Гарадзенцы прачыталі п’есу аб правах жанчын “Сем”

|

Гродна стаў першым абласным горадам, дзе была пастаўлена п’еса. Раней тры паказы былі арганізаваны ў Мінску. Пастаноўка п’есы прайшла ў межах кампаніі супраць гвалту па гендарнай прыкмеце, арганізаванай Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі.

 

Шведскі праект “Сем” – гэта дакументальны тэатральны твор, у аснове якога інтэрв’ю сямі выдатных жанчын, дзякуючы ўпартасьці якіх свет мяняецца да лепшага. Сем гераінь, прадстаўніц розных культур, сталі прыкладам змагання за свабоду і роўнасць.

 

П’есу “Сем” ставілі ў 30 краінах свету, пераклалі на 24 мовы, уключаючы беларускую, яе ўбачылі больш за 25 000 чалавек, чыталі больш за 600 жанчын і мужчын у 150 пастаноўках.

 

Гарадзенскія чыноўнікі і людзі з інваліднасцю стануць акторамі ў п’есе “Сем”

 

Аўтар канцэпцыі – шведскі рэжысёр-сцэнарыст Хедда Краўс Сьегрен. П’еса наўмысна мінімалістычна і не патрабуе дэкарацый або касцюмаў, але чытальнікі заўсёды новыя. Ролі чытаюць не прафесійныя акцёры, а публічныя постаці: прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, палітыкі, спартсмены, музыканты, мастакі і вядомыя журналісты. Нягледзячы на ​​тое, што ў п’есе прадстаўлены выключна жаночыя маналогі, іх чытаюць як мужчыны, так і жанчыны.

 

У Гродне гісторыі гераінь, якія змагаліся за правы жанчын у розных краінах, прачыталі са сцэны начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, намесніца старшыні камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне аблвыканкама Таццяна Хiнская, галоўны ўрач абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтр Тамара Далгашэй і генеральны дырэктар “Гроднааблкінавідэапракат “Юрый Аляксей. У якасці акцёраў паспрабавалі сябе і першая алімпійская чэмпіёнка з Гродна Алена Цюненкова (Валчэцкая), інвалід-калясачнік з Ліды Аляксандр Аўдзевіч i і прадстаўнік “Беларускай асацыяцыі інвалідаў па зроку” Ірына Новікава. П’еса ў Беларусі ставілася пад кіраўніцтвам рэжысёра Івана Пінігіна.

 


На паказе п’есы ў Гродне прысутнічаў пасол Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг.


“Сем” – гэта п’еса аб правах жанчын і гэта вельмі важна для Швецыі. Мне вельмі прыемна, што мы можам гэты праект прэзентаваць і ў Беларусі. Важна, што паказ прайшоў не толькі ў Мінску, але ўжо і ў рэгіёнах. П’есу я чытаў ужо два разы, але ў Гродне я яе ўбачыў упершыню”, – сказаў пасол.

 

Варта адзначыць, што вынікі апытання Фонду ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусі, праведзенага ў 2014 годзе, паказваюць, што з хатнім гвалтам сутыкаюцца 77% апытаных мужчын і жанчын.

 

Хоць бы адзін раз псіхалагічны гвалт адчувалі 76,2% апытаных жанчын і 75,6% мужчын; фізічны – 31,6% жанчын і 24,8% мужчын; эканамічны – 36,5% жанчын і 27,9% мужчын; сэксуальны – 18,4% жанчын і 11,9% мужчын.

 

Больш за чвэрць пацярпелых нікуды не звяртаюцца, бо не хочуць выносіць сферу прыватную ў сферу публічную. Жанчыны не звяртаюцца па дапамогу, бо саромеюцца і баяцца страціць рэпутацыю (16,9%), спадзяюцца, што гэта не паўторыцца (15,9%), не хочуць нашкодзіць партнёру / мужу (13,8%), баяцца падвергнуцца большаму гвалту (8,5%).