“Не бойцеся дзяліцца ідэямі”. Стваральнік MSQRD Яўген Неўгень сустрэўся з гарадзенскімі студэнтамі

Сустрэча, якая прайшла ў нефармальнай абстаноўцы, сабрала каля 300 чалавек. Усе жадаючыя змаглі задаць Яўгену любыя пытанні. Спецыялiст распавёў пра некаторыя свае сакрэты, якія, на яго думку, дапамаглі яму і камандзе дамагчыся поспеху.

 

Стваральнік Masquerade Яўгень Неўгень у гарадзенскім ліцэі: “прагульваў заняткі”, але быў “малайцом”

 

Яўген са сваёй сям’ёй жыве ў Мінску. Гродна, дзе жывуць яго бацькі, ён наведвае рэдка, бо не мае шмат вольнага часу. Ва ўніверсітэце ён таксама даўно не быў, таму сустрэча з выкладчыкамі і студэнтамі ўжо даўно наспявала.

 

 

Адкрыла сустрэчу дэкан факультэта матэматыкі і інфарматыкі Алена Лівак, якая хваліла былога студэнта і не сумнявалася, што ў яго вялікая будучыня.


“Яўген пачаткова паступіў на матэматычны факультэт, але ўжо тады было ясна, што хлопца трэба пераводзіць. Самае дзіўнае, што прарэктар тады не хацеў таленавітага хлопца пераводзіць на праграміста. Выкладчыкам прыйшлося пасадзейнічаць і, ведаеце, мы ні кропелькі не шкадуем.


Жэня быў такім жа звычайным студэнтам, як і ўсе вы. Але паспяваў выканаць некалькі курсавых праектаў замест аднаго. Больш за тое, яшчэ ў часы студэнцтва ён актыўна рэалізоўваў праекты і дзяліўся сваімі поспехамі са мной. Я ведала, што гэта ўсё не дарма, і перад ім адкрыюцца новыя гарызонты”.

 

Падчас сустрэчы Яўген падрабязней распавёў пра свае пачынаннi ў IT-сферы. Свой першы стартап ён прадставіў у 14 гадоў, а затым стаў ствараць розныя вялікія праекты, сярод якіх SW Group і QR-коды. Менавіта Яўген першым у Гродне прымяніў QR-код на сцяне будынку. Гэтым будынкам быў купалаўскі ўніверсітэт.

 


“Многія баяцца дзяліцца ідэямі, я ж наадварот прапаную гэта рабіць. Для маладога спецыяліста гэта вельмі важна. Новыя знаёмствы і сустрэчы ўплываюць толькі станоўча. Таксама важна мець вышэйшую адукацыю і добра ведаць англійскую мову. Менавіта гэта ў будучыні дапамагае маладым спецыялістам”.

 

Яшчэ ў час вучобы Яўген пераехаў у Мінск, бо там было больш выхадаў на розных партнёраў. Спачатку хлопец працаваў за ідэю, разрываўся на два гарады і шмат часу праводзіў у цягнiках. Але з часам у яго з’явілася свая кампанія, сур’ёзныя кантракты і цікавыя ідэі.

 

У планах яго каманды – далейшае развіццё праграмы MSQRD, а таксама iншыя распрацоўкi, якія Яўген пакуль што пакінуў у сакрэце.

 

Больш за тры гадзіны купалаўцы не адпускалі Яўгена, які дзяліўся вопытам, распавядаў аб радасцях і няўдачах на шляху да поспеху. У канцы ён сказаў, што студэнты могуць спакойна звяртацца да яго па парады.

 

 

Нагадаем, у пачатку сакавіка 2016 года Facebook абвясціў аб набыцці кампаніі-распрацоўшчыка папулярнага прыкладання MSQRD, якая дазваляе накладваць маскі на відэа ў рэальным часе. Менавіта тады прозвішча гарадзенца стала вядомым не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

 

У бліжэйшым часе ўніверсітэт наведае яшчэ адзін яго вядомы выпускнік – Станіслаў Сабалеўскі, які цяпер працуе прафесарам у Нью-Ёркскім універсітэце.