Аддаць мюслі, узяць мацу. Як працуе фудшэрынг у Гродне

Фудшэрынг – праект па выратаванні ежы ад утылізацыі, накіраваны на захаванне рэсурсаў планеты ды супраць звышспажывання.

 

Аддаваць можна любыя прадукты акрамя алкаголю. Напрыклад, пачатыя, але не скончаныя пачкі ці стравы ўласнага прыгатавання. Пад забарону трапляюць толькі сапсаваныя прадукты. Праўда, калі тэрмін прыдатнасці падыйшоў да канца, але прыкмет псавання няма, прадукт таксама можна аддаць.

 

Па правілах суполкі, аддаюць прадукты бясплатна, а жадаючы забірае іх самастойна. Стваральнікі падкрэсліваюць, што праект не дабрачынны, а экалагічны. Таму забраць прадукты можа кожны, незалежна ад сацыяльнага статусу і матэрыяльнага становішча.

 

Пакуль з’яўляецца некалькі абвестак у дзень. Часцей аддаюць кансервацыю, крупы і сухое малако. Ахвотныя забраць з’яўляюцца праз некалькі гадзін.

 

На мюслі і чай адгукнуліся пяць “пакупнікоў”

 

Я перыядычна спрабую харчавацца правільна і купляю мюслі на сняданак. Праўда, ужо на наступны дзень разумею, што не магу іх есці. Менавіта ад іх я і вырашыла пазбавіцца. Яшчэ аддавала індыйскую гарбату – не спадабалася мне гэтая экзотыка. Іх фота я змясціла ў групе.

 

 

На маю ежу хутка знайшлося пяць “пакупнікоў”. Па правілах падобных суполак, аддаю таму, хто быў першым. Ёю была Алена, рабочая з “Хімвалакно”. Яна прыехала, каб забраць ежу для сваёй дачкі. Тая сочыць за падобнымі суполкамі, захапляецца здаровым харчаваннем і рознымі гарбатамі. Значыць, ежа, якая не спатрэбілася мне, знайшла свой “рот”.

 

Алена таксама падтрымлівае ідэю стварэння такой суполкі:

 

– У саміх столькі разоў заставалася ежа, асабліва пасля свят, псавалася і ішла ў сметніцу. І кансервацыя, і садавіна, зеляніна замарожаная. А цяпер гэта можна камусьці аддаць.

 

 

Нягледзячы на нядоўгі час існавання, праз суполку прайшло шмат добрых гісторый.

 

– Можа, у каго ёсць жменька замарожанай гародніны? – пытае нехта. І хутка ўжо дзякуе: – Дзякуй вам, дарагія падпісчыкі, што так смачна накармілі мяне вячэрай. Прыгожая страва атрымалася. Памятайце, сваёй ежай вы можаце накарміць чалавека, а не сметніцу!

 

Пра ўражанні ад добрых спраў дзеляцца падпісчыцы, якія падзяліліся ежай:

 

– Я аддала пачак дзіцячай сумесі, бо яна нам больш не была патрэбна, – кажа Анастасія. – Выкідаць было шкада, бо ў Гродне мы яе не знайшлі, і прасілі знаёмага пашукаць гэтую сумесь у Ваўкавыску.

 

Такім чынам Анастасія дапамагла камусьці знайсці не самы распаўсюджаны прадукт. Адначасова яна скардзіцца на несумленных людзей, якія “браніруюць” сабе якую-небудзь ежу, але не забіраюць яе. Так можа атрымацца “ні сабе, ні людзям”.

 

Бываюць і дастаткова арыгінальныя прапановы. Гэтак, Алёна аддала мацу з праванскімі травамі:

 

– Так бы я яе выкінула. Рада, што камусьці яна прыйшлася па душы.

 

Першае фота: maidangbody.com