабслугоўванне, як гэта зрабілі ў Расіі і даўным-даўно вырашылі ў развітых краінах, дзе чалавек павінен застрахаваць сваё здароўе, каб мець магчымасць лячыцца за конт страхоўкі, ці плаціць «па поўнаў» у выпадку адсутнасці страхавога полісу. Наколькі медыцына даступна і бясплатна, якую яна мае дыягнастычную базу і якасць аказвання медыцынскай дапамогі, можа судзіць кожны, хто апынуўся у якасці хворага. Людзі ж, якія давалі клятву Гіпакрата, абслугоўваюць нас, часцей за ўсё, пяшчотна.

Яраслаў ВАСІЛЕЎСКІ

Фота аўтара