Схаваныя пахаванні: дзе ў Гродне схараніць хамяка, ката ці сабаку

У горадзе хараніць забаронена


У гарадской вэтэрынарнай станцыі на вуліцы Карскага паведамілі, што тут займаюцца выключна жывымі – справа ветэрынарных лекараў лячыць, а не хараніць. У выпадку, калі выздараўленне немагчыма і гаспадары звяртаюцца з просьбай усыпіць пітомца, клініка заключыла дамову са “Спецаўтагаспадаркай” аб вывазе целаў жывёл. Дарэчы, такая дамова ёсць толькі ў гэтай установы. Астатнія ветэрынарныя клінікі аддаюць трупы хатніх жывёл “на рукі” гаспадарам.

 

 

“Пахаванне жывёл у межах горада забаронена. Для гэтага ёсць спецыяльна адведзеныя месцы. Ветэрынары кантралююць іх абсталяванне, парадак запаўнення і ахоўныя зоны вакол”, – расказаў намеснік галоўнага ветэрынара горада Дзмітрый Гайда (на фота).

 

Самастойныя пахаванні забароненыя, каб не даць магчымасці распаўсюджвацца інфекцыям – труп могуць раскапаць бадзялыя жывёлы і разнесці інфекцыю далей. Неглыбокія саматужныя магілкі можа размыць даждом і гэта таксама можа спрыяць распаўсюду ўзбуджальнікаў хваробаў праз глебу і ваду.

 

Апошні прыстанак на Выселках


У “Спецаўтагаспадарцы” расказалі, што спецыяльна прызначаным месцам для пахавання жывёлаў з’яўляецца пляцоўка з васьм’ю біятэрмічнымі ямамі на палігоне цвёрдых бытавых адходаў Рагачы-Выселкі. Гэта зусім не падобна да месца пахавання ў традыцыйным, “чалавечым” уяўленні. Біятэрмічная яма (ці яма Беккары) мае памеры тры на тры метры і глыбіню дзесяць метраў. Сценкі і дно ямы воданепранікальныя, а перакрыцці маюць дадатковае ўцяпленне. Калі па запаўненні трупамі ямы закрываюць, тэмпература ўнутры за 20 дзён падымаецца да 65-70 градусаў. Пры такіх умовах прыкладна за месяц адбываецца поўнае разлажэнне біялагічных тканак, а патагенныя мікробы гінуць ад высокай тэмпературы.

 

 

Вакол пляцоўкі з ямамі Бэккеры ўсталяваны двухмятровы шчыльны плот – пастароннім уваход сюды забаронены. Памерлых жывёлаў у гэта месца дастаўляе аўтамабіль “Спецаўтагаспадаркі”.

 

Кацярына Дэнгутэнка, ветэрынарны лекар службы па адлову, утрыманні і эўтаназіі бадзялых жывёлаў “Спецаўтагаспадаркі” расказала, што ў ямы Беккеры трапляюць у асноўным памерлыя бадзялыя жывёлы. Звычайна гэта тыя, што гінуць на дарогах пад коламі аўтатранспарта. За дзень брыгады могуць падабраць 5-6 збітых жывёлаў, пасля выходных бывае больш.

 

Што тычыцца памерлых хатніх гадаванцаў, то сабак ці котак могуць забіраць супрацоўнікі прадпрыемства, але пакуль гарадзенцы гэту магчымасць ігнаруюць. “За чатыры гады, што я тут працую, – кажа Кацярына, – не было ніводнага звароту па такую паслугу”. Не звяртаюцца ў “Спецаўтагаспадарку” і з нагоды смерці мышак ці хамякоў. Ніякіх прапановаў па іх бяспечным пахаванні на прадпрыемстве таксама няма.

 

Улік і аплата для жывых

 

Парадаў па пахаванні жывёлаў не ўдалося атрымаць і ў камунальнікаў. Людміла Пунько, інжынер аддзела эксплуатацыі жыллёвага фонда УЖРЭП Ленінскага раёна патлумачыла, што рэгістрацыі падлягаюць толькі каты і сабакі.

 

 

Іншыя жывёлы – хамякі, тушканчыкі, папугаі ды іншыя дробныя гадаванцы не рэгіструюцца ўвогуле. Дадатковая аплата за пражыванне жывёлы ў кватэры бярэцца толькі з уладальнікаў сабак. Калі ж сабака ці кот памірае, то зняцце з уліку мае на мэце толькі змены ў квартплаце. Адсочваць, як будзе пахавана жывёла, у абавязкі ЖЭС не ўваходзіць. Што да колькасці хатніх пітомцаў, то ў Ленінскім раёне зараз зарэгістравана 390 катоў і 1271 сабака. 

 

Крама толькі прадае


Візіт ў заалагічную краму пры заапарку, дзе прадаюцца дробныя жывёлкі, таксама не даў адказу на пытанне пра пахаванне. “Я працую ў краме пяты год, – распавяла прадавачка Люба Рудэнка, – але ў мяне ніколі не пыталіся, што рабіць, калі жывёлка памрэ”. Заакрама такіх паслуг дакладна не аказвае і ніякіх парадаў даць не можа.

 

Люба Рудэнка, прадавачка з заалагічнай крамы, расказала, што марскія свінкі жывуць 3-4 гады, мышы ці хамякі 2-3, трусы – 6-10. Парадаў па пахаванні купленых жывёлаў заакрама не дае

 

А продаж маленькіх сяброў  ідзе увесь час. Праўда, улетку трохі менш актыўна, бо дзеці раз’язджаюцца на канікулы. У сярэднім за месяц гаспадароў знаходзяць каля дзясятка малых жывёлак.

 

Такім чынам, пасля смерці хатніх пітомцаў іх гаспадары застаюцца з праблемай пахавання сам-насам і вырашаюць яе як хто прыдумае.

 

Іна К. расказала, што калі памерла купленая сыну мышка, яе проста закруцілі ў паперу і ўпотайкі выкінулі ў смеццяпровад. Наталля М. узгадала, што памерлую котку завезлі на вёску да бабулі і пахавалі пад яблыняй. Зміцер Н. прызнаўся, што памерлую марскую свінку закапаў недалёка ад агароджы закрытых могілак на ўскрайку горада.

 

 

З вялікімі жывёламі праблема выглядае яшчэ складаней. Напрыклад, зімой на гродзенскім форуме прасілі парады, як пахаваць сабаку. Вось некаторыя з адказаў:

 

 

Нам удалося знайсці месца, дзе самі жыхары горада арганізавалі несанкцыянаваныя могілкі хатніх жывёлаў. Пад ценем соснаў у адным з закуткоў лесу ў Пышках размясцілася група курганкоў з помнікамі, агароджамі, кветкамі і фотаздымкамі памерлых “братоў меншых”.

 


 

Магілак тут каля дзясятка. Дзе пахаваны астатнія хатнія жывёлы і дзе яшчэ будуць хаваць гадаванцаў гараджане, застаецца толькі здагадвацца.

 

Здымкі аўтаркі