“Ім далі ўсё, а яны не гуляюць”. Сяргею Саладоўнікаву прапанавалі “сысці як мужыку”

|

Яшчэ да гульні ў Гродне ў “Віцебска” справы з наборам ачкоў ішлі лепш. У першых двух турах паўночнікі зарабілі тры ачкі. А гарадзенцы пасля двух матчаў у сваім актыве мелі толькі адно ачко. Па чутках, матч з “Віцебскам” вырашаў далейшы лёс Сяргея Саладоўнікава за стырном гарадзенскай каманды. Таксама заўзятары чакалі ад жоўта-зялёных рэабілітацыі пасля паражэння ад “Крумкачоў”. Па чаканнях, матч павінен быў быць добрым.

 

Але “Нёман” у хатнім матчы не выправіўся і толькі пагоршыў сваё становішча.

 

У першым тайме каманды паказалі роўны футол, але адзін момант запомніўся больш за ўсё. На 21-й хвіліне пасля падачы штрафнога мяч адскочыў да Дурая, паўабаронца з першага касання прабіў у вугал варот і мяч паспеў перасекчы лінію. Але суддзя не зафіксаваў ўзяцце варот i  дэбют ва ўкраінца не атрымаўся. Гэта i быў самы небяспечны момант ля варот гасцей.

 

 

У другім тайме госці актыўнічалі ды маглі не раз трапіць у вароты Курганскага, да якога ў гэты вечар ніякіх прэтэнзій не магло быць. Галкіпер некалькі разоў выручаў сваю каманду.

 

Гарадзенцы ачухаліся толькі на 70-й хвіліне, у той момант, калі на поле выйшаў Бомбель. Але дзеянні наперадзе так і не прынеслі нiводнага небяспечнага ўдару ў створ галкіпера гасцей.

 

Матч і скончыўся з лікам 0:0.

 

Мэр горада і старшыня назіральнага савета каманды Мечыслаў Гой пасля матчу не стрымаў эмоцый:


“Мы камандзе далі ўсё. Абулі і апранулі. Няма запазычанасцяў ні перад кім, а яны так гуляюць. Калі ён мужык [аўт. – Сяргей Саладоўнікаў], то ён сам сыдзе”.

 

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў распавёў, што ў такіх момантах заўзятары як ніхто павінны разумець і падтрымліваць каманду.

 

 

Сёння гулялі дзве каманды, якія не хацелі саступаць. Столькі барацьбы, прагі перамагчы. Заўзятарам складана зразумець з трыбун напружанне, якое адчуваеш на полі. Такія матчы ў пачатку сезона – на тоненькага, на нейкую хатнюю ўдачу. Гол даў бы перавагу адной з каманд, і мы яго забілі. Гэта быў шанец, каб каманда разняволілася і гуляла менш напружана. Мы забілі, і сумна, што не залічылі чысты гол. У такіх матчах адзін гол вырашае ўсё“.